Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЯНЦІН ТАРАС: “НЕКАЛІ ПЕРАКЛАДЧЫКАМ “РУХНАМЫ” БУДЗЕ СОРАМНА ЗА ГЭТА”


Ганна Соусь, Менск

У той час, калі адбывалася прэзэнтацыя беларускамоўнай “Рухнамы”, ішло чарговае паседжаньне Беларускага ПЭН-Цэнтру. І многія пісьменьнікі былі абураныя тым, што іхныя калегі Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Кудравец, Анатоль Бутэвіч і Мікалай Сільчанка ўзяліся перакладаць “Рухнаму” Туркмэнбашы.

Тады ж быў зроблены нават своеасаблівы тэст для новых сяброў ПЭН-Цэнтру, іх запытвалі: “Калі б Вам прапанавалі перакласьці “Рухнаму” Ніязава, ці пагадзіліcя бы Вы?” Пісьменьнікі адказвалі адмоўна. Але сябры ПЭН-Цэнтру вырашылі не рабіць з нагоды выхаду кнігі ніякай афіцыйнай заявы, паколькі вышэйзгаданыя перакладчыкі ня зьяўляюцца сябрамі гэтай пісьменьніцкай арганізацыі, і пераклад “Рухнамы” ёсьць прыватнай справай гэтых літаратараў.

Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Валянцін Тарас:

(Тарас: ) “Але ж трэба даць маральную ацэнку некаму зь сяброў ПЭН-Цэнтру, зь яго кіраўніцтва. Вось я ўзяў на сябе гэтую місію. 50 гадоў таму, калі памёр Сталін, я напісаў усхваляваны верш на яго сьмерць. Праз многія дзесяцігодзьдзі, напрыканцы васьмідзясятых, калі ў Беларусі пачынаўся адраджэнскі дэмакратычны рух, да якога я без ваганьняў далучыўся, мне пэўныя людзі пра гэты верш напомнілі.

Нельга атаясамліваць наіўнага юнака, аўтара таго верша, са сталым чалавекам, які прыйшоў да сваіх новых перакананьняў шляхам балючага разбурэньня ілюзіяў, які былі ўцямяшаныя ў галаву. І вось мне згадалася гэта ўсё ў сувязі з тым, што зрабілі гэтыя хлопцы. Ужо не наіўныя юнакі, якім я быў. Гэта сталыя людзі. Мы прывыклі думаць, што яны цалкам падзяляюць пэўныя погляды нашыя, за якія мы стаім, за якія змагаемся”.

Валянцін Тарас ня можа ўявіць, каб хто-небудзь з сумленнных літаратараў другіх краінаў узяўся б за пераклад, прыкладам, кнігі Аляксандра Лукашэнкі, калі б такая зьявілася. І таму яму незразумелы крок беларускіх творцаў.

(Тарас: ) “І раптам яны пайшлі нібы на абдымкі з Туркмэнбашы. Некалі ім ўсё ж будзе сорамна за гэтае. Я ня ведаю, што іх штурхнула на гэтае. Гэта мая прыватная думка — можа, вельмі салідныя грошы. Але, калі нават гэта й салідныя грошы, то ня трэба думаць, што грошы ня пахнуць. Яны ўсё ж пахнуць. І пахнуць брыдка”.

Сёньня ж я зьвязалася зь перакладчыкам “Рухнамы” паэтам Леанідам Дранько-Майсюком.

(Дранько-Майсюк: ) “Да мяне зьвярнулися людзі, у першую чаргу Ўладзімер Гілеп, і прапанаваў паўдзельнічаць у праекце. А калі да мяне зьвяртаюцца людзі, якіх я паважаю, мне вельмі цяжка адмовіць. Калі я разгарнуў гэтую кнігу, першы радок, на які я трапіў, быў: “Туркмэна вялікім туркмэнам зробіць толькі туркмэн”. Шчыра прызнаюся, мне гэта вельмі спадабалася. Проста захацелася, каб гэта прагучала й па-беларуску.

Трэці аспэкт, дастаткова немалаважны. Я зараз знаходжуся ў такой сытуацыі, як той галодны воўк, які бегае па глыбокім сьнезе й здабывае тую ці іншую грашовую костку. Нешта ж трэба было й зарабіць. Хоць раз у месяц трэба было атрымаць 100 даляраў, як вы лічыце?”

Можна прывесьці адную цытату з “Рухнамы”. “У Туркмэністане няма перасьледу па палітычных матывах, няма турмаў для палітзьняволеных” і прыгадаць нядаўні судовы працэс у Туркмэніі, у выніку якога каля 60 чалавек, якіх абвінавачвалі ў замаху на Ніязава, атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня.

Дарэчы, гэта ня першы пераклад на беларускую мову твору такога кшталту. Узгадвае экс-кіраўніца Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Выйшла кніга Нурсултана Назарбаева, якую пераклала Ірына Качаткова. Якраз гэтая кніга была даволі разумная й мудрая. Я нічога не магу сказаць пра кнігу Туркмэнбашы. Канечне, тое, што творыцца ў Туркмэніі, прымушае думаць, што ўвогуле літаратару, які паважае сябе, ня варта было б перакладаць Туркмэнбашы. Асабіста я ніколі ў жыцьці не перакладала бы Туркмэнбашы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG