Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛЫЖНЫМ ЗАБЕГУ Ў РАЎБІЧАХ ПЕРАМОГ ЛУКАШЭНКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ад самай раніцы ў суботу Лагойская шаша ў кірунку Раўбічаў была запоўненая машынамі. Дзяржаўныя чыноўнікі, спартовыя калектывы розных прадпрыемстваў ды ўстановаў, і простыя грамадзяне ехалі ўдзельнічаць у “Менскай лыжні–2003”. Паўсюль па дарозе былі разьвешаныя транспаранты з заклікам браць удзел у гэтым “зімовым сьвяце”.

Нармальнаму руху транспарту пастаянна перашкаджалі картэжы чыноўнікаў. Так, напрыклад, міліцэйская машына суправаджэньня аднаго з такіх картэжаў ледзь не сьпіхнула ў кювэт аўто, якім я дабіраўся да Раўбічаў.

У самім спорткомплексе сабралася некалькі тысяч удзельнікаў гонкі й заўзятараў. Многія з гэтых людзей прыехалі ў Раўбічы ў прымусовым парадку. Некаторыя людзі, як напрыклад, гэтыя студэнткі, былі вельмі задаволеныя сьвятам:

(Студэнтка: ) “На маю думку, гэта вельмі добрае мерапрыемства, і лічу, вельмі слушна, што тут сабралася столькі людзей”.

(Яе сяброўка: ) “Мы падтрымліваем здаровы лад жыцьця”.

Але ня ўсе былі такімі аптымістамі. Гаворыць удзельнік лыжні, працаўнік аднаго зь менскіх заводаў Мікола Лавіцкі:

(Лавіцкі: ) “Гэта самая звычайная паказуха, мы прыехалі а 9-й гадзіне, а старт толькі а 14-й. Я зараз бадзяюся й ня ведаю што рабіць, а да ўсяго яшчэ й халодна. Прайшоў пяць колаў, бачыў, як праз 100 мэтраў стаяць вайскоўцы у маскіровачных халатах. На елкі нават залазяць. Дзіўна на ўсё гэта глядзець. Вось якія мае ўражаньні”.

Першы старт “Менскай лыжні–2003” пачынаўся аб 11-й гадзіне раніцы. Каля галоўнага будынку стадыёну ў лыжнай форме фірмы “Фішэр” (кошт якой больш за тысячу даляраў) стаялі прэм’ер Генадзь Навіцкі, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў, міністры спорту ды ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, шэф КГБ Леанід Ерын ды іншыя высокія чыноўнікі. Усе чакалі зьяўленьня лыжніка нумар 1.

Аляксандар Лукашэнка зьявіўся за 10 хвілінаў да старту, павітаўся з чыноўнікамі й агледзеў уласную экіпіроўку. Разам з Лукашэнкам і ягонай камандай беглі прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамствваў — усяго каля 100 чалавек.

Склад камандаў-супернікаў беларускі кіраўнік вызначаў асабіста. Даўжыня дыстанцыі складала каля 5 кілямэтраў. Аляксандар Лукашэнка ўвесь час ішоў у першай пяцёрцы. Іншыя чыноўнікі ці не маглі, ці не жадалі ствараць яму канкурэнцыі, нават тады, калі на трэцім коле Лукашэнка раптам паваліўся ў сьнег. Зрэшты, на лыжах многія з паплечнікаў беларускага кіраўніка трымаліся ня надта ўпэўнена.

У выніку, першым да фінішу прыйшоў Лукашэнка. Ён размахваў сьцягам і радаваўся як дзіця. На другім месцы апынулася каманда МУС, на трэцім Міністэрства спорту. Адзначылі таксама каманду кіраўніцы справамі прэзыдэнцкай адміністрацыі Галіны Жураўковай — за тое, што амаль усе супрацоўнікі гэтай установы ўдзельнічалі ў лыжні.

Вось як пракамэнтаваў тое, што адбывалася ў Раўбічах дэпутат Палаты прадстаўнікоў, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Каб нашы людзі займаліся спортам, сачылі за сваім здароўем — гэта важна. Але калі гэта робіцца толькі раз на год, гэта ніякіх вынікаў не дае. Арганізацыя правядзеньня гэтых спаборніцтваў вельмі дрэнная. Усё тут зроблена дзеля таго, каб прабег прэзыдэнт, а іншым каму як удасца. Вось цяпер пасьля ўзнагароджаньня прэзыдэнт зьедзе, і ўсе забудуць, што такая лыжня тут была”.

Удзельнікі лыжні й госьці змаглі пакінуць Раўбічы толькі пасьля таго, як картэж Лукашэнкі зьехаў з тэрыторыі спорткомплексу.
XS
SM
MD
LG