Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АСАБІСТА ВЫБІРАЎ САБЕ СУПЕРНІКАЎ НА “МЕНСКУЮ ЛЫЖНЮ-2003”


Ігар Карней, Менск

Напярэдадні з інспэктарскай праверкай “Раўбічы” наведаў міністар спорту генэрал-лейтэнант Юры Сівакоў у суправаджэньні спартовых функцыянэраў. Лыжню, па якой праз два дні пабягуць кіраўнікі краіны, асабіста агледзеў дарадца Лукашэнкі ў справах спорту Мікалай Ананьеў. Станам трасы адказныя чыноўнікі засталіся задаволеныя і цяпер толькі спадзяюцца на адсутнасьць сюрпрызаў ад прыроды — нагадаю, што бальшыня папярэдніх стартаў праходзіла па веснавой паводцы.

Задаволены вынікамі праверкі й дырэктар “Раўбічаў” Аляксандар Хандогін: ягоныя намаганьні не былі марнымі. Запытваю, ці вітае ён сам падобныя старты?

(Хандогін: ) “Чаму ж не вітаць? Мы ж не за плотам ад усяго сьвету! Калісьці гэта база была спэцыялізаваная. Потым зрабілі, каб крыху працавала і на людзей. Але падзел пакуль існуе: там, дзе займаюцца прафэсіяналы — гэта спорт, а там, дзе ёсьць магчымасьць людзям адпачыць — гэта сфэра турызму, актыўнага адпачынку. Іншая справа, што мы, як спартовая база, для спорту больш прыстасаваныя, чым для людзей, якія жадаюць проста адпачыць. Трэба яшчэ ствараць інфраструктуру; працуем над тым, каб прыўнесьці элемэнты забаўляльнага характарау. Не заўсёды атрымліваецца, бо, перш чым штосьці прапанаваць, трэба грошы ўкласьці”.

А напачатку тыдня ва ўсіх дзяржаўных установах адбыліся паседжаньні з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства спорту, дзе вылучаліся дэлегаты на “Менскую лыжню-2003”. Супрацоўнікаў бальшыні ведамстваў прымусілі да 100-адсоткавай прысутнасьці абапал трасы. У некаторых установах на лыжы зьбіраюцца паставіць нават пэнсіянэраў ды цяжарных жанчын: відавочна, каб міністар ці кіраўнік канцэрну адчуў, на якія ахвяры дзеля яго здольныя падначаленыя.

(Жанчына: ) “Насамрэч ня ведаю: сьмяяцца ці плакаць з гэтай лыжні, бо кіраўніцтва абавязала зьявіцца і стаць на лыжы. А калі я, пардон, цяжарная жанчына, зьбіраюся нарадзіць дзіця? Прычым тут лыжы? Я, натуральна, за здаровы лад жыцьця, але ж трэба думаць і пра здаровае патомства! А ня тое што з-за нечай прыхамаці паставім усіх на лыжы і пабяжым”.

Самі ўдзельнікі лыжных спаборніцтваў, сфармаваных на прынцыпах добраахвотна-прымусовых, хвалююцца ня меней за падначаленых. Гэтым разам Лукашэнка асабіста выбіраў, з кім стартаваць. Паказальна, што чыноўнікі, якія маглі бы скласьці канкурэнцыю Лукашэнку ў хуткасьці, пабягуць у розных зь ім камандах. Гаворыць куратар “Менскай лыжні-2003” ад Міністэрства спорту Пётар Міхеенка.

(Міхеенка: ) “Прэзыдэнт вызначае склад камандаў, якія будуць разам стартаваць. Сёлета ён асабіста вызначыў 12 камандаў, якія будуць зь ім бегчы. Апроч таго, мы праводзім спартакіяду апаратаў міністэрстваў і органаў дзяржаўнага кіраваньня. Сярод тых, хто мусіць паказаць належныя вынікі — міністар унутраных справаў Навумаў, міністар спорту Сівакоў, міністар па падатках і зборах Сумар, міністар інфармацыі Падгайны, старшыня КГБ Ерын, ну і шэраг астатніх. Скажу шчыра, на фінішы глядзім на тое, якое ягонае палажэньне ў гіерархіі: калі вышэйшы кіраўнік, то даем дадатковыя перавагі пры разьмеркаваньні месцаў”.

Нагадаю, што аматары-лыжнікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам стартуюць у суботу, 15 лютага, аб 11-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG