Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ЗЬВЯРНУЛІСЯ Ў КАМІТЭТ ААН ПА САНКЦЫЯХ І ЗАТРЫМАЛІ ВЫЛЕТ АДНАГО З САМАЛЁТАЎ ЗЬ МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

У нумары часопісу “Newsweek”, датаваным 17 лютага, зьмешчаны артыкул “Сувязі Лукашэнкі”, дзе распавядаецца пра беларуска-ірацкае супрацоўніцтве ў галіне зброі. Улады ЗША занепакоеныя частымі “гуманітарнымі авіярэйсамі” зь Менску ў Багдад, бо падазраюць, што самалёты насамрэч перавозяць забароненую зброю й нават вайсковых экспэртаў.

Паводле часопісу, прыблізна два месяцы таму ЗША зьвярнуліся ў камітэт ААН у справе санкцыяў супраць Іраку, каб прадухіліць адзін з авіярэйсаў зь Менску ў Багдад. “Ніхто ня будзе раскрываць тое, што знаходзілася, як падазравала Амэрыка, на борце самалёту, але дзеяньні ЗША мелі посьпех у тым, што самалёт у Менску на некалькі гадзінаў затрымалі на зямлі, перш чым дазволілі адляцець”, — піша “Newsweek”.

Амэрыканскія крыніцы, якія заслугоўваюць даверу, пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Часопіс паведамляе, што амэрыканцы ўжо даўно скардзяцца ў ААН на зьвязаныя з гэтымі авіярэйсамі прыкметна цьмяныя зьвесткі, ці маніфэсты пра груз. Часам на розныя рэйсы падаюцца аднолькавыя маніфэсты — зьмяняецца толькі дата.

Сакратар камітэту санкцыяў ААН Джынзан Ван патлумачыў, што строгіх правілаў запаўненьня гэтых маніфэстаў няма.

(Ван: ) “Што да маніфэстаў пра такія палёты, ёсьць, аднак, асноўныя патрабаваньні — гэта расклад палёту, тып авіярэйсу й самалёту. Калі ёсьць груз — што за груз, калі ёсьць пасажыры — хто яны. Гэта істотная інфармацыя, якую некаторыя дзяржавы-сябры, у тым ліку амэрыканцы, хацелі б мець, перш чым сказаць о’кэй”.

Аднак сыстэма кантролю за перавозкамі ў Ірак ня вельмі эфэктыўная. Фактычна ніхто не праводзіць праверак таго, што пададзена ў маніфэстах пра груз.

Вось як пракамэнтаваў публікацыю “Newsweek” афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Камітэт па санкцыях ААН адносна Іраку да Рэспублікі Беларусь ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Калі ў нейкіх публікацыях зьяўляюцца паведамленьні, што гэта ня так, дык гэта не адпавядае рэчаіснасьці”.

Але вядома, што сам камітэт па санкцыях і ня можа высоўваць прэтэнзіі. Паводле працэдуры, запыты могуць падаваць толькі краіны-сябры ААН.

Часопіс “Newsweek” піша таксама, што перад тым, як інспэктары ААН зьехалі з Іраку ў 1998 годзе, яны знайшлі на ірацкіх вайсковых аб’ектах забароненае абсталяваньне зь Беларусі. Яшчэ адной заклапочанасьцю ЗША ёсьць тое, што Беларусь можа выконваць ролю пасярэдніка для расейскай зброі, якую Крэмль – ці сумнеўныя фірмы ў Расеі – не асьмельваюцца прадаць Іраку адкрыта. Далей “Newsweek” зазначае: “Леанід Козік, адзін зь беларускіх чыноўнікаў, які езьдзіў у Ірак летась увосень, таксама займае пасаду ў праўленьні расейска-беларускай кампаніі, якая гандлюе зброяй з гэтых дзьвюх краін”.

Я патэлефанаваў старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніду Козіку й папрасіў яго пракамэнтаваць гэтае паведамленьне часопісу “Newsweek”.

(Козік: ) “Я адразу вам абвяргаю. Ні ў якіх кампаніях я не знаходжуся, тым больш у тых, якія б гандлявалі зброяй з Іракам. Калі гэты нумар выйдзе, я зраблю ўсе захады для таго, каб падаць у суд на тых, хто публікуе гэта, і буду дабівацца максымальнага задавальненьня маіх прэтэнзіяў. Гэта чыстая й нахабная хлусьня”.

Леанід Козік нагадаў, што быў сябром назіральнае рады беларуска-расейскае кампаніі “Белрусаўта”, якая займалася разьвіцьцём дызэльнага аўтамабілебудаваньня, а таксама сябром праўленьня шэрагу іншых кампаніяў — у 1998 годзе, калі працаваў віцэ-прэм’ерам, прычым гэтыя кампаніі, паводле спадара Козіка, ніяк не былі зьвязаныя са зброяй.

Аднак амэрыканскі часопіс нагадвае, што маленькая Беларусь з насельніцтвам усяго 10 мільёнаў чалавек зьяўляецца адным зь вядучых імпартэраў расейскіх узбраеньняў. Да таго ж “Newsweek”, спасылаючыся на менскія крыніцы, піша, што сярод нядаўніх пасажыраў рэйсу Менск–Багдад былі кіраўнікі некаторых найбуйнейшых беларускіх заводаў узбраеньняў, што існуюць з савецкага часу. “У ліку гэтых кампаніяў ёсьць тыя, што вырабляюць вайсковую оптыку, трактароў-трэйлераў, якія можна выкарыстоўваць як перасоўныя пускавыя прылады для ракетаў, і вытворчае абсталяваньне высокай дакладнасьці”.
XS
SM
MD
LG