Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЧЫНОЎНІКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО РАСЕЙСКІЯ ТЭЛЕКАНАЛЫ ФАРМУЮЦЬ У БЕЛАРУСАЎ НЭГАТЫЎНЫЯ СТЭРЭАТЫПЫ ПРА ІНШЫЯ НАРОДЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У міжнароднай канфэрэнцыі, арганізаванай “Цэнтрам па правах чалавека”, бралі ўдзел каля 70 праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячоў зь Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Расеі ды іншых краінаў. Арганізатар канфэрэнцыі адвакатка Вера Страмкоўская так патлумачыла мэты гэтага мерапрыемства:

(Страмкоўская: ) “Галоўная мэта гэтай канфэрэнцыі была — вызначыць сытуацыю з абаронай правоў нацыянальных меншасьцяў на тэрыторыі нашай дзяржавы. А таксама міжнародна-прававых фомаў абароны меншасьцяў у Беларусі й ва ўсім сьвеце. Сытуацыя ў сьвеце зараз напружаная, таму мы вырашылі паглядзець, у якім стане сытуацыя з правамі нацыянальных меншасьцяў у нас”.

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўвалі праблемы правоў нацыянальных меншасьцяў і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі няма сур’ёзнага супрацьстаяньня на нацыянальнай глебе. Аднак гэта не азначае, што праблемаў у галіне міжнацыянальных дачыненьняў наагул не існуе.

Так, былы судзьдзя Вярхоўнага суду Ўладзімер Крыгін зазначыў, што праваахоўчыя органы вельмі неахвотна займаюцца расьсьледаваньнем справаў, зьвязаных з вандалізмам на габрэйскіх могілках ці нападамі маладых нацыстаў на іншаземцаў з Азіі й Афрыкі. Выключэньнем было толькі нядаўняе асуджэньне віцебскім судом групы мясцовых скінгедаў, якія тэрарызавалі замежных студэнтаў.

Нечаканую заяву зрабіў у часе канфэрэнцыі начальнік аднаго з аддзелаў Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Юры Ўральскі. Паводле гэтага чыноўніка, расейскія СМІ распаўсюджваюць у Беларусі нэгатыўныя стэрэатыпы ў адносінах да пэўных этнічных групаў.

Спадар Уральскі лічыць, што расейскія тэлеканалы маюць настолькі вялікі ўплыў на беларускіх грамадзянаў, што тыя пачынаюць успрымаць сытуацыю ў Расеі як ва ўласнай краіне. Супрацоўнік дзяржкамітэту спаслаўся на вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, якія сьведчаць, што нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да чачэнцаў памацнела пасьля пачатку вайны ў гэтай рэспубліцы і яе дэманстрацыі па тэлеканалах суседняй краіны.

Удзельнікі канфэрэнцыі адзначалі, што беларускія ўлады парушаюць правы тытульнай нацыі. Многія беларусы пазбаўленыя магчымасьці атрымліваць сярэднюю й вышэйшую адукацыю на роднай мове, яна амаль не выкарыстоўваецца ў дзяржаўным справаводзтве і г.д. Вера Страмкоўская працягвае:

(Страмкоўская: ) “На жаль, беларуская мова сёньня, хаця яна й дзяржаўная, але чыноўнікі на месцах, ці тыя хто абавязаны выкарыстоўваць гэтую мову, напрыклад, у судах — яны не выконваюць патрабаваньняў закону. Яны не карыстаюцца беларускай мовай, і таму гэта было адзначана ў нашым выніковым дакумэнце. Чыноўнікі мусяць выконваць закон, калі хочуць быць больш прафэсійнымі, адукаванымі. Каб яны паводзілі сябе так, як гэтага вымагаюць законы й Канстытуцыя”.

У выніковым дакумэнце канфэрэнцыі яе ўдзельнікі запатрабавалі ад уладаў неадкладнага ўвядзеньня ў Беларусі пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, а таксама зьменаў у Выбарчым кодэксе, каб нацыянальныя меншасьці маглі мець сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце. У дакумэнце ёсьць таксама патрабаваньне, каб улады больш клапаціліся пра інтарэсы беларускай дыяспары ў замежжы.
XS
SM
MD
LG