Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ РЭФЭРЭНДУМ АБЯЦАЮЦЬ У КАНЦЫ ГОДУ


Валер Каліноўскі, Менск

Адказны сакратар Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі Ўладзімер Аксёнаў сёньня агучыў схему прыняцьця так званага Канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы: 19 лютага камісія Селязьнёва-Папова зьбярэцца ў Маскве, 3 сакавіка — у Менску, у канцы сакавіка ужо гатовы праект будзе разгледжаны на паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету У.Пуціным і А.Лукашэнкам. Пасьля гэтага тэкст дакумэнта будзе перададзены ў парлямэнты і ў канцы гэтага году ці пачатку наступнага, залежна ад разьвіцьця падзеяў у Расеі і Беларусі, ён можа быць вынесены на рэфэрэндум, прызнаў Уладзімер Аксёнаў.

Паводле ягонай ацэнкі, на гэты момант экспэрты падрыхтавалі каля 95% тэксту Канстытуцыйнага акту. Пакуль ёсьць нявызначанасьць толькі ў пытаньнях разьмежаваньня саюзнай і нацыянальнай кампэтэнцыяў і вярхоўнага кіраўніцтва саюзнай дзяржавай — альбо гэта будзе Вышэйшы дзяржсавет альбо абодва прэзыдэнты будуць кіраваць на ратацыйнай аснове.

На думку Ўладзімера Аксёнава, асноўная задача пры падрыхтоўцы Канстытуцыйнага акту — стварыць “такія саюзныя структуры, якія б маглі самі займацца саюзным будаўніцтвам, мелі на гэта паўнамоцтва незалежна ад нацыянальных урадаў”. Расейскі бок настойліва імкнецца зрабіць інтэграцыйны працэс незваротным. Для гэтага Масква імкнецца надаць найбольш паўнамоцтваў так званым саюзным органам.

“Независимая газета” нядаўна напісала, што ў выніку нічога не застанецца ад беларускага сувэрэнітэту. І спадар Аксёнаў на простае пытаньне, што ж застаецца ў кампэтэнцыі Менску, нічога ня змог сказаць, прызнаўшы, што Беларусь будзе мець права голасу ў саюзных структурах.

Усе інтэграцыйныя намаганьні адбываюцца таямніча, бо да гэтага часу праект Канстытуцыйнага акту не апублікаваны ў прэсе, кажа вядомы дзяржаўны дзеяч Беларусі Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Яго ніхто ня бачыў, гэтага акту, нешта там робіцца, нешта варыцца, а так яго нідзе няма. Яго ж не друкуюць, гэта ўсё робіцца ўцёмную”.

Мечыслаў Грыб кажа, што паводле той інфрамацыі, якая публікавалася, бачна, што які ні вазьмі артыкул гэтага Канстытуцыйнага акту, зь яго вынікае страта беларускага сувэрэнітэту.

(Грыб: ) “Беларускі бок, на мой погляд, ужо настолькі залез глыбока ва ўсе гэтыя мерапрыемствы, што вылезьці адтуль самастойна ня можа. А дапамагчы няма каму. Але ня ў акце самім будзе справа, а ў эканамічным аб’яднаньні. Алі расейскі капітал выкупіць нашыя асноўныя прадпрыемствы, тады ніякі Канстытуцыйны акт нікому нічога не дапаможа. Ён будзе як прыкрыцьцё. Галоўнае — трэба зрабіць адзін крок, як ён пацягне за сабою другі”.

На думку Мечыслава Грыба, ніякіх шанцаў на раўнапраўе з Расеяй у Беларусі няма. Расея цяпер актыўна намагаецца аб’яднаць эканоміку, грамадзянства, войска, і калі спачатку беларусаў ня будуць браць у расейскае войска, то пазьней пра цяперашнюю сытуацыю забудуць, ня мае ж Татарстан свайго войска, — кажа спадар Грыб. На яго думку, калі яшчэ сёлета беларускі ўрад і грамадзтва могуць процістаяць прыняцьцю дыскрымінацыйнага Канстытуцыйнага акту, адстойваць сваю дзяржаўнасьць, то пазьней будзе цяжэй, альбо і немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG