Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 САКАВІКА Ў БЕЛАРУСІ ПАВІНЕН УСТУПІЦЬ У СІЛУ ЗАКОН “АБ ЗБРОІ”


Любоў Лунёва, Менск

Паводле новага заканадаўства цывільнае насельніцтва пазбаўляецца права набываць, захоўваць і насіць агнястрэльную зброю. Выключэньне складаюць супрацоўнікі міліцыі апэратыўна-вышуковых аддзелаў і некаторыя сьледчыя крымінальнага вышуку. Але ёсьць яшчэ адна катэгорыя грамадзянаў, якой дазваляецца захоўваць зброю — сябры спартовых таварыстваў, якія ня менш за пяць гадоў займаліся кулявой стральбой, і сябры паляўнічага таварыства.

Астатнія грамадзяне павінны здаць добраахвотна ў міліцыю зброю, за якую нават прадугледжаная грашовая кампэнсацыя, але пакуль ніхто ня ведае яе памераў. Вядома толькі, што будзе створаная нейкая камісія, якая й будзе ацэньваць кошт зброі.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня грамадзкага парадку і прафіляктыкі МУС Мікалай Хінко ня выказаў асаблівага аптымізму наконт добраахвотнай здачы зброі насельніцтвам.

(Хінко: ) “Прыстойныя грамадзяне здадуць зброю, але большасьць яе застанецца на руках. Тая зброя, якая будзе здавацца, зь яе ніхто ніколі й не страляў. Мы будзем адбіраць у непрыстойных каля трох тысяч адзінак зброі за год. У Беларусь зброя трапляе з Расеі, з Каўказу. Бываюць злачынствы з ужываньнем агнястрэльнай зброі, але ў нас усё ня так праблемна, як у Расеі”.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў без асаблівага энтузіязму ўспрымаюць новы закон. Гаворыць дэпутат Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Як адабраць гэтую зброю? Людзі ж набылі яе за грошы. А мэханізм кампэнсацыі дагэтуль невядомы. Людзі заплацілі 300–400 даляраў, а цяпер павінны папросту здаць яе. Калі бандыты будуць ведаць, што ў людзей ёсьць нейкая зброя, то гэта, магчыма, было б лепей. На маю думку гэта ня вырашыць крымінагенную сытуацыю. Канечне, ніхто асабліва не жадае здаваць зброю. Тут могуць прыдумаць нейкія страшылкі... Я б не пайшоў”.

У паляўнічых і спартовых таварыствах апошнім часам рэзка ўзрасла колькасьць сяброў. Толькі аматараў паляваньня за апошнія гады пабольшылася на 50 тысяч чалавек. Людзі такім чынам намагаюцца легалізаваць сваю зброю. Летась 251 злачынства адбылося з ужываньнем агнястрэльнай зброі, але насамрэч большасьць зь іх — так званыя “бытавыя” злачынствы і няшчасныя выпадкі на паляваньні.
XS
SM
MD
LG