Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВОЛЬНЕНЫ КІРАЎНІК ФОНДУ ДЗЯРЖМАЁМАСЬЦІ


Юры Сьвірко, Менск

Як піша сьвежы нумар штотыднёвіка “Белорусская газета”, урадавая крыніца паведаміла, што звальненьне дырэктара фонду дзяржмаёмасьці зьвязанае з продажам беларускага пакету акцыяў кампаніі “Слаўнафта”. Амаль 11 адсоткаў акцыяў гэтай расейска-беларускай кампаніі былі прададзеныя адзінаму ўдзельніку аўкцыёну — “Слаўнафтабанку”, які ёсьць даччынай фірмай “Слаўнафты”, — за 207 мільёнаў даляраў. Беларускія ўлады спадзяваліся атрымаць за гэты пакет на 40–100 мільёнаў даляраў больш.

Гэта нібыта й выклікала абурэньне Аляксандра Лукашэнкі, які, паводле “Белорусской газеты”, на наступны дзень пасьля звальненьня дырэктара фонду дзяржмаёмасьці пабачыў яго падчас сустрэчы з урадам і спытаўся: “А што ён тут робіць?” Паводле сьведкі, спадар Лукашэнка далей заявіў, што Беларусь згубіла падчас продажу “Слаўнафты” 47 мільёнаў даляраў.

Але Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч гэтае паведамленьне не пацьвярджае:

(Пяткевіч: ) “Я ня чула такой заявы прэзыдэнта на нарадзе. Заява прэзыдэнта, якую вы падалі, на нарадзе ня мела месца”.

Апытаныя “Белорусской газетой” экспэрты заяўляюць, што продаж быў праведзены правільна й што калі б ён адбыўся пазьней, пасьля продажу расейскага пакету з трох чвэрцяў акцыяў “Слаўнафты”, дык беларускія акцыі ўвогуле б ніхто не купіў. Аднак некаторыя іншыя адмыслоўцы мяркуюць, што прэтэнзіі да спадара Падгорнага могуць мець грунт.

Цікава, што ў дзень звальненьня спадара Падгорнага пытаньні разьдзяржаўленьня маёмасьці зь ягоным непасрэдным начальнікам — міністрам эканомікі й віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым — абмяркоўвала місія Міжнароднага валютнага фонду. Пасьля сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам 10 лютага кіраўнік місіі Томас Рычардсан заявіў:

(Рычардсан: ) “Мы думаем, што важна рухацца наперад з прыватызацыяй, але рабіць гэта такім шляхам, які зьяўляецца празрыстым, канкурэнтным і арыентаваным на атрыманьне як мага большых паступленьняў у бюджэт. Адна зь ідэяў, якія мы абмеркавалі, — гэта мажлівасьць стварэньня прыватызацыйнага фонду, дзе б акумуляваліся паступленьні ад прыватызацыі, якія потым выдаткоўваліся б зь цягам часу на важныя, доўгатэрміновыя сацыяльныя патрэбы”.

Томас Рычардсан дадаў, што такі прыватызацыйны фонд меў бы кантралявацца парлямэнтам, як і дзяржаўны бюджэт. Пакуль жа вядома, што падчас продажу беларускай часткі “Слаўнафты” канкурэнтаў адзіны пакупнік ня меў, а на што пойдуць атрыманыя за гэты пакет грошы — ніхто ня ведае.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, куды зьвяртаўся па тлумачэньні дырэктар фонду дзяржмаёмасьці, таксама ня ведае прычыну яго звальненьня. Афіцыйны прадстаўнік КГБ Аляксандар Базанаў кажа:

(Базанаў: ) “Буйныя інвэстыцыйныя праграмы суправаджаюцца дзейнасьцю КГБ. Я ня ведаю, ці мела гэта месца ў гэтым выпадку. Але мы да Падгорнага дачыненьня ня маем і рашэньні ўраду не камэнтуем”.

На думку іншых людзей, зь якімі я паразмаўляў, ніякага дачыненьня ён да “Слаўнафты” ня мае.

З гэтай заявай спадара Базанава з КГБ супадае вэрсія Аляксандра Трызонава, дарадцы віцэ-прэм’ера Кабякова:

(Трызонаў: ) “Ведаеце, яго звольнілі за неаднаразовыя парушэньні ў ягонай працы. Ведаю, што за “плённую працу” ў адваротным сэнсе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG