Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ НЕЙКІЯ ЗАХАДЫ БЯСЬПЕКІ Ў БЕЛАРУСІ З НАГОДЫ ВАЙНЫ Ў ІРАКУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністар адароны Беларусі Леанід Мальцаў запэўнівае, што магчымая вайна ў Іраку не адаб’ецца на бясьпецы Беларусі.

(Мальцаў: ) “Мы зробім усё, што магчыма ў гэтых умовах для надзейнай бясьпекі рэспублікі. Будзем дзейнічаць ў адпаведнасьці з абстаноўкай, на розныя абставіны ў нас ёсьць адпаведныя пляны”.

Пры гэтым ён не ўдакладніў, якія захады зробіць беларускае войска, калі вайна пачнецца. Асабіста Леанід Мальцаў як вайсковец мяркуе, што пазьбегнуць вайсковых дзеяньняў у Іраку наўрад ці ўдасца.

(Мальцаў: ) “Групоўка разгортваецца, і цяпер магчымыя два варыянты падзеяў. Альбо тэрміновы загад яе згарнуць і вярнуцца дадому, альбо наперад. Я бачу, што схіляюцца да другога варыянту, ён мае верагоднасьць амаль 100 адсоткаў”.

Пры гэтым ён не хавае, што лічыць гэты варыянт найгоршым. Міністар абароны Беларусі ня стаў камэнтаваць палітычныя ды эканамічныя наступствы магчымай вайны ў Іраку дзеля Беларусі. Што да вайсковых наступстваў, то ён прызнаў, што такія непазьбежна будуць.

(Мальцаў: ) “Паколькі будуць выкарыстаныя новыя віды зброі і боезапасаў, то гэта запатрабуе аналізу і вывучэньня. Як тое было падчас баявых дзеяньняў НАТО супроць Югаславіі. А адпаведна будуць уносіцца карэктыроўкі ў пытаньні будаўніцтва ўзброеных сілаў краіны”.

Паводле беларускіх вайскоўцаў, падзеі ў Югаславіі ў 1999 годзе прадэманстравалі, што посьпех ці няўдача ў сучаснай вайне асабліва залежаць ад стану супрацьпаветранай абароны. З гэтай прычыны ў беларускім войску адбыліся значныя перамены. У прыватнасьці, былі аб’яднаныя паветраныя сілы і супрацьпаветраная абарона. На думку беларускіх адмыслоўцаў, гэта павысіла эфэктыўнасьць абарончых дзеяньняў беларускага войска і гарантавала краіну ад нечаканага нападу.

Што да такіх захадаў, як узмоцненыя дзяжурствы частак супрацьпаветранай абароны, то неабходнасьці ў такіх кроках вайскоўцы пакуль ня бачаць. “Нават у мірны час мы нясем дзяжурствы, як у час вайсковы”, — патлумачылі ў Міністэрстве абароны. Паводле супрацоўнікаў міністэрства, падчас канфлікту ў Югаславіі беларускія вайскоўцы таксама дзяжурылі ў звычайным парадку.

У 1999 годзе, калі НАТОўскія самалёты бамбавалі Югаславію, у Бялградзе працавала амбасада Беларусі, такасма дзейнічалі іншыя прадстаўніцтвы. Што будзе зь беларускай амбасадай у Іраку, калі там пачнуцца вайсковыя дзеяньні? Выконваючы абавязкі прэсавага сакратара МЗС, Андрэй Савіных кажа, што пакуль яшчэ ня страчаная надзея на захаваньне міру ў гэтай краіне, і таму эвакуацыя амбасады не пачынаецца.

“Але калі мы ўбачым, што вайна непазьбежная, будуць прынятыя самыя тэрміновыя і неабходныя захады”, — запэўніў Андррэй Савіных. Паводле яго, у гэтым выпадку эвакуацыі будуць падлягаць каля 20 супрацоўнікаў амбасады і грамадзянаў краіны, якія працуюць у Іраку паводле кантракту. Жанчын і дзяцей сярод іх няма, запэўніў Андрэй Савіных. Яшчэ пэўная колькасьць беларусаў працуе ў Іраку паводле кантрактаў ад расейскіх фірмаў. “Нам вядома, што ў расейскіх калегаў ёсьць дакладныя схемы эвакуацыі і гэтых людзей на выпадак вайны”, — кажа Андрэй Савіных.
XS
SM
MD
LG