Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ ЗАКЛІКАЕ “ЛЮБІЦЬ І КАХАЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ”


Вольга Бабак, Менск

“Каханьне — зьява інтэрнацыянальная, але кахаць па-беларуску можна й варта”, — да гэткай высновы прыйшлі наведнікі лекцыі-сэмінару “Любоў і каханьне ў нашым жыцьці”, які ладзіла для іх намесьніца старшыні ТБМ Л.Дзіцэвіч. Бадай усе мае суразмоўцы пагаджаліся, што было б цалкам натуральна выказваць свае пачуцьці на роднай мове, называючы каханага пяшчотным беларускім імем: да прыкладу, не Іосіфам, я Язэпам; не Ільлём, а Гальяшам; не Яўгеніяй, а Геняй. Праўда, на прыктыцы гэта не заўжды атрымліваецца.

(Студэнт: ) “Са сваёй дзяўчынай я спрабаваў, канечне… Але яна спрачалася: яна мянчанка, зь беларускай мовай у яе ня вельмі. Яна нават зьдзівілася, што можна і па-беларуску”.

Як распавяла Людміла Дзіцэвіч, ідэя акцыі “Любім і кахаем па-беларуску” належыць самым студэнтам: яны прапанавалі працягнуць добрую традыцыю, запачаткаваную верасьнёўскім месячнікам ТБМ “Размаўляем па-беларуску” і кастрычніцкім “Сьпяваем па-беларуску”.

(Дзіцэвіч: ) “Мы б хацелі навучыць нашых дзяцей любіць: як праяўляць любоў, як гаварыць пра любоў… Калі ў школе ня вучаць, давайце будзем вучыць мы, тым больш — па беларуску!”

Часам досьвед “лектара” ў далікатнае сфэры пачуцьцяў уступаў у супярэчнасьць з досьведам сучасных маладых людзей: апошнія, да прыкладу, ніяк не маглі пагадзіцца з тым, што каханьне можа быць карысным для здароўя. Беларускія студэнты ўпэўненыя, што найбольшую шкоду яно нясе мазгам і страўніку… Затое высьветлілася, што гісторыю любоўных прыгодаў сваіх славутых продкаў яны ведаюць ня горш за выкладчыкаў.

(Дзіцэвіч: ) “Калі ласка, слухайце гісторыю: маці не дазваляла сыну, каралю польскаму, ажаніцца. Але Ён не паслухаўся. Маці атруціла нявестку, і Ён даглядаў Яе да апошняга ўздыху…”

(Студэнтка: ) “Жыгімонт і Барбара Радзівіл!”

(Дзіцэвіч: ) “Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст. Абсалютна правільна!..”

Зладзіць сустрэчу са студэнтамі ТБМ дапамагала загадчыца катэдры беларускай мовы Тэхналягічнага ўнівэрсытэта Вольга Кузьміч.

(Кузьміч: ) “У паняцьці “любіць і “кахаць” мы ўкладаем больш шырокі сэнс. Вы сёньня ўбачылі цудоўныя веды нашых студэнтаў па гісторыі Беларусі, па гісторыі Бацькаўшчыны. І вось тое, што яны найперш любяць свой край, сваю зямлю, шануюць продкаў — гэта найвышэйшая адзнака любові ў цэлым…”

У бальшыні ВНУ навучальны сэмэстар толькі распачаўся, таму асноўная частка імпрэзаў ТБМ яшчэ наперадзе. Сэмінары й конкурсы ў межах акцыі “Любім і кахаем па-беларуску” пройдуць найбліжэйшым часам у Беларускім унівэрсытэце культуры; Л.Дзіцэвіч плянуе зладзіць для студэнтаў спатканьне з майстрамі беларускае любоўнае лірыкі (у прыватнасьці, з паэтам Рыгорам Барадуліным). А 19 лютага ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёла тэатар “Зьніч” пакажа спэктакль “Люблю” паводле паэтычных твораў А.Вярцінскага.
XS
SM
MD
LG