Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ НАФТАХІМІІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканамічная аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак і эканаміст Валер Дашкевіч

(Валер Карбалевіч: ) “Працэс прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі набірае хуткасьць і пераводзіцца ў практычную плашчыню. На мінулым тыдні ўрад Беларусі зрабіў здабыткам галоснасьці пляны і мэханізмы рэалізацыі гэтага праекту. 13 лютага выйшаў прэзыдэнцкі ўказ, які прадугледжвае прыватызацыю прадпрыемстваў нафтахіміі за грошы.

Такім чынам, пачынаецца самы буйны прыватызацыйны праект ня толькі за ўвесь час праўленьня Аляксандра Лукашэнкі, але і за ўвесь час існаваньня незалежнай Беларусі. І ад яго посьпеху альбо няўдачы залежыць вельмі шмат у эканамічным і палітычным жыцьці краіны.

Найперш зьвяртае на сябе ўвагу тая акалічнасьць, што прыватызацыя будзе адбывацца за грошы. З пункту гледжаньня эканамічнай эфэктыўнасьці гэта самы аптымальны шлях. Але вядома, што Лукашэнка ўвесь час апэлюе да такіх каштоўнасьцяў як справядлівасьць, роўнасьць, сацыяльны кірунак дзяржаўнай палітыкі.

І гэтым дэкляраваным каштоўнасьцям найбольш адпавядаў бы такі варыянт прыватызацыі, які прадугледжваў бы падзел акцыяў прадпрыемстваў нафтахіміі сярод усіх грамадзян, альбо хоць сярод працаўнікоў прыватызаваных прадпрыемстваў. Гэта можна было зрабіць альбо праз прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”, альбо нейкім іншым шляхам. Тым ня менш, калі паўстала практычнае пытаньне прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, Лукашэнка забыўся пра сваю сацыялістычную рыторыку і пайшоў найбольш эканамічна рацыянальным капіталістычным шляхам. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?”

(Тацяна Манёнак: ) “Найперш можна канстатаваць, што нарэшце прыватызацыя прадпрыемстваў нафтахіміі пераходзіць у практычную плашчыню. Але мне здаецца, што для завяршэньня гэтага працэсу спатрэбіцца яшчэ шмат часу, шмат перамоваў з зацікаўленымі бакамі, прычым ня толькі эканамічных, але і палітычных.

Да гэтага часу ўсе беларускія прадпрыемствы прыватызаваліся адначасова за чэкі “Маёмасьць” і за грошы. Прыкладна 50% акцыяў дазвалялася выкупаць калектывам прадпрыемстваў. Але зараз на чэкавай прыватызацыі пастаўлены крыж. Я мяркую, што і надалей усе больш-менш знакавыя прадпрыемствы краіны будуць прыватызавацца толькі за грошы.

Чаго баіцца Лукашэнка, адмаўляючы прыватызацыю за прыватызацыйныя чэкі? Зараз існуе забарона на свабодны рух прыватызацыйных чэкаў. А ва ўрадзе рыхтуецца рашэньне аб зьняцьці гэтай забароны, каб дазволіць свабодны рух каштоўных папераў. І, магчыма, кіраўніцтва дзяржавы баіцца, што прадпрымальнікі скупяць гэтыя чэкі і стануць уласьнікамі буйных прадпрыемстваў.

Згодна рашэньням кіраўніцтва краіны, калектывам прадпрыемстваў дазваляецца выкупіць вельмі невялікую колькасьць акцыяў прыватызаваных прадпрыемстваў: прыкладна каля 1%”.

(Валер Дашкевіч: ) “Прыватызацыя за чэкі “Маёмасьць” мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі прыватызацыя праводзіцца вельмі хутка. І мэта гэтай мадэлі прыватызацыі — зрабіць як можна большую колькасьць людзей уласьнікамі і, тым самым, паскорыць пераход да нармальнага рынку.

А тая мадэль прыватызацыі з прыватызацыйнымі чэкамі, якая была прынятая ў Беларусі, гэтага не дазваляла. Сама працэдура выдачы чэкаў, іх уклад у якіясьці акцыянэрныя грамадзтвы ці ў чэкавыя фонды была вельмі замаруджаная. Таму сама мадэль была ня вельмі распрацаваная, ня зручная. Яна зараз пацярпела крах. Я лічу, што гэта і нядрэнна.

Прыватызацыя за грошы, якую аб’явілі зараз, мае больш сэнсу. Уласьнік, які купіць акцыі прадпрыемстваў нафтахімі, будзе дакладна ведаць, куды ён уклаў свае грошы. Таму яго цікавасьць да гэтых прадпрыемстваў будзе значна вышэйшая”.

(Манёнак: ) “Я б хацела зазначыць, што дзяржава мяняе правілы гульні якраз тады, калі пачынае прыватызацыю буйных, прыбытковых прадпрыемстваў. Многія нашы грамадзяне не выкарыстоўвалі сваіх чэкаў, чакалі менавіта прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў. А зараз засталіся ні з чым”.

(Карбалевіч: ) “Кіраўніцтва краіны падыходзіць да прыватызацыі вельмі асьцярожна. Згодна плянаў беларускіх уладаў, кантрольны пакет акцыяў прадпрыемстваў нафтахіміі застаецца ў дзяржавы. На продаж выстаўлены толькі 43% акцыяў прадпрыемстваў. Стратэгія ўладаў зразумелая. Яны хочуць атрымаць і грошы і інвэстыцыі, і адначасова захаваць кантроль над найважнейшай галіной эканомікі. Але наколькі гэта рэальна? Наколькі пытаньне аб кантрольным пакеце зьяўляецца прынцыповым чыньнікам для замежнага капіталу, для інвэстараў? Ці ня стане ён непераадольнай перашкодай на шляху прыватызацыі?”

(Манёнак: ) “Я ўжо размаўляла з патэнцыйнымі інвэстарамі, перш за ўсё, расейскімі. У іх вельмі вялікая цікавасьць да прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі. Напрыклад, даволі багатая кампанія “Сургутнафтагаз” яшчэ зь мінулага году цікавіцца наваполацкім “Нафтанам”. Але яна выстаўляе дзьве ўмовы. Па-першае, прадавацца павінен кантрольны пакет акцыяў. Па-другое, ацэнка акцыяў прадпрыемства павінна быць рынкавая.

А беларускі бок прапануе іншыя ўмовы. На інвэстыцыйны конкурс выстаўляецца крыху больш за 43% акцыяў. Прычым яны будуць прадавацца невялікімі пакетамі: тры разы па 10% у гэтым годзе і апошні пакет — 13%. Гэтыя ўмовы не задавальняюць інвэстараў. Намесьнік дырэктара “Сургутнафтагазу” адназначна сказаў, што ўмовы непрымальныя, кампанія — не партфельны інвэстар, а стратэгічны інвэстар, яе цікавіць кантрольны пакет адразу.

Але сярод расейскіх бізнэсоўцаў існуе думка, штэ гэта пробны шар беларускага кіраўніцтва, умовы будуць перагледжвацца, і ў ходзе гандлю будзе знойдзены кампрамісны падыход.

Акрамя таго, расейскія кампаніі ня будуць сьпяшацца купляць акцыі. Разьлік на тое, што з часам сытуацыя ў беларускай эканоміцы пагаршаецца, і цана прадпрыемстваў будзе зьніжацца.

Вядома, што Лукашэнка публічна заявіў, што папярэдняя цана зьніжацца ня будзе. І калі ня будзе жадаючых купіць прыватызаваныя прадпрыемстваў, то і ня трэба. Няхай усё застаецца як ёсьць”.

(Дашкевіч: ) “Я лічу, што патрабаваньне захваць кантрольны пакет акцыяў у руках у дзяржавы — гэта грубая памылка. Яна можа нэгатыўна адбіцца на выніковасьці прыватызацыі зь дзьвюх бакоў. З аднаго боку, гэтая ўмова зьмяншае цікавасьць патэнцыйных інвэстараў (як расейскіх, так і заходніх) да гэтых прадпрыемстваў. Не становячыся ўласьнікам, замежная кампанія ня мае пэрспэктывы ў сваіх плянавых інвэстыцыях у гэтае прадпрыемства. Ёй цяжка плянаваць сваю дзейнасьць, ня маючы кантрольнага пакету.

Зь іншага боку, гэтая ўмова аб’ектыўна паніжае цану любога пакету акцыяў.

Рана ці позна прадаваць кантрольныя пакеты акцыяў прыйдзецца. Урэшце дзяржава не пакіне яго ў сябе. Магчыма, гэта будзе ўжо і пасьля сыходу Лукашэнкі ад улады. Дзяржаве нават ня вельмі выгадна мець кантрольны пакет акцыяў такіх прадпрыемстваў”.

(Карбалевіч: ) “У чым сэнс ідэі прадаваць акцыі па частках невялікімі пакетамі? У чым тут выйгрыш уладаў? Як да гэтага могуць паставіцца патэнцыйныя інвэстары?”

(Манёнак: ) “Улада баіцца адразу прадаваць кантрольны пакет. Кажуць, што трэба паглядзець, ці будзе інвэстар выконваць свае ўмовы. Трэба адзначыць, што купля пакету акцыяў яшчэ не азначае, што ён пераходзіць да інвэстара. Апошні павінен выканаць яшчэ шэраг умоваў, якія выстаўляюцца уладамі. Напрыклад, інвэстыцыйныя ўмовы. Акрамя куплі акцыяў, інвэстар павінен укласьці грошы ў прадпрыемства. Усе гэтыя ўмовы пакуль яшчэ невядомыя. Канцэрн “Белнафтахім” іх яшчэ распрацоўвае.

Трэба адзнаць, што не было рынкавай ацэнкі акцыяў. Была толькі экспэртная ацэнка. А расейскія кампаніі патрабуюць, каб гэтая ацэнка была праведзеная згодна зь міжнароднымі стандартамі”.

(Дашкевіч: ) “Я бы падтрымаў гэтую ідэю продажу акцыяў па частках, калі бы прадаваўся кантрольны пакет. Прадаваць па частках ёсьць сэнс таму, што гэта дазоліць пры продажы першага пакету вызначыць рынкавы кошт акцыяў гэтага прадпрыемства. Таму што ні балянсавая ацэнка, ні адзін замежны аўдытар ня зможа дакладна вызначыць сапраўдны кошт гэтых акцыяў. А вось канкурэнтныя таргі на аўкцыёне ці з дапамогай тэндэру пры продажы першага пакету ў 10% акцыяў дазволілі б вызначыць стартавую цану.

І на гэтай падставе можна было б прыкладна вызначыць агульную цану прадпрыемства. І калі б нехта з удзельнікаў прайграў пры продажы першага пакету, ён мог бы лепш падрыхтавацца і выйграць конкурс пры продажы другога, трэцяга пакету і гэтак далей. Інакш кажучы, магла бы быць сапраўдная канкурэнтная барацьба на аўкцыёнах. Але, яшчэ раз падкрэсьліваю, калі б не было абмежаваньня па кантрольным пакеце. А калі ж дзяржава захоўвае кантрольны пакет у сваіх руках, сэнс у продажы па частках губляецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пэрспэктывы прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі вельмі няпэўныя. Чакаць вялікага конкурсу сярод патэнцыйных інвэстараў не даводзіцца, таму што беларускія ўлады прапанавалі ня вельмі спрыяльныя ўмовы для замежнага капіталу.

Спадар Дашкевіч зазначыў, што беларускія ўлады робяць памылку, выстаўляючы такія жорсткія ўмовы. Але гэта можна лічыць памылкай, калі глядзець з пункту гледжаньня эканамічнай мэтазгоднасьці. Але я лічу, што тут улады кіруюцца менавіта палітычнай мэтазгоднасьцю. А ў гэтым выпадку патрэбная зусім іншая шкала ацэнак.

Праблема ў тым, што беларускае кіраўніцтва ніяк ня можа вызначыцца ў пытаньні: прыватызацыя дзеля чаго? Для пераходу да нармальнай рынкавай эканомікі? Ці для тэрміновага папаўненьня бюджэту? Ці гэтая нейкая падпорка для ўмацаваньня той мадэлі “рынкавага сацыялізму”, якая пабудаваная ў Беларусі. Мне падаецца, што апошняя задача — найбольш важная для беларускага кіраўніцтва”.
XS
SM
MD
LG