Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДАЎЦЫ ЦЭЗІЮ З БАБРУЙСКУ ПРАСІЛІ ЗА ДВА КАНТЭЙНЭРЫ РЭЧЫВА 500 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нядаўняе затрыманьне ў Бабруйску злачыннай групоўкі, якая спрабавала прадаць два кантэйнэры з радыеактыўным цэзіем 137-м, зноў прыцягнула ўвагу да праблемы захоўваньня ў Беларусі радыеактыўных і іншых небясьпечных рэчываў. Паводле зьвестак КГБ, які і затрымаў чатырох жыхароў Бабруйску, яны спрабавалі прадаць цэзій, скрадзены не на тэрыторыі Беларусі, а хутчэй за ўсё ў Расеі.

Кіраўнік аддзелу па сувязях з грамадзкасьцю КГБ Аляксандар Базанаў заявіў Радыё Свабода , што няма ніякіх зьвестак і пра сувязі гандляроў цэзіем з тэрарыстычнымі групоўкамі.

(Базанаў: ) “Не, такіх дадзеных ніколі не было, але сёньня ў Інтэрнэце дастаткова зьвестак пра тое, як сваімі рукамі зрабіць радыеактыўную бомбу. Таму мы і ня хочам гэтую тэму пашыраць, распаўсюджваць інструкцыі, а толькі паказваем, што такі выпадак быў. Гэтых людзей, якіх я бы назваў хворымі на галаву, затрымалі. Але ў дадзеным выпадку яны не былі тэрарыстамі”.

Адзін з затрыманых — былы прапаршчык мясцовай вайсковай часткі, астатнія — яго знаёмыя, якія вялі антысацыяльны лад жыцьця. Чалавек, які прывез ім на захоўваньне два кантэйнэры з радыеактыўным цэзіем і абяцаў падзяліцца прыбыткамі пасьля іх продажу, прыехаў з Расеі. Ён пакуль не затрыманы. Да ягоных пошукаў ужо далучылася расейская Фэдэральная служба бясьпекі.

Між тым, нельга не заўважыць, што Беларусь у паведамленьнях даволі часта фігуруе як месца, дзе знаходзяць радыеактыўныя рэчывы, якія былі скрадзеныя злачынцамі. Звычайна іх завозяць з Расеі, як у леташнім выпадку, калі ў прыежджых з Усходу былі знойдзеныя радыеактыўныя атрутныя рэчывы. Экспэрты потым высьветлілі, што падобным рэчывам у пачатку 1990-х гадоў быў забіты адзін зь вядомых расейскіх банкіраў Ківілідзі.

Аднак часткова незаконныя радыеактыўныя рэчывы трапляюць у Беларусь і праз заходнюю мяжу. “Беларусь — транзытная краіна, як тая ж Польшча. Праз нас таксама сюды-туды спрабуюць правезьці што заўгодна, у тым ліку і радыеактыўныя рэчывы. У гэтым сэнсе гэта нашая праблема”, — кажа Аляксей Базанаў з КГБ Беларусі.

Радыеактыўныя рэчывы выкарыстоўваюцца вельмі шырока ў самых розных галінах. Паводле дырэктара інстытуту “Белрад” Васіля Несьцярэнкі, у мэдыцыне яны выкарыстоўваюцца ў розных прыборах для дыягностыкі і для лячэньня, а таксама ў будаўніцтве і прамысловасьці.

(Несьцярэнка: ) “Нават пра абслугоўваньні газаправодаў выкарыстоўваюцца прылады з радыеактыўнымі рэчывамі, каб знаходзіць пашкоджаныя швы. Выкарыстоўваньне ізатопаў вельмі шырокае, і таму магчыма ўявіць, што попыт на іх вялікі”.

Але ён ня мае зьвестак пра тое, што ў Беларусі ўжо склаўся ценявы рынак такіх рэчываў.

Між тым, варта нагадаць, што прадаўцы цэзію з Бабруйску прасілі за два кантэйнэры гэтага рэчыва ажно 500 тысяч даляраў і ў выніку гандлю пагадзіліся зьнізіць суму ўгоды толькі на 50 тысяч. Паводле адмыслоўцаў, гэта ўказвае на тое, што яны арыентаваліся на нейкія рэальныя, а не прыдуманыя кошты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG