Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ПРАЦЫ Й САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ НАМЕРВАЕЦЦА ПАВЯЛІЧЫЦЬ ПЭНСІЙНЫ ЎЗРОСТ


Галіна Абакунчык, Менск

Пра тое калі й на колькі будзе зьменены пэнсійны век міністэрскія чыноўнікі гавораць вельмі неахвотна. Так, кіраўнічка ўпраўленьня пэнсіяў Натальля Шаўлоўская ўвогуле адмовілася нешта паведаміць, заявіўшы, што ніякія напрацоўкі ў гэтым кірунку не вядуцца ўвогуле. Гаворыць Натальля Шаўлоўская:

(Шаўлоўская: ) “Распрацоўкі, якія датычаць падвышэньня пэнсійнага веку, не вядуцца. Калі гаварыць пра тое, калі гэта павінна быць, то гадоў пятнаццаць таму. Неабходнасьць такая ёсьць”.

Аднак менавіта ў гэтай структуры быў распрацаваны й цяпер на разглядзе Савету міністраў праект новага закону аб пэнсійнай рэформе. Паводле дакумэнта, кожныя тры месяцы пэнсійны век пачне адтэрміноўвацца яшчэ на тры месяцы. І гэтак да тае пары, пакуль афіцыйны час выхаду на адпачынак у жанчын не складзе 60-ці, а ў мужчынаў 62,5 гады. Пры сёньняшнім узроўні жыцьця для многіх грамадзянаў гэта можа стаць недасягальным тэрмінам кажа, — прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Нонсэнсам выглядае такая прапанова, асабліва ў дачыненьні працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Таму што там сярэдняя працягласьць жыцьця нават і не дацягвае да таго ўзросту, які прапануецца для выхаду на пэнсію. Што датычыць гэтага ўзросту адносна працы ў кабінэтах і сельскай мясцовасьці ці прамысловасьці, то гэта вельмі вялікая розьніца”.

Таксама зьменіцца становішча й на рынку працы: для маладых праблема ўладкаваньня стане яшчэ больш вострай. Акрамя таго, новы праект пэнсійнай рэформы прадугледжвае больш жорсткі падыход для пэнсіянэраў, якія здолеюць працаваць і надалей. Яны будуць вымушаныя выбіраць паміж заробкам і пэнсіяй, што скасоўвае магчымасьць мець дадатковыя даходы.

Экспэрты лічаць гэтыя прапановы эканамічна беспадстаўнымі. Гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Калі мы гаворым пра пэнсійную рэформу, то павінныя гаварыць пра комплекс захадаў, але гэтага няма. Адзінае, што клапоціць Міністэрства сацыяльнай бясьпекі — гэта як заплаціць пэнсіі сёньняшнім пэнсіянэрам. Таму я лічу, што павелічэньне пэнсійнага ўзросту — гэта ня тая мера, якая гарантуе нармалёвыя выплаты для пакаленьняў, якія будуць выходзіць на пэнсію цягам наступных 10–15 гадоў”.

Яраслаў Раманчук ёсьць аўтарам альтэрнатыўнага праекту пэнсійнай рэформы. Яна прадугледжвае пэрсанальную накапляльную сыстэму, якую можна перадаваць у спадчыну. Яшчэ ўвесну гэты дакумэнт быў прапанаваны на разгляд ураду краіны, аднак ня быў ухвалены. Бо, як паведамілі аўтару з уладных структураў, дзеля гэтага спатрэбілася б кардынальна зьмяніць увесь эканамічны лад гаспадараньня ў краіне.


Цікава параўнаць беларускае пэнсійнае заканадаўства з сытуацыяй у суседзяў. У Расеі і Ўкраіне пэнсійны ўзрост такі ж самы, як і ў Беларусі – 60 гадоў для мужчынаў і 55 для жанчынаў. У трох іншых суседзяў гэтыя ўзросты вышэй: паляк ідзе на працоўную пэнсію ў 65 гадоў, полька – у 60, у Літве пэнсійны ўзрост для мужчынаў – 62 гады, для жанчынаў – 58 гадоў, амаль такі ж пэнсійны ўзрост у Латвіі: 61 год і 6 месяцаў для мужчынаў і 58 гадоў і шесьць месяцаў для жанчынаў. Увогуле ў краінах Эўразьвязу ўзрост выхаду на працоўную пэнсію вышэйшы, чым у Беларусі. Напрыклад, у Нямеччыне ён такі ж, як у Польшчы – 65 гадоў для мужчынаў, 60 гадоў – для жанчынаў.
XS
SM
MD
LG