Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯХАЙ БЫ ЁН ПАСПРАБАВАЎ ПАБЕГАЦЬ НА ЛЫЖАХ НАШЧА І Ў ПАДРАНЫХ ЧАРАВІКАХ”


Валянцін Жданко, Менск

Дзьве тэмы найчасьцей згадваюцца ў пошце апошніх тыдняў: найперш — шматразовае падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі, якое стала непасільным для многіх сямейных бюджэтаў. А па-другое — выбары ў мясцовыя саветы, да якіх засталося ўсяго некалькі тыдняў, але набліжэньне якіх, тым ня менш, у многіх гарадах і вёсках практычна не адчуваецца.

Цікавы ліст, у якім дзьве гэтыя тэмы аб’яднаныя, даслаў нам Аляксей Балабашкін з Наваполацку. Слухач піша:

“Неяк, едучы ў аўтобусе, пачуў, як дзьве бабулі дзяліліся ўражаньнямі наконт выбараў. Адна распавядае:

— Што гэта за выбары — прыйдзе старшыня сельсавету з чырвонай сьметніцай і такога ж колеру тоўстым сшыткам, і ў ім адзначыць, хто і як прагаласаваў.
— А калі прагаласуеш супраць? — пытаецца другая.
— Ой, што ты. Яны ж цябе са сьвету зжывуць і на пахаваньне грошай не дадуць.

...Што цяперашняе пакаленьне будзе жыць пры росквіце камунізму, я ня вельмі сумняваўся. І таму зьбіраў грошы. Дзівак быў. Што цікава: кожны раз, калі прыходжу ў ашчадны банк па сваю пэнсію на 77 тысяч рублёў, зь якіх 57 тысяч трэба аддаць за камунальныя паслугі, з акенца мілагучны жаночы голас на расейскай мове пытаецца: “Снимать всё будете? Оставлять не будете?”

Падыходжу да другога акенца, загадзя падрыхтаваўшы свае 57 тысяч 41 рубель за камунальныя паслугі. А трэба 57045 — чую з вакенца.

— Гэта яны так акругляюць, — кажа мне жанчына, што стаяла побач.

Потым пайшоў па хлеб:

— Выбачайце, няма трох рублёў рэшты, — кажуць. Нічога, адказваю, я на дзяржаўным забесьпячэньні. А сам сабе думаю: калі так справы пойдуць і далей, то хутка настане час, калі і з роднай хаты пагоняць вон. Па дзяржаўным радыё ўжо цяпер апрацоўваюць: ня маеш чым плаціць за кватэру — перасяляйся ў “маласямейку”.

Вось такія справы. Як раней казалі: “Жить стало лучше, стало веселей: шея стала тоньше, но зато длинней”...

Раней рэдка калі даводзілася бачыць п’яніц-адзіночак, якія зазіраюць у пошуках парожніх бутэлек у сьметніцы. Цяпер жа кожную раніцу з вакна сваёй кухні назіраю, як пералапачваюць гэтыя сьметніцы рукамі па некалькі разоў — як мужчыны, так і жанчыны. Надакучаюць, жаласьліва гледзячы ў вочы, і жабракі. Просяць і на бутэльку, але часта і на хлеб, на лекі. Словам, “вясёлае” ў нас настала жыцьцё”, — распавёў у сваім лісьце Аляксей Балабашкін з Наваполацку.

Згадваю, спадар Балабашкін, як на пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў беларускія ўлады, палохаючы людзей рынкам, у якасьці аргумэнтаў супраць рынкавай эканомікі якраз і распавядалі пра тое, колькі вымушаныя плаціць за камунальныя паслугі грамадзяне краінаў Балтыі й Польшчы. Беларусаў гэтым шляхам абяцалі ня весьці — казалі пра нейкі свой адмысловы шлях, бяз гвалту і ўзрушэньняў.

Дзесяць гадоў гэты асаблівы шлях шукалі — а ў выніку выявілася, што вярнуліся ў той самы пункт адліку, які суседзі даўно прайшлі. Яно б, можа, і нічога — лепш позна, чым ніколі. Бяда ў тым, што змарнаваны час вельмі дорага каштуе — няма тых рэсурсаў, якія былі на пачатку 90-х, даўно зношаная матэрыяльная база, безнадзейна сапсаваныя адносіны са зьнешнім сьветам, адкуль можна было чакаць інвэстыцыяў ды эканамічнай дапамогі... Няма і людзкога цярпеньня.

Так, у суседняй Літве становішча пэнсіянэраў таксама ня дужа лёгкая. За камунальныя паслугі пры пэнсіі 150 даляраў трэба заплаціць 70–80 даляраў. Але гэта зусім ня так, як у вас, спадар Балабашкін (40 даляраў пэнсія, а 30 трэба аддаць за кватэру). І гэта пры тым, што кошты на ўсё астатняе (ежа, адзеньне, прамысловя вырабы) у Беларусі ўжо не ніжэйшыя, а часам і вышэйшыя, чым у Літве.

Віктара Баранава з Рагачова таксама хвалюе гэта тэма. Слухач піша:

“Дажыліся мы пры рынкавым сацыялізьме да таго, што спаганяе з нас дзяржава грошы за ўсё запар — і за кавалачак зямлі, і за каня, і за трактар, і за карову... Ды яшчэ і шантажуюць: здавай малако, інакш не атрымаеш сенажаці.

За камунальныя паслугі плацім з кожным тыднем усё больш. А індэксацыі зарплаты ня робяць. На ежу ды на адзеньне грошай практычна не застаецца. Што рабіць простаму чалавеку?

У такіх умовах проста зьдзекам гучаць словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што для яго прыярытэт — гэта спорт, што спорт — вялікая палітыка. Няхай бы паспрабаваў пабегаць на лыжах нашча і ў падраных чаравіках...

У нашых чыноўнікаў увогуле шмат дзіўных ідэяў. 21 студзеня адзін начальнік з Гомельскага аблвыканкаму прапанаваў зносіць у вёсках пабудовы, у якіх ніхто не жыве — маўляў, каб зямля не пуставала. Нібыта, калі яны засеюць усё запар, дык і ўраджай будзе вялікі. Глупства. У нас вунь колькі палёў незасеяных — іх няма каму абрабляць. А ўраджай высокі ня ў тых, у каго зямлі шмат, а ў тых, хто сам на гэтай зямлі гаспадар і хто апрацоўвае яе пры дапамозе сучасных тэхналёгіяў”, — напісаў Віктар Баранаў з Рагачова.

Магчыма, спадар Баранаў, гэты аблвыканкамаўскі начальнік згадаў старую савецкую завядзёнку — калі такім жа спосабам, разбураючы ў вёсках старыя пабудовы, так бы мовіць, “нелегальна”, цішком павялічвалі пасяўныя плошчы. На паперы ж абшары былі куды меншыя. Адсюль зьяўляліся і нечуваныя “рэкорды”, і ордэны, і службовыя падвышэньні...

Ліст ад студэнта Генадзя Воўка зь Віцебску. Слухач піша:

“Мне амаль 20 гадоў. На першы погляд, я тыповы віцяблянін. Але не зусім. А не такі я таму, што імкнуся калі ня стаць, то прынамсі захаваць у сабе тое, што адрозьнівае нас ад нашых усходніх суседзяў. Вялікая праблема паўночнага гораду ў тым, што не стае беларускага асяродку. Тыя драбніцы, на якіх грунтуецца чэзлае самаадчуваньне ліцьвіна, можна пералічыць па пальцах.

І хіба пераканаеш гэтых прыблудаў, прыхадняў, прайдзісьветаў... А гэта ж народ, мой народ. Яго любіць трэба. Але не зашкодзіць і палаяць — хоць крышачку, не са злосьці. І мусіш трываць пагардлівыя позіркі ў адказ на сваё шчырае “Дзякуй”. Яны ж бульбашы, як і мы. Толькі не апантаныя, не з фанатычнай прагай да нацыянальнай ідэі... Скрушна і вусьцішна. Але ўзгадайма: “І прыйдзе новых пакаленьняў на нашы месцы чарада...”

Так, Генадзь, у такіх зрусіфікаваных гарадах, як Віцебск, беларускамоўныя хлопцы і дзяўчаты, якіх турбуюць праблемы нацыянальнага Адраджэньня, пачуваюць сябе ня дужа камфортна. Мне спадабалася, што вы разумееце неабходнасьць цярплівага й цярпімага стаўленьня да тых, хто не падзяляе вашых поглядаў альбо проста ня можа, не навучаны адказаць вам па-беларуску ў адказ на ваш беларускамоўны зварот. Вельмі часта ня іх у тым віна. Прычым вельмі многія зь іх да беларускай мовы і культуры ставяцца прыхільна. Па-мойму, толькі шкодзіць беларускаай справе грэблівае альбо зьняважлівае стаўленьне да такіх людзей.

На заканчэньне — два лісты ад слухачоў, якія дзеляцца ўражаньнямі і прапановамі наконт зьместу нашых перадачаў і якасьці прыёму. Канстанцін Брыксевіч зь Берасьця піша:

“Слухаю вас штодня, з 18-й да 20-й гадзіны. З усіх сродкаў масавай інфармацыі Беларуская Свабода падабаецца асабліва, бо, лічу, яна найбольш аб’ектыўна асьвятляе падзеі ў Беларусі. Мяне цікавяць палітычныя тэмы, і я вельмі перажываю за няўдачы нашай апазыцыі. Хацелася б больш чуць пра эканамічнае, сацыяльнае, бытавое становішча нашых грамадзянаў, яно апошнім часам становіцца ўсё цяжэйшым.

Лічу вашым посьпехам зьяўленьне пры канцы праграмы цікавай перадачы — “Галасы маладых”. Цікавую інфармацыю можна даведацца з рубрыкі “Жывіце доўга”. Але, на жаль, яна гучыць напрыканцы праграмы, калі вельмі часта пагаршаецца чутнасьць, альбо хваля зусім зьнікае. Увогуле, чутнасьць — гэта ваша самае слабое месца”, — напісаў Канстанцін Брыксевіч зь Берасьця.

Пагаджуся з вамі, спадар Брыксевіч — нараканьняў на гэты конт мы атрымліваем нямала. Магу толькі паўтарыць тое, што казаў тыдзень таму — мы ведаем пра гэтую праблему і зробім усё ад нас залежнае, каб узмацніць радыёсыгнал і каб вы не адчувалі перашкод у слуханьні Беларускай Свабоды.

І апошні ліст — ад нашага сталага слухача Ўладзіслава Жыгалкі зь Менску.

“Чамусьці вы, шаноўны спадар Валянцін Жданко, не дазваляеце мне выказаць свае меркаваньні адносна так званага саюзу Беларусі й Расеі. Няўжо і вам нехта забараняе гэта рабіць? Мала таго, што ў незалежнай (тым больш дзяржаўнай) прэсе нават ня піскнеш на гэтую тэму, дык і праз вас таксама не прашмыгнеш?” — выказвае незадавальненьне Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Пра беларуска-расейскія узаемадачыненьні, спадар Жыгалка, мы распавядаем вельмі шмат. Багатая і пошта на гэтую тэму. Часта высновы і думкі ў лістах паўтараюцца, таму не заўсёды выпадае цытаваць усе лісты. Натуральна, ніякай забароны ці абмежаваньняў на асьвятленьне ні гэтай, ні іншых тэмаў на Радыё Свабода не існуе.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ніна Ярмалінская з Салігорску, Тацяна Барэль з Асіповічаў, Міхаіл Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну, Аляксандар Хітро з Мазыру, Ільля Копыл і Сьвятлана Сікорская зь Менску і Эмілія Зух са Смаргоні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG