Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК АБВІНАВАЧВАЕ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТ У ПАДВОЙНЫХ СТАНДАРТАХ


Валер Каліноўскі, Менск

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту аб адносінах Эўразьвязу і Беларусі мае рэкамэндацыйны характар, — падкрэсьліваюць у МЗС Беларусі. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “На жаль, гэтая рэзалюцыя ня стала крокам наперад на шляху разьвіцьця супрацоўніцітва эўрапейскіх структураў з нашай краінай. Рэзалюцыя базуецца на няправільным уяўленьні пра рэальную сытуацыю ў Беларусі і зыходзіць з састарэлых пастулятаў палітыкі абмежаваных кантактаў. Мы лічым, што дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам павінен разьвівацца на канструктыўнай і раўнапраўнай аснове без выкарыстаньня падвойных стандартаў і неабгрунтаваных заключэньняў. Такі дыялёг можа быць рэалізаваны толькі на прынцыпе ўцягненьня нашай краіны ў эўрапейскія працэсы”.

Паводле словаў А.Савіных, МЗС вітае тую частку рэзалюцыі, у якой гаворыцца пра прыцягненьне Беларусі да праграмаў міжнароднага супрацоўніцтва Эўразьвязу ў галіне адукакцыі, культуры, аховы навакольнага асяродзьдзя, уключна з праектамі ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі.

У Палаце прадстаўнікоў таксама заўважылі апошнюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, і тут дазваляюць сабе выказвацца меней дыпляматычна. Гаворыць дэпутат Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Якія мы павінны рабіць рэформы? Тыя, якія прывядуць да, у поўным сэнсе гэтага слова, да цемры, пазбавяць наш народ сьвятла, як гэта адбылося дзякуючы рэформам у Расеі, дзе палавіна насельніцтва вярнулася да лучыны і газавых лямпаў? Або зрабіць тыя рэформы, як сёньня Расея — 70 адсоткаў харчоў завозіць з ЗША, Галяндыі і Нямеччыны? Што тычыцца, маўляў, што люді ў нас у турмах, дык чаму яны маўчаць, што ў Нямеччыне Эрых Крэнц, апошні першы сакратар ЦК Сацыялістычнай адзінай партыі Усходняй Нямеччыны сядзіць — за што, за палітычныя перакананьні”.

Такім чынам, спадар Касьцян не адмаўляе, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія сядзяць у турмах за палітычныя перакананьні, забываючы пры гэтым, што былы першы сакратар Сацыялістычнай адзінай партыі ГДР, на прыклад якой ён спасылаецца, адбывае пакараньне за важкія дзяржаўныя злачынствы.

Хаця Сяргей Касьцян лічыць, што Эўразьвяз несамастойны, што будуючы сваю палітыку адносна Беларусі, маўляў, ён выконвае волю ЗША, але тым ня менш, паводле ягоных словаў, афіцыйная Беларусь зацікаўленая разьвіваць адносіны з краінамі Эўразьвязу:

(Касьцян: ) “Вядома, мы зацікаўленыя, бо ў кожнай эўрапейскай краіне жывуць людзі, жывуць народы, якія нічога ня маюць да нас, ніякіх пррэтэнзіяў. І мы да іх ніякіх прэтэнзіяў ня маем. Адно толькі ёсьць жаданьне і ў іх, і ў нас: супрацоўнічаць на ўсіх узроўнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG