Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІРАЦКАЯ АМБАСАДА ЗАПРАСІЛА БЕЛАРУСАЎ НА МАЖЛІВУЮ ВАЙНУ, КАБ ЯНЫ ВЫКАЗАЛІ САЛІДАРНАСЬЦЬ З ХУСЭЙНАМ НА МЕСЦЫ


Юры Сьвірко, Менск

Ірацкая амбасада ў Менску даслала рэдакцыям некаторых газэтаў запрашэньне накіраваць журналістаў у Багдад. Акрамя прадстаўнікоў прэсы, у Іраку чакаюць прадстаўнікоў беларускай моладзі, якіх могуць зрабіць “жывым шчытом” у выпадку вайны. Меркавалася, што 7 сакавіка група беларускіх грамадзянаў паляціць у Багдад чартэрным рэйсам “Белавія”. Я патэлефанаваў у амбасаду Іраку й спытаўся, ці адбудзецца гэты рэйс.

(Зэйдан: ) “Не. З вамі размаўляе зараз амбасадар Іраку. Не, сёмага — не, але можна, вядома, паляцець у Багдад. Пакуль ужо скасавалі вось гэтую дату. Пакуль невядома”.

Я папрасіў яго растлумачыць больш падрабязна ўмовы паездкі.

(Зэйдан: ) “Толькі запрасілі мы. У нас такая прапанова была: хто хоча паехаць у Ірак — калі ласка, мы сказалі. Вашае імя, дзе вы працуеце — і потым мы адзначаем, скажам вам, на які час, якая дата, дзе вы будзеце там у Іраку, і колькі дзён будзеце ў Багдадзе. На тыдзень, вядома”.

Амбасадар Зэйдан не хавае, што мэта гэтай акцыі — прапагандысцкая.

(Зэйдан: ) “Мы хочам ведаць, колькі людзей хочуць паехаць на нашу радзіму, у Ірак, каб яны паглядзелі й даведаліся праўду, як жыцьцё наша йдзе там. Вельмі прыемна, што такіх шмат. Я задаволены — я і амбасадар, і журналіст адначасова”, — сказаў ірацкі амбасадар у Менску Салман Зэйдан, які раней быў у Багдадзе галоўным рэдактарам урадавай газэты “Аль-Джумхурыя”.

Ён не падаў канкрэтных зьвестак пра колькасьць заявак ад ахвотных зьлятаць у Ірак. Але маскоўская “Независимая газета” піша, што з запаўняльнасьцю рэйсу ў Багдад могуць быць праблемы, бо стаць часткай жывога шчыта гатовы ня кожны.

Менскія журналісты, зь якімі мне ўдалося паразмаўляць, таксама заявілі, што ў ролі масоўкі для гэтай палітычнай акцыі выступаць не зьбіраюцца.
XS
SM
MD
LG