Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ СТРОЧЫЦА МЕНСКАГА РАЁНУ П’ЮЦЬ ВАДУ З РЭЧКІ ПЦІЧ


Міхал Стэльмак, Строчыцы

Вада — галоўная праблема жыхароў Строчыцы. Вось што паведаміла на гэты конт мясцовая пэнсіянэрка Тамара Савіцкая:

(Савіцкая: ) “Няма вады. Стаіць адзін калодзеж пасярод вёскі. Але там вады не дастаць. Трэба качаць. Не працуе гэты калодзеж. І ўсё. І ваду ходзім браць з рэчкі”.

Строчыца месьціцца на беразе Пцічы. Берагі тут высокія й крутыя. Паходы за вадой, паводле словаў Івана Савіцкага, вымагаюць ад вяскоўцаў шмат сілаў:

(Савіцкі: ) “У канцы вёскі зрабілі кладку. Людзі падаюць у рэчку. Ужо не адзін чалавек зваліўся”.

Маладзейшыя зь вяскоўцаў шукаюць крыніцаў зводдаль ад вёскі, якія аднак, паводле словаў Алега Важніка, таксама не ўратоўваюць:

(Важнік: ) “Нават у крыніцу пойдзеш, вядры чатыры набярэш, і трэба чакаць хвілін дваццаць, каб вады набегла. Вось такія праблемы”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму тут вады няма?”

(Важнік: ) “Як возера спусьцілі, то ва ўсіх калёнках зьнікла вада. Узровень упаў. Мусіць, гады два мы без вады. Мучымся”.

(Шыманкоў: ) “Там будуюць. Гэта ўсё ідзе ад міністэрства, ад Лукашэнкі”, — паведаміў пэнсіянэр Хведар Шыманкоў.

Аляксандар Лукашэнка насамрэч мае непасрэднае дачыненьне да зьнікненьня тут пітной вады. Гэта мне пацьвердзілі ў Шчомысьліцкім сельсавеце, які апякуецца Строчыцай. Бяда ў вёску прыйшла пасьля ўказаньня Лукашэнкі мадэрнізаваць водна-спартовую базу на Пцічы. Вось што паведаміла на гэты конт старшыня выканкаму сельсавету Галіна Станішэўская:

(Станішэўская: ) “Зацікавіўся наш прэзыдэнт і паехаў паглядзець, у якіх умовах рыхтуюцца нашы спартоўцы. Было прынятае рашэньне пра будаўніцтва новай базы. Адкрылі шлюзы, і вада пакінула вадасховішча Пціч. І ў Строчыцы, натуральна, рэчка абмялела”.

Як зараз высьвятляецца, не было папярэдняй экспэртызы праекту. Будаўнікі кінуліся выконваць рашэньне Лукашэнкі без кансультацыяў з дасьведчанымі адмыслоўцамі. Ні ў сельсавеце, ні ў Менскім райвыканкаме ня ведаюць пра тэрмін завяршэньня мадэрнізацыі спартовага аб’екту. Жыхары Строчыцы, паводле словаў мясцовай пэнсіянэркі Сьвятланы Корбут, стаміліся прасіць дапамогі:

(Корбут: ) “Ходзім на выбары, галасуем. Выбіраем, але з гэтага няма толку. І ніхто нам не абяцае праблему вады вырашыць. Адбыліся гэтыя выбары, прагаласавалі й паехалі. А сустрэчаў з дэпутатамі, каб ваду зрабілі, ці калодзеж, ці кладку, няма”.

(Валовік: ) “Хутчэй бы падохнуць. Калі б у 45-м годзе забілі пад Варшавай, дык шчасьлівы бы быў”, — сказаў інвалід другой усясьветнай вайны Васіль Валовік са Строчыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG