Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМЫ РЭФАРМАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Напачатку дамо слова жыхару Воршы Мікалаю Каранчуку:

(Каранчук: ) “Раней армія была як квіток на прыняцьце ў своеасаблівы мужчынскі клюб — хто не служыў, той або хворы, або задужа хітры. Калі я ішоў у армію, то пра здароўе клапаціўся, хацеў у ракетныя войскі. Якраз быў Аршанскі ракетна-зэнітны полк, у 15 кілямэтрах ад кітайскай мяжы, побач з Даманскім. Танкі, самалёты, ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі — сіла! Дысцыпліна, арганізацыя, баявая вучоба кожны дзень... А зараз іншае, хоць “дасягненьні” ёсьць: зьбілі ж паветраны шар пад Берасьцем! Гордасьць арміі цяпер — войскі спэцпрызначэньня, галавой цэглу ламаюць, нагамі рэбры...

Мой сын зараз пайшоў у армію. Я не хацеў, каб ён марнаваў тыя паўтара году, нават зьбіраўся задзейнічаць знаёмых з ваенкамату, мэдкамісіі... Але ён упёрся рогам: “Пайду!” Ну, хочаш, дык ідзі.

Пра сучасную армію няма сэнсу клапаціцца. Ну няма сэнсу! З кім Беларусі ваяваць? Можа ёй, як Ватыкану, толькі “пацешныя” палкі да памежныя войскі й патрэбныя. Армія павінна быць прафэсійнай, а не такой, як у нас”.

Спадар Каранчук даволі выразна перадаў стаўленьне шмат якіх людзей да армейскіх праблемаў: маўляў, вось учора было пра што казаць, а зараз няма сэнсу дзіды ламаць: яшчэ дзесяцігодзьдзе таму Беларуская ваенная акруга налічвала чвэрць мільёну чалавек, мела на ўзбраеньні танкаў удвая больш за Вялікабрытанію, па самалётах пераганяла Нямеччыну, па цяжкіх гарматах Францыю…

Канцэнтрацыя войскаў у рэспубліцы лічылася самай высокай на кантынэнце: адзін вайсковец на 43 цывільных, што, адпаведна, удвая і ўтрая вышэй, чым ва Ўкраіне і ў Казахстане. Але з 1992-га па 1995 гады Беларусь згодна зь міжнароднымі дамоўленасьцямі мусіла значна скарачаць асабовы склад, арсэнал узбраеньняў і тэхнікі.

Нармальна арганізаваць той працэс не ўдалося, у выніку армія сутыкнулася зь вельмі сур’ёзнымі праблемамі, якія балюча адгукаюцца ёй і сёньня. У 1995-м, напрыклад, паўсотні людзей у пагонах сышлі з жыцьця праз самагубства. Вельмі часта — з прычыны пазастатутных адносінаў, “дзедаўшчыны”. Калі сем гадоў таму так недарэчна загінуў старэйшы сын, дык хіба ж зараз бацька зь лёгкім сэрцам адправіць служыць малодшага, хоць сытуацыя шмат у чым выправілася? Гаворыць палкоўнік запасу Барыс Брук зь Берасьцейшчыны:

(Брук: ) “Бацькі пужаюцца ўзаемаадносінаў у казармах — “дзедаўшчыны” і так далей. “Дзедаўшчына” ня мае нацыянальнасьці. Гэта, на жаль, пакуль невыкараняльна”.

Яшчэ адну істотную прычыну непапулярнасьці арміі называе былы маёр-дэсантнік з Баравухі спадар Зінур. Яна — у неразуменьні людзьмі задачы цяперашніх узброеных сілаў Беларусі:

(Зінур: ) “Перад самым звальненьнем мы адпрацоўвалі на камандна-штабных вучэньнях такія пытаньні як барацьба з бандфармаваньнямі на сваёй тэрыторыі. На двух машынах, чалавек сорак з аўтаматычнай зброяй — мы іх павінныя былі “зьнішчыць”. Афіцэры міжволі задаваліся пытаньнем: хто гэта такія? Відаць, той самы народ, зь якога мы самі выйшлі. Таму ў сёньняшніх умовах ні ў якую армію я б ужо не пайшоў”.

Былыя калегі па Варшаўскай дамове разышліся ў поглядах на далейшае разьвіцьцё Ўзброеных Сілаў. Краіны Цэнтральнай Эўропы рэфармуюцца, зыходзячы з канцэпцыі НАТО. Ужо сёньня яны здолелі сур’ёзна абнавіць сыстэму ўзбраеньняў, дзякуючы арыентацыі на стварэньне прафэсійнага войска там здолелі пазьбегнуць рэцыдываў той жа “дзедаўшчыны”.

Больш нэрвова ідзе аналягічны працэс у Прыбалтыцы. Асаблівую вастрыню, у прыватнасьці, выклікала масавае скарачэньне афіцэраў некарэннай нацыянальнасьці. А вось у Расеі і ва Ўкраіне нэгатыўныя працэсы тых жа пазастатутных адносінаў разьвіліся яшчэ больш, чым у беларускай арміі. Міжнародны вопыт сьведчыць, што гэтая зьява хутчэй за ўсё выкараняецца ў прафэсійных арміях, сярод кантрактнікаў. У нядаўна прэзэнтаванай ваеннай канцэпцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі менавіта на такую пэрспэктыву узброеных сілаў Беларусі і робіцца акцэнт.

Мэханічнае зьмяншэньне былой “мускульнай” асновы Савецкай Арміі замест стаўкі на новыя, інтэлектуальныя сыстэмы ўзбраеньняў, інфармацыйнага забесьпячэньня, электроннай выведкі, на індывідуальны прафэсіяналізм таксама не дадало аўтарытэту новым узброеным сілам Беларусі... Што й казаць, калі два-тры гады таму міліцэйскі сяржант атрымліваў больш за армейскага палкоўніка! Пры такім стаўленьні да сябе найлепшыя афіцэры пачалі звальняцца. І шмат з тых, хто некалі марыў пра службу, аддалі перавагу не ваенным, а цывільным прафэсіям. Вось што думаюць студэнты з Наваполацку:

(Студэнт: ) “У нашай арміі я не хачу служыць. Ня думаю, што мяне там нечаму навучаць. Буду падмятаць лісьце на пляцы, капаць генэралам бульбу... Карацей, згублю год жыцьця”.

(Другі студэнт: ) “Тое, што ёсьць зараз, гэта ня армія. Тое, што я бачыў і ведаю пра яе — гэта страшна. Інтэлектуальны ўзровень апускаецца да ўзроўню 9-й клясы”.

(Трэці студэнт: ) “Я хацеў бы, магчыма, служыць у прафэсійнай арміі. Але там, дзе дэсантнік за службу толькі тройчы скача з парашутам, гэта ня армія”.

Становішча патрабавалася выпраўляць, і ў 2001-м аб’явілі пра новую рэформу арміі, разьлічаную да 2005 году. Вось фрагмэнт нашай гутаркі з экс-міністрам абароны Беларусі генэрал-палкоўнікам Паўлам Казлоўскім:

(Карэспандэнт: ) “Павал Паўлавіч, ёсьць меркаваньне: беларуская армія сёньня — гэта быццам бы толькі база захаваньня састарэлай тэхнікі й узбраеньняў. Каб быць на ўзроўні часу, патрэбная іх сур’ёзная мадэрнізацыя. Вашае стаўленьне да сёньняшняй вайсковай рэформы: яна сапраўды адбываецца, сапраўды ідзе сур’ёзнае пераўзбраеньне, або ўсё зводзіцца да чарговай папяровай мітусьні, арганізацыйнага ператрусу?”

(Казлоўскі: ) “Тое, што вы сказалі апошнім, гэта справядліва. Сёньня ствараюцца вялікія структуры кіраваньня: заміж галоўнага штабу генэральны штаб, галоўнае камандаваньне Сухапутных войскаў, камандаваньне на паўночным накірунку, паўночна-заходнім — усе гэтыя структуры для маленькай беларускай дзяржавы неапраўданыя. Таму больш ідзе мэханічнае скарачэньне.

Што да таго — склад гэта або ня склад ваеннай тэхнікі, то сёньня няма сродкаў на тое, каб па-сапраўднаму ішла ваенная рэформа, а бяз гэтага праводзіць рэформу проста несур’ёзна. Таму пра ніякае пераўзбраеньне ня можа быць і размовы”.

“Дзяржаўная праграма ўзбраеньняў”, распрацаваная для Савету Міністраў, прадугледжвае масіраванае абнаўленьне арміі новай тэхнікай не раней за 2006 год. Беларусь адзін да аднаго скапіявала расейскі досьвед. А датуль грошы пойдуць на рамонт і мадэрнізацыю наяўнага арсэналу, каб давесьці ягоныя характарыстыкі да ўзроўню больш сучасных распрацовак. Там-сям рэактыўныя сыстэмы залпавага агню “Град” пачалі мяняць на ўдвая больш эфэктыўныя “Белграды”, традыцыйныя БМП і БТРы на мадэрнізаваныя баявыя машыны “Кобра”.

Маштабнасьць бачная з наступнага: за мінулы год для войска плянавалася купіць толькі 30 “Кобраў”. Колькі ж купілі — невядома, хоць каштуюць яны ўсяго па 130 тысяч даляраў, што няшмат для вайсковай тэнікі.. А ўчорашняя зброя мала ў каго выклікае сапраўды пачцівыя адносіны... Расказвае настаўнік з Баранавічаў Дзьмітры Анчак, які дэмабілізаваўся мінулым сьнежнем:

(Анчак: ) “Я служыў у войсках супрацьпаветранай абароны Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе. На мой погляд, сёньняшняя армія ня зможа супрацьстаяць нападу нейкіх зьнешніх ворагаў. Уяўляеце, за цэлы год я адстраляў недзе каля 30 патронаў. І ўсё. Матэрыяльнае і тэхнічнае забесьпячэньне жадае, вядома, лепшага ўзроўню. Вялікі недахоп, на маю думку, гэта сувязь — немагчыма злучыцца з другой вайсковай часткай, што знаходзіцца ў тым жа населеным пункце”.

А зараз гаворыць лётчык, капітан Мікалай М.:

(Капітан М.: ) “Сабекошт адной гадзіны палёту МіГа-29 складае каля 4000 даляраў. Калі галоўнакамандуючы Ўзброенымі Сіламі наведаў бярозаўскую авіябазу, яго напрамілы Бог ад імя ўсіх ВПС прасілі палепшыць забесьпячэньне палівам, бо авіяцыя амаль не падымалася ў неба. Ну што значыць для пілёта такой складанай машыны 10–15 гадзін налёту за год, як было пазалетась у баранавіцкай авіябазе?

За савецкім часам мы мелі мінімум удзесяцёра болей! Невыпадкова норма сёньняшняга натаўскага пілёта 180 гадзінаў. Калі нешта — цьфу, цьфу, цьфу — здарыцца, уяўляеце, які гэта будзе бой? Што — хочуць, каб пры такіх трэніроўках ён праходзіў на роўных? Цудаў на вайне мала... Дарэчы, па загадзе Лукашэнкі паліва для самалётаў паболела, а налёты амаль тыя ж, бо забыліся пра адпаведнае павелічэньне падвозу саляры й бэнзыну для аэрадромнай спэцтэхнікі...”

Тэма матэрыяльнага забесьпячэньня войскаў — гэта асобная гутарка. Напрыклад, ваенчастка №5525, што на Гомельшчыне, узяла ў арэнду 8,5 кілямэтраў ракі Сож. Браканьераў адтуль нібы ветрам зьдзьмула, бо ўзброеная ахова. А самыя зацятыя аматары лоўлі з навакольля наняліся ў часьць рыбакамі. Камандзір палка Аляксандар Стэльмашок задаволены, бо фінансаваньне апошнім часам нерэгулярнае.

Першы вопыт спадабаўся, і далей часьць узяла пад ахову водную прастору петрыкаўскага рыбгасу “Трэмля”, за што неўзабаве атрымала амаль 5 тонаў карпа. А яшчэ тут маюць сваю сьвінафэрму на 30 галоваў і займаюцца вырошчваньнем гародніны. І як бяз гэтага выжыць, калі ў месяц на харчаваньне аднаго салдата выдаткоўваецца ўсяго 58 тысяч рублёў. Дбаючы пра дабрабыт, хацелі вясною ўзяць у калгасе сотню бычкоў, каб пасьвіць іх на прырэчных лугах да восені, але перадумалі. Гаворыць палкоўнік Аляксандар Стэльмашок:

(Стэльмашок: ) “Я вам па сакрэце магу сказаць: мы возьмем гусей 200. Утрымаем на лугах і рэчцы. Гусянят малых вясною купім за свой кошт, за пазабюджэтныя грошы. Нам аднаго бычка хопіць здаць, каб узяць 200 гусянят”.

Зразумець камандзіра часьці спадара Стэльмашка можна. Аднак гэты ж прыклад дазваляе ў прыватнасьці зразумець і тое, чаму зусім ня ўсе маладыя людзі гараць жаданьнем ісьці ў армію ды пасьвіць там гусей.

Тыя, хто імкнуцца разьмінуцца са службай, дзеляцца на дзьве катэгорыі: першыя ўвогуле пазьбягаюць яе, а другія ўцякаюць ужо з казармы. Апошніх чакае даволі сур’ёзнае пакараньне — ад двух да сямі гадоў турмы. Часьцей становяцца дэзэртырамі, калі не вытрымліваюць зьдзекаў у казарме, воўчых пазастатутных адносінаў. Далей шкалярскія “тлумачэньні”: цяжка, захацелася пабачыць дом, ня мог стрываць здрады каханай…

Для тых, хто парушыў прысягу з-за мінутнай слабасьці, юнацкай нявопытнасьці, часовага маладушша, Беларуская ваенная пракуратура ў 1999 годзе правяла незвычайна гуманную для сябе акцыю пад дэвізам “Вяртаньне да сумленнага жыцьця”. Праз тэлебачаньне, радыё, прэсу салдатам-беглякам паабяцалі амністыю, калі яны вернуцца з павіннай у вызначаны тэрмін. З 13 уцекачоў, якія адгукнуліся, асуджаны быў толькі адзін — на волі ён пасьпеў зьдзейсьніць крымінальнае злачынства.

Сёньня афіцэры аддзелаў даведваньня й вышуку пры ваенных камэндатурах ловяць 45 дэзэртыраў, большая частка якіх злосна парушыла прысягу гадоў 10 таму. Летась уцяклі й пакуль хаваюцца 9 салдатаў. Куды болей, аднак, тых, хто хоча пазьбегнуць службы дзякуючы хабару, сымуляцыі цяжкіх захворваньняў, іншых хітрыкаў.

22-гадовы бармэн Павал Манькоўскі апошнія два гады хаваўся ад гарадзенскай прызыўной камісіі. Як гэта ўдалося яму?

(Манькоўскі: ) “Калі ты сапраўды ня хочаш ісьці ў войска, ты знойдзеш усе магчымыя й немагчымыя сродкі, каб туды ня трапіць. Я ведаю, што людзі, якія мелі праблемы з сэрцам, перад паходам на кардыяграму выпівалі, напрыклад, літар кавы, рабілі па некалькі пад’ёмаў па лесьвічнай клетцы. У цябе “матор” б’ецца хутка, і ты прыходзіш, і табе дактары кажуць: “А што ж, хлопчык, а як ты яшчэ жывы?!” Можна зрабіць сымуляцыю на суіцыд”.

Днямі Павал Манькоўскі здолеў атрымаць камісаваньне па стане здароўя. За два гады ён навучыўся ўсім нюансам гэтае справы.

Праўда, апошнім часам у сувязі зь істотным скарачэньнем чарговага набору сытуацыя радыкальна зьмянілася, бо з трох прызыўнікоў апранае гімнасьцёрку толькі адзін. Вайскоўцы бачаць у гэтым выключна пазытыў — зьяўляецца магчымасьць адабраць найбольш моцных і прафэсійна падрыхтаваных. Аднак у грамадзтве нарастае незадавальненьне: чаму, да прыкладу, адзін жлобінец, моцны і разумны, павінен 18 месяцаў практыкавацца на пляцы, а двое ягоных аднаклясьнікаў, што мелі траякі па матэматыцы і паводзінах, б’юць лынды ў пошуках трэцяга для чарговай п’янкі?

(Калесьнікаў: ) “Зьмянілася толькі тое, што болей пачалі “падкармліваць” ня лекараў, а “купцоў” з ваенных частак ды афіцэраў ваенкаматаў. Стымулююць армейскую карупцыю, якой і без таго хапае...”

Такое меркаваньне Мікалая Калесьнікава са Жлобіна, які праводзіў нядаўна ў армію старэйшага сына.

(Калесьнікаў: ) “Ну а малодшага ім не аддам, во, дудкі! Хай пашукаюць іншага дурня...”

Сябра спадара Калесьнікава Антон Плешчанка мае свой погляд на праблему:

(Плешчанка: ) “Нельга бясконца маліцца на закон аб усеагульнай вайсковай павіннасьці: СССР сканаў, на двары іншы час. Калі глянуць наўкола, дык хіба адны грэкі з ізраільцамі ставяцца да яго сумленна. Бо там не паслужыш — ня будзеш жыць па-людзку. Астатнія перастаюць маліцца на канстытуцыйны патрыятызм. Ня буду пра Эўропу, я пра савецкіх, як мы.

У зусім ня ціхай Кіргізіі аддаў дзяржаве 550 баксаў і ўсё, ніякай табе службы — ты абараніў краіну грашыма. У прыфрантавой Грузіі 90 афіцыйна заплачаных даляраў дазваляюць дабіцца гадавой адтэрміноўкі ад арміі. Нават рускія ўсур’ёз мяркуюць, што ад войска можна афіцыйна адкупіцца за тысячу “зялёных”. І толькі мы надзімаем шчокі — ні кроку ад шынэля, Радзіма кліча! Ха! Ёй пазарэз патрэбныя саладаты-добраахвотнікі, якімі мы былі фактычна ў Савецкай Арміі, а не “жывая сіла”, загнаная ў казарму пагрозай, як сёньня”.

Прапанаваны спадаром Плешчанкам варыянт наўрад ці здыме сацыяльнае напружаньне, але гэткі “купецкі” падыход да далейшай рэформы беларускага войску як мінімум перакрывае адзін з каналаў карупцыі, легалізуе падпольнае права купіць свабоду ад службы.

Апошнім часам хапае прыкладаў выкрыцьця карумпаваных армейскіх чыноўнікаў. Напрыклад, да васьмі гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем званьня і канфіскацыяй маёмасьці прыгавораныя два палкоўнікі — начальнік кватэрна-эксплюатацыйнай часткі Менскага гарнізону і начальнік упраўленьня рэалізацыі матэрыяльных рэсурсаў Узброеных Сілаў. Абодвух абвінавацілі ў хабарніцтве. Па падліках апэратыўнікаў двухпавярховы катэдж першага ваеннага чыноўніка каштаваў “не адну сотню тысяч даляраў”. Што тычыцца галоўнага рэалізатара Мінабароны, дык судзьдзі Ваеннай калегіі Вярхоўнага суду прызналі: 16 тысяч даляраў ён атрымаў усяго за чатыры месяцы мінулага году.

Між іншым, да таго часу вайскоўцам па мерках Беларусі значна падвысілі заробкі. Каля 300 тысяч мае прапаршчык, да паўмільёна маёр, 700 тысяч — палкоўнік. Яшчэ больш плацяць лётчыкам — камандзіру эскадрылі, напрыклад, выпадае за мільён. Гэтыя лічбы зараз ужо вымушаюць многіх трымацца за армію, асабліва ў глыбінных гарнізонах. Але ці ў аднолькавай ступені тое садзейнічае росту боегатоўнасьці арміі?

Прапануем яшчэ адзін фрагмэнт размовы з экс-міністрам абароны Павалам Казлоўскім:

(Карэспанддэнт: ) “Павал Паўлавіч, а што вы скажаце пра вайсковую вывучку афіцэраў?”

(Казлоўскі: ) “Сёньня тыя афіцэры, якія былі прафэсіяналамі ў Савецкай арміі, сышлі зь беларускага войска, многіх проста выгналі. За тое, што мелі сваю думку наконт, скажам, рэформы, думку наконт становішча арміі... І сёньня адбыўся вось такі правал, калі няма тых кадраў, якія б маглі вучыць больш маладых афіцэраў. Сёньня праблема назначыць камандзіра роты, узводу, сёньня праблема нават назначыць на брыгаду — туды, дзе генэральская пасада. Няма кадраў, ёсьць кадравы правал”.

Маладых не задавальняюць сацыяльныя, жыльлёвыя ўмовы, яны ня бачаць наперадзе пэрспэктываў прафэсійнага росту. У выніку даходзіць да надзвычайных здарэньняў: адзін старшы лейтэнант у час адпачынку зьбег за мяжу і ўладкаваўся на службу ў знакаміты Францускі легіён. Там, дарэчы, беларусаў хапае. Шукаюць яны перш за ўсё не рамантыкі, а заробкаў.

У тых, хто служыць дома, найпершы клопат — жыльлё. Калі няма дапамогі збоку, лейтэнантам ды капітанам каапэратыў ня выцягнуць, а чакаць кватэру па чарзе — гэта на доўгія гады, бо ў ёй сёньня каля 7 тысяч чалавек. Зараз сытуацыя дадаткова ўскладнілася масавым закрыцьцём ваенных гарадкоў: больш паўсотні за мінулы год. У іншыя гарнізоны часта пераводзяць без гарантыяў уладкаваньня з жыльлём. Ну добра сам, а куды падзець сям’ю? Таму й вымушаныя афіцэры круціцца, як хто можа... Нярэдка тая мітусьня заканчваецца вельмі сумна. Вось даволі тыповая гісторыя ад спадарыні Алены, якая жыве ў ваенным гарадку расфармаванай плешчаніцкай брыгады:

(Алена: ) “А што было рабіць? Ён уладкаваўся ў Менску. Але ж не наезьдзісься кожны дзень туды й назад — і дорага, і далёка, нязручна. Я сама, дурніца, прапанавала: Міша, начуй час ад часу там, а то зусім змучысься. Пашкадавала на сваю галаву. Закончылася ўсё гадкім тлумачэньнем: прабач, сустрэў другую... “Упакаваную”: з кватэрай, добра зарабляе. А на мяне кінуў двух дзяцей. Скажу так: гэта ня здраднік, а яшчэ горш — дэзэртыр! Нічога, як не трыбунал, дык суд Гасподзен вынесе яму прыгавор...”

Вэтэраны, якія памятаюць хрушчоўскую ваенную рэформу, кажуць, што нешта падобнае адбываецца й зараз. Занадта шмат пасьпешлівасьці, непрадуманасьці, няўзгодненасьці. Дэфіцытны жыльлёвы фонд чамусьці не прадаюць, а проста перадаюць на балянс мясцовых органаў улады. Гэткая шчодрасьць Міністэрства абароны незразумелая тым двум з паловаю тысяч ваеннаслужачых, якія мусілі насуперак уласным магчымасьцям пайсьці ў жыльлёвыя каапэратывы. Дарэчы, часта гарадкі “перадаюццца” толькі на паперы, а на самой справе ніхто іх не даглядае, дамы й камунікацыі раскрадаюцца, развальваюцца.

Тыповы прыклад — Баравуха пад Полацкам. Таму паселішчу вайскоўцаў некалькі стагодзьдзяў, яно памятае яшчэ гусараў... Служыць тут было прэстыжным шмат у чым менавіта з-за камфартабэльнасьці гарадка. Мясцовыя дзяўчаты лічылі за шчасьце выйсьці замуж і атрымаць разам са сваім лейтэнантам кватэру з газам, гарачай вадой, тэлефонам. Толькі нараджай: дзве школы (адна ўвогуле пабудаваная па супэрпраекце!), два садкі, музычная школа, дзьве спортзалі, Дом афіцэраў... Полацку й Наваполацку заставалася толькі зайздросьціць тым 10 тысячам шчасьліўчыкаў, што жылі тут.

І раптам — расфармаваньне, на якое адвялі ўсяго два месяцы. Раённыя ўлады, кіраўніцтва 350-й брыгады, жонкі афіцэраў дасылалі лісты і Лукашэнку, і Савету бясьпекі, і міністру абароны з просьбай перагледзець прынятае рашэньне, аднак не атрымалі адказу і вымушаныя былі скарыцца лёсу — пераехалі ў гарнізоны Віцебску і Берасьця, часьцей бязь сем’яў, але многія скарысталі сытуацыю й плюнулі на службу.. Сярод іх кантрактнік Уладзімер. Па ягоных словах, найбольш пашанцавала тым, хто звольніўся і ўладкаваўся ў Турцыі пілётамі пажарных верталётаў. А былы камандзір Валодзі знайшоў працу ў далёкай Партугаліі, кліча яго да сябе.

(Уладзімер: ) “Я служыў у 276-й верталётнай базе. Базу разагналі, людзі разьбегліся. Афіцэрам прапанавалі ехаць у Баранавічы, Мачулішчы... Жытло ім, у асноўным, не далі. У Мачулішчах, ведаю, здымаюць пакоі, прычым за вялікія грошы. Ну а дэсантныя казармы ў нас разрабавалі дарэшты — засталіся руіны, як пасьля другой сусьветнай вайны. Я знайшоў працу ў Полацку. Атрымліваю шкадобы вартыя 150 тысяч, пры гэтым на дарогу ідзе тысяч 20, нават больш. Як сям’ю пракарміць — невядома. Сябры рупяцца ўладкавацца на любую працу. Многія зьехалі за мяжу: Партугалія, Грэцыя. Я і сам бы зьехаў зь вялікаю ахвотаю, ды бракуе грошай на дарогу”.

Па пляне рэформы праз два гады беларускае войска складзе 65 тысяч чалавек, 15 тысяч зь якіх — грамадзянскі пэрсанал. Наколькі аптымальная такая лічба? Чаму ўрад краіны арыентуецца менавіта на яе? Для параўнаньня возьмем арміі некалькіх эўрапейскіх краінаў з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек, як і Беларусь. У Бэльгіі, Вугоршчыне пад ружжом па 40 тысяч, у Чэхіі — амаль 60, але з улікам асабовага складу Міністэрства ўнутраных справаў. Менск абагнаў і Брусэль, і Будапэшт, і Прагу, хоць мае куды горшую эканоміку. Тады ўзьнікае пытаньне, а ці здольная краіна забясьпечыць дастойны ўзровень прафэсіяналізму, сацыяльных, жыльлёвых умоваў такой колькасьці вайскоўцаў і іхных сем’яў?

Начальнік прэсавай службы Міністэрства абароны краіны патлумачыў, што па падліках спэцыялістаў утрымліваць большае войска краіна ня мае магчымасьці, а меншае ня здолее выканаць ускладзеных на яго задач. У такім разе, падкрэсьліў палкоўнік Захаранка, лепш проста трымаць нацыянальную гвардыю. Узятая за арыенцір лічба абгрунтаваная, у прыватнасьці, вопытам такіх маштабных вучэньняў, як “Нёман-2001”. На думку начальніка прэсавага цэнтру, рэформа беларускай арміі сёньня апярэджвае аналягічныя крокі ў расейскім і ўкраінскім войсках.

Зусім іншае меркаваньне экс-міністра абароны генэрал-палкоўніка Паўла Казлоўскага:

(Казлоўскі: ) “Па замове Мінабароны праводзіліся спэцыяльныя падлікі. І высьветлілася: па рэальных умовах армія можа быць дзесьці 10–15 тысяч чалавек пры наяўнасьці наступнай тэхнікі і ўзбраеньняў: дзесьці каля 40 самалётаў, каля 300 танкаў, 500 адзінак баявых браніраваных машын, 300 адзінак артылерыі... Такія прыкладныя лічбы былі дакладзеныя кіраўніцтву сёньняшняга Міністэрства абароны. Але такія лічбы яно баіцца дакладваць галоўнакамандуючаму. Хоць менавіта такую армію мы й можам дастойна ўтрымліваць...”

Ну а пакуль Беларусь трымае й будуе армію шматразова большую. Вось толькі ці абарочваюцца тыя высілкі народу належным прафэсіяналізмам войску і сучаснымі стандартамі ягонай баяздольнасьці? Тут — вялікае пытаньне...
XS
SM
MD
LG