Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС-ГЕОРГ ВІК: ЭЎРАПЕЙСКІЯ СТРУКТУРЫ БУДУЦЬ БОЛЬШ АКТЫЎНА ДАПАМАГАЦЬ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Прага

(Карэпандэнт: ) “На гэтым тыдні пачаў сваю працу ў Менску новы кіраўнік офісу АБСЭ спадар Эбэргарт Гайкен. Што вы яму раілі перад ад’ездам у Беларусь, якім досьведам дзяліліся?”

(Вік: ) “Перш за ўсё, я павіншаваў яго з гэтым вельмі важным і складаным прызначэньнем. Я параіў яму наглядаць і вывучаць усе падзеі ў Беларусі, і ў асаблівасьці сытуацыю з правамі чалавека. Я думаю, гэта вельмі важна, і зь цягам часу ён здолее (і мы гэта абмяркоўвалі) разьвіваць праекты ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. І вядома ж, ён павінен кансультаваць беларускі ўрад”.

(Карэпандэнт: ) “Нядаўна вы прапанавалі заснаваць “Кола сяброў” – стратэгію для сыстэматычнай дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Якія формы гэта можа набыць і якім спосабам, на вашую думку, заходнія дэмакратыі могуць дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці?”

(Вік: ) “Якраз сёньня я яшчэ раз зьвярнуў увагу на рэзалюцыю, якую прыняў у аўторак Эўрапейскі парлямэнт. У рэзалюцыі заклікаецца да пераменаў у Беларусі, і Эўрапарлямэнт заяўляе, што ня толькі гатовы да дыскусіяў, але будзе праводзіць уласную палітыку, накіраваную на стварэньне ўмоваў дзеля аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. І гэта, на маю думку, вельмі важная заява. Калі я казаў пра “кола сяброў”, я меў на ўвазе зацікаўленыя ўрады і эўрапейскія інстытуцыі. І тут я бачу пэўны зрух у эўрапейскім парлямэнце. Яны заяўляюць, што ня будуць больш чакаць папярэдняй згоды ад беларускага ўраду, а будуць самі абіраць той спосаб, у якім можа быць аказаная найбольш канструктыўная і эфэктыўная дапамога грамадзянскай супольнасьці. Гэта пэўнае разьняволеньне пазыцыі. Бо дасюль эўрапейскія структуры чакалі ўхваленьня і крокаў наперад ад беларускіх уладаў, але зараз стала зразумела, што ўласныя ініцыятывы не павінны залежаць ад трансфармацыяў беларускага ўраду”.

(Карэпандэнт: ) “На парадак дня беларускай палітыкі выходзіць пытаньне аб жаданьні Аляксандра Лукашэнкі вылучыцца на свой трэці тэрмін. Як, на вашую думку, Захад павінны рэагаваць на гэты намер беларускага лідэра?”

(Вік: ) “Канечне, гэта вельмі далікатнае пытаньне з пункту гледжаньня Канстытуцыі. Канстытуцыя не прадугледжвае магчымасьці трэцяга тэрміну, так што дзеля гэтага мусяць быць зробленыя пэўныя папраўкі праз рэфэрэндум. Такі рэфэрэндум мусіць быць праведзены ў свабодных і справядлівых умовах. Пакуль жа большасьць сацыялягічных апытаньняў сьведчыць, што вялікая частка беларускага насельніцтва не прымае гэтыя папраўкі. І гэта вельмі важна.

Зь іншага боку, на жаль, у шэрагу краінаў СНД існуе штосьці накшталт практыкі ісьці далей за два тэрміны. І Расея, на жаль, дасюль, не рабіла аніякіх крокаў, каб прадухіліць адыход сваіх суседзяў ад дэмакратычных нормаў і замацаваньня там падобнай прэзыдэнцкай сыстэмы”.

(Карэпандэнт: ) “На канфэрэнцыі ў Дортмундзе вы адзначылі, што Расея ніколі не падтрымлівала дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Чаму, негледзячы на тое, што Масква апошнія гады зьяўляецца амаль блізкім саюзьнікам Захаду, яна, тым ня менш, не падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі?”

(Вік: ) “Падчас маёй працы ў КНГ АБСЭ ў Менску мяне моцна зьдзіўляла, што ініцыятывы, якія мы прадпрымалі і вылучалі іх законна існуючым палітычным партыям у Беларусі, ніколі не знаходзілі водгуку ў Расеі. Для іх было больш звыкла размаўляць зь беларускім урадам. Гэта я лічу пэўнай праблемай у замежнай палітыцы Расеі у дачыненьні да краінаў СНД”.

(Карэпандэнт: ) “Як бы вы ацанілі патэнцыял уваходжаньня Беларусі ў Эўразьвяз, зразумела, у пэўнай доўгатэрміновай пэрспэктыве?”

(Вік: ) “Я думаю, найбольш важная рэч, якую тут трэба адзначыць – тое, што ў адпаведнасьці з дамовай 1997 году любая краіна, якая мае дэмакратычную сістэму, вяршынства закону, падзел уладаў і рынкавую эканоміку, можа стаць сябрам Эўразьвязу. Гэта можа запатрабаваць шмат часу, але няма аніякіх выключэньняў кагосьці з гэтага шэрагу. Ніхто ня выключаны назаўжды. Час пакажа, хто сапраўды жадае ўступіць, і час пакажа, наколькі гэтая краіна здольная адпавядаць крытэрам. Гэта можа запатрабаваць гады, але пэрспэктыва (і гэта важна для наступных пакаленьняў) у тым, што колькасьць жыхароў Беларусі, якія лічаць, што трэба ўваходзіць у Эўропу, увесь час узрастае, бо Эўропа набліжаецца да межаў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG