Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРОСТА МЕНШАЯ КОЛЬКАСЬЦЬ ЛЮДЗЕЙ ДАЖЫВЕ ДА ПЭНСІІ”


Ганна Соусь, Менск

Пэрспэктыва павелічэньня пэнсійнага ўзросту не надае менчукам аптымізму. Амаль усе выпадковыя мінакі адмоўна паставіліся да гэткай ініцыятывы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны.

(Спадарыня: ) “Гэтага рабіць нельга, таму што шмат людзей не дажывае да пэнсіі. Гэта першае пытаньне, а другое — памер саміх пэнсіяў вельмі малы, і, на жаль, зноў матэрыяльнае становішча не дазволіць пэнсіянэрам проста выжыць. Я лічу, што пакуль гэта рабіць рана. Гэта вельмі заканамернае становішча, але ж трэба шкадаваць тых людзей, якія ствараюць нацыю”.

(Другая спадарыня: ) “Здароўя ў 55 у жанчынаў ужо няма. Сіл ужо няма”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта дрэнна. Мая маці на пэнсіі. Яна ледзь дацягнула да яе. Некалькі гадоў да пэнсіі стан здароўя быў вельмі дрэнны. Таму я лічу, што 55 гадоў для жанчыны — гэта нармальны пэнсійны ўзрост”.

(Спадарыня: ) “Гэта я й раней чула, але мяне зараз больш клапоціць іншае пытаньне. Я пачула ўчора па радыё, што здымуць ільготы, але якім пэнсіянэрам і якога ўзросту, гэтага я не пачула”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта няслушнае рашэньне. Чалавек павінен выходзіць на пэнсію. У яго ўжо нейкія хваробы, нейкія іншыя моманты. А калі глядзець на цяперашнюю пэнсію, то як на яе жыць?”

(Спадарыня: ) “Гэта неабгрунтавана. І гэтак у нас працягласьць жыцьця ня вельмі вялікая. На жаль, проста меншая колькасьць людзей дажыве да пэнсіі. Тым больш, што і пэнсіі мусяць быць лепшымі”.

(Спадар: ) “Гэта залежыць ня толькі ад таго, як мы да гэтата ставімся, а ад становішча ў краіне. Мне зараз 70 гадоў, і я працую”.

(Спадарыня: ) “Трэба наадварот — паменшыць пэнсійны ўзрост, напрыклад, да 53 гадоў для жанчын. Мне зараз 56, і я ўжо ўсё… Не магу, разумееце”.

(Спадар: ) “Адмоўна стаўлюся. Трэба вырашаць эканамічныя праблемы ў першую чаргу з маладымі, а не за кошт старых”.

(Спадарыня: ) “Лекары вызначылі гэты ўзрост. Наколькі я ведаю, людзі ня ў стане пасьля гэтага ўзросту адэкватна рэагаваць на сытуацыю, нармальна паводзіць сябе, а гэта значыць, нармальна працаваць”.

(Спадар: ) “67 гадоў будзе — я чуў. Хто сядзіць, піша, той, можа, і дажыве да пэнсіі, а хто працуе, той не дажыве”.

(Спадарыня: ) “Мне ўсё роўна, больш будзе ці менш, таму што я даўно ўжо на пэнсіі”.

(Другая спадарыня: ) “Трэба жыць цяпер, плаціць людзям, плаціць сабе, расьціць сына. Я думаю, што я не дажыву да 60 гадоў”.

Гэтак паставіліся шараговыя мінакі да прапановы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны падоўжыць працоўны тэрмін для людзей, які дасягнулі пэнсійнага веку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG