Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРЫСЬВЯТЫ


Ягор Маёрчык, Дрысьвяты

Некаторыя мае знаёмыя кажуць, што калі яны глядзяць праграмы Беларускага тэлебачаньня, міжволі рука цягнецца пераключыць на іншыя каналы. А вось жыхары вёскі Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне, упарта круцяць настройкі, каб злавіць Першы нацыянальны канал БТ. Толькі лічаныя тубыльцы змаглі набыць за 300 даляраў спадарожнікавая талеркі. Астатнім, у тым ліку і Эмілі Шавэле, пра гэта застаецца толькі марыць.

(Шавэла: ) “Мы можам тут на розных мовах глядзець тэлебачаньне: і латыскае, і летувсікае. А беларускае? Няма беларускага тэлебачаньня! Як ні круці праграму, усё літоўцы перабіваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, так ці інакш, глядзяць гэтыя літоўскія і латыскія каналы. Якія ўражаньні?”

(Шавэла: ) “Ну якія ўражаньні? Быў такі пэрыяд, калі “Санта-Барбара” ішла на расейскай мове. І аднойчы... раз! І ўся “Санта-Барбара” пайшла па-летувіску. Быў сапраўдны шок! Бываюць часам цікавыя праграмы, якія можна глядзець, нават і ня вельмі разумеючы летувіскую мову: калі, прыкладам, пра жывёлаў распавядаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці спрыяе гэта вывучэньню летувіскай мовы?”

(Шавэла: ) “Як доўга глядзіш, пачынаеш крыху разумець летувіскую мову. На такім узроўні слабым, але разумець можна”.

(Карэспандэнт: ) “Жыхары Дрысьвятаў — ці хочуць яны, каб зьявілася Беларускае тэлебачаньне?”

(Шавэла: ) “Вядома, хочуць. Для мяне БТ цікава глядзелася б, бо я там усё разумею. Каб нам зрабілі так, каб нашыя антэны бралі Беларусь, было б вельмі добра. Цікава, што й у іншых краінах робіцца, але ня ведаць, што робіцца пад носам, гэта яшчэ горш”.

Тэлесыгнал з райцэнтру да Дрысьвятаў не даходзіць. Тая ж праблема й з радыё. Звыклых для вясковых хатаў радыёкропак тут няма. У FM-дыяпазоне чуваць адныя толькі літоўскія ды латыскія станцыі, а лавіць на кароткіх ды сярэдніх хвалях праграмы зь Менску мала ахвотных.

Ня так даўно тэлевежа ў Браславе вырасла на 10 мэтраў. Меліся набыць новае абсталяваньне, але не знайшлося 80 тысяч амэрыканскіх даляраў.

Пакрысе праблема з бытавой перарасла ў палітычную. Адсутнасьць праграмаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі значна прыніжае аўтарытэт мясцовай улады. Гэта вынікае са словаў старшыні сельсавету Ўладзіславы Казулькевіч.

(Казулькевіч: ) “Мне цяжка працаваць зь людзьмі, бо людзі ставяць мне гэтае пытаньне вельмі часта. І нават у часе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Я прыходжу на сход, а мяне людзі пытаюцца, што могуць зрабіць гэтыя дэпутаты, як яны нам могуць дапамагчы? Маўляў, выбіраем іх, а як мы нікому не былі патрэбныя, так і не патрэбныя, ніхто пра нас не клапоціцца. І мне цяжка адказваць людзям. Людзі зьвяртаюцца часта. Дапамагчы ў нас няма сродкаў. Выслухаеш чалавека, пагаворыш зь ім, нешта параіш. Ён прыйшоў засмучаны, а выходзіць ён нібыта задаволены”.


* * *
Я знаходжуся ля касьцёла Пятра й Паўла. Гэтая бажніца стаіць у самым цэнтры Дрысьвятаў. Дрысьвяты знаходзяцца на беразе возера. Возера адначасна зьяўляецца мяжой паміж Літоўскай Рэспублікай і Беларусяй. Ад касьцёла непасрэдна да дзяржаўнай мяжы менш за 300 мэтраў. Зараз цёмны час сутак, але пэўная частка Дрысьвятаў асьветленая: гэта з супрацьлеглага берага возера гараць ліхтары на Ігналінскай атамнай электрастанцыі. Яны такія моцныя, што гэтае зьзяньне бачна нават у Браславе, які знаходзіцца за 35 кілямэтраў ад Дрысьвятаў. Праваруч ад мяне знаходзяцца агні атамнай электрастанцыі. Неба сьветлае, амаль як удзень. Леваруч Беларусь — чорнае неба, якім яно й мусіць быць уначы.

Вяскоўцы спрадвеку жылі з возера. Беларусі належыць толькі 10% ягонай плошчы. Астатняе — тэрыторыя Літвы. Дзяржаўная мяжа, якая на пачатку 1990-х прайшла пад самымі хатамі, не дазваляе цяпер рыбачыць дзе заўгодна. Але мясцовых рыбакоў гэтая акалічнасьць не засмучае. Іван Гідзюн супакойвае: рыбы хопіць на ўсіх.

(Гідзюн: ) “Калі пойдзеш на рыбу, дык абавязкова зловіш сабе на патэльню, а то й на дзьве, а то й на тры. А калі добра пашэнціць, дык можаш злавіць столькі, каб прадаць ці памяняць суседу на нейкую рэч”.

(Карэспандэнт: ) “А што ловіцца ў Дрысьвяцкім возеры?”

(Гідзюн: ) “Можна злавіць вялікую польскую плотку, шчупакі ёсьць. Я адзін раз паехаў і на вуду было злоўлена 10 кіляграмаў рознай рыбы. Уплыў атамнай станцыі вельмі вялікі. Рыба страчвае сваю якасьць. Рыба раней была трошачкі інакшай. Яна інакш выглядала, яна была іншая на смак”.

(Карэспандэнт: ) “Усе ведаюць, што такое шчупак на смак. А што такое шчупак, злоўлены ля Ігналінскай атамнай электрастанцыі?”

(Гідзюн: ) “Мяса ў яго такое разварыстае, трошачкі штучнае. Ну, не выглядае ён сапраўдным шчупаком, які можна вылавіць у іншым возеры!”

Ігналінскую атамную электрастанцыю адмыслова пабудавалі на беразе возера. Сваімі нетрамі яно ахалоджвае ядзерны рэактар. Насельніцтву навакольных вёсак забаранілі браць ваду са ставу і студняў. У вясковых хатах зьявіўся гарадзкі вадаправод.

Навуковыя адмыслоўцы зь Менску ўвесь час сочаць за радыяцыйнай сытуацыяй у навакольлі Інгналінскай АЭС. Яны цьвердзяць, што тут няма падвышанага радыяцыйнага фону. Тым ня менш, прырода за апошнія гады зьмянілася тут вельмі істотна.

Па-першае, гарачая вада з рэактару назад зьліваецца ў возера, у выніку чаго яно не пакрываецца льдом нават у самыя лютыя маразы. А па-другое, дно, якое раней можна было разгледзець з паверхні, цяпер усьцілаюць расьліны. Сям-там з вады на пяць мэтраў у вышыню тырчыць хмызьняк таўшчынёю з палец.

На выезьдзе з Дрысьвятаў знаходзіцца мясцовая адметнасьць — кавалак зямлі, абнесены калючым дротам. Там стаіць аднапавярховы будынак. Вісіць шыльда, якая паведамляе, што гэтая тэрыторыя ахоўваецца і тут забаронена праходзіць. Вось гэты кавалак зямлі ў міждзяржаўных беларуска-літоўскіх пагадненьнях праходзіць пад назовам “Аб’ект-500”. Ён рэгулюе водныя шлюзы, якія ахалоджваюць рэактар на Ігналінскай атамнай электрастанцыі. Фактычна, гэта тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі. Але ніякай дадатковай аховы тут няма. І атрымліваецца, што на тэрыторыю суседняй дзяржавы можна трапіць, калі пералезьці праз плот.


* * *
Рабіць мне на тэрыторыі суседняй дзяржавы не было чаго, я туды й не палез. Замест гэтага скіроўваюся да Ўладзімера Трыдзінскага. Паводле мясцовых мерак, яго можна лічыць мільянэрам. Я ўжо згадваў, што ў тутэйшай калектыўнай гаспадарцы людзям затрымліваюць сьнежаньскія 10 тысяч. А спадар Трыдзінскі стабільна атрымлівае 240. Ды й ня тысяч беларускіх рублёў, а даляраў ЗША. Ён працуе на гэтым самым “Аб’екце-500”.

Да майго зьяўленьня паставіўся вельмі насьцярожана. Доўгі час размаўлялі праз зачыненыя дзьверы.

(Трыдзінскі: ) “Можа, вы шпіён?”

(Карэспандэнт: ) “Ды я вам дакумэнты пакажу!”

Глядзець журналісцкія пасьведчаньні гаспадар ня стаў. Проста запрасіў у хату. Жонка, седзячы ў суседнім пакоі, залямантавала, каб ён не размаўляў са мною, а патэлефанаваў “куды трэба”. Ратуючыся ад такіх парадаў, Уладзімер Трыдзінскі зачыніў дзьверы, і наша гутарка пачалася:

(Трыдзінскі: ) “Аб’ект-500” лічыцца сакрэтным. А што там сакрэтнага? Пра яго ў газэце пісалі. Калі сакрэтны, дык навошта было ў газэце пісаць?”

(Карэспандэнт: ) “Вы працуеце на атамнай электрастанцыі, у той жа час жывяце тут, у Дрысьвятах. Вы кантактуеце зь людзьмі й бачыце іхны настрой. Як яны ставяцца да такога суседзтва?”

(Трыдзінскі: ) “Ня вельмі пажадана. Людзі больш пачалі хварэць. Залоза ў іх баліць. Вось і мая жонка хварэла. Толькі ў Віцебску і выратавалі. Лекар пытаўся: “Дзе вы былі? У Чарнобылі, што атрымалі такую дозу апраменьваньня?” А яна гаворыць: “У нас свой Чарнобыль ёсьць — Ігналінская станцыя”. Клімат зьмяніўся, стала больш пустазельля расьці, агародніна стала не такая багатая, як была раней”.

(Карэспандэнт: ) “А псыхалягічна ёсьць страх, што жывяце побач са станцыяй?”

(Трыдзінскі: ) “Ай! Нам, старым, якая розьніца, калі паміраць — на тры гады раней ці пазьней”.

Для жыхароў Дрысьвятаў адсутнасьць Беларускага тэлебачаньня — больш актуальная праблема, чым выжываньне пад бокам у атамнай электрастанцыі. БТ калі-небудзь зьявіцца-такі тут. А вось з Ігналінскай АЭС ня ўсё так проста.

Краіны Эўразьвязу пасьля выбуху ў Чарнобылі страцілі давер да савецкіх атамных рэактараў. Літва імкнецца ў аб’яднаную Эўропу. Раней ці пазьней станцыю прыйдзецца закрыць. Але нават калі гэта адбудзецца заўтра, канчатковае спыненьне рэактара, вываз радыеактыўнага паліва, адкідаў і, нарэшце — кансэрваваньне самой станцыі — расьцягнуцца на гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG