Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНГІСХАН ПАКІНУЎ МІЛЬЁНЫ НАШЧАДКАЎ


Віталь Цыганкоў, Прага

Генэтыкі, якія праводзілі дасьледаваньне насельніцтва на тэрыторыіі ад Каўказу да Кітаю, прыйшлі да высновы, што 8% мужчынаў, якія жывуць у межах былой мангольскай імпэрыі, нясуць Y-храмасомы, якія характаразуюць колішнюю мангольскую кіроўную дынастыю. Іншымі словамі, каля 16 мільёнаў мужчынаў, альбо 0,5% усяго насельніцтва Зямлі, могуць назваць сябе генэтычнымі нашчадкамі Чынгісхана.

Знаходка, як выглядае, стане першым генэтычным доказам наяўнасьці гэтак званага сэксуальнага адбору, своеасаблівай формы натуральнага адбору, калі нейкі мужчына альбо жанчына мае незвычайна вялікую колькасьць нашчадкаў. Гэты працэс можа моцна ўплываць на генэтычны склад розных жывых істотаў, што часам прыводзіць да такіх бянтэжлівых рысаў, як нязграбны хвост элегантнага паўліна.

Дасьледаваньне было праведзенае Крысам Тайлер-Сьмітам з Оксфардзкага ўнівэрсытэту разам з калегамі ў Кітаі, Пакістане, Узбэкістане і Малдове. Каля 10 гадоў навукоўцы зьбіралі кроў у прадстаўнікоў 16 народаў, якія жывуць на тэрыторыі былой мангольскай імпэрыі. У канцы 13 стагодьдзя сыны Чынгісхана кантралявалі тэрыторыю, якая раскінулася ад ціхаакіянскага ўзьбярэжжа Кітаю да Касьпійскага мора. Тайлер-Сьміт прааналізаваў ДНК Y-храмасомы, якая ёсьць часткай генома, неабходнага для ўсталяваньня паходжаньня, паколькі ён, як прозьвішча, перадаецца ад бацькі да сына.

Навукоўцы высьвятлілі, што храмасомы, якія нясуць генэтычныя прыкметы, паказвалі сваю блізкасьць адна да адной і да адзінай храмасамы-заснавальніцы. Гэтая храмасома з характэрнымі прыкметамі аказалася найшмат болей распаўсюджанай, чым можна было чакаць, сярод жыхароў былой мангольскай імпэрыі. Аднак сярод народаў па-за былымі межамі імпэрыі гэтая храмасома зусім не сустракаеца, акрамя хазарскага народу ў Пакістане і Афганістане, былых жаўнераў Арды, якія называюць сябе прамымі нашчадкамі Чынгісхана.

Тайлер-Сьміт кажа, што гэтая храмасома, верагодна, належыць дынастыі Чынгісхана. У тыя часы гвалтаваньні на скораных тэрыторыях былі, так сказаць, натуральнай узнагародай воінам за ратнюю працу. Да таго ж, мангольскія ханы мелі неабмежаваны доступ да жанчынаў у заваяваных краінах, якімі яны кіравалі 2 стагодзьдзі. “Паколькі ханы кантралявалі вялікія тэрыторыі, цалкам верагодна, што яны пакідалі пасьля сябе вельмі шмат дзяцей. Гэта вельмі ўражвае, – кажа Робэрт Дунбар зь Лівэрпульскага ўнівэрсытэту, суаўтар кнігі па экалёгіі чалавечых паводзінаў. – Гэта ашаламляльны прыклад таго, як вельмі малы род можа мець непрапарцыйна вялізную колькасьць нашчадкаў”.

Адказваючы на пытаньне, ці зьяўляецца такое энэргічнае размнажэньне пэўнай рысай натуры чалавека, калі яму даць такую магчымасьць, Дунбар усьміхаецца і адказвае, што гэта, напэўна, экстрэмальная форма, але не ўнівэрсальная. Аднак гэта ілюструе вострую прагу некаторых мужчынаў выкарыстоўваць свой статус і ўладу, каб павялічыць свае рэпрадукцыйныя вартасьці.

Дарэчы, у артыкуле ў “New York Times” нічога не гаворыцца пра тое, ці былі ў Чынгісхана, так бы мовіць, законныя жонкі. Зацікавіўшыся гэтым пытаньнем, я высьвятліў, што ўвогуле ў Ардзе квітнела і заахвочвалася шматжонства. Натуральна, што ў Чынгісхана было шмат жонак, ад кожнай зь якіх было па некалькі дзяцей. Аднак сярод жонак была і самая любімая – Бортэ. Зараз у Манголіі нават узьнікла ідэя паставіць ёй помнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG