Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТРАДЫЦЫЙНЫЯ МЭТАДЫ ВЫБАРЧАЙ АГІТАЦЫІ НЕ ДАЮЦЬ ПЛЁНУ


Уладзімер Глод, Менск

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у сталічнай Любімаўскай акрузе №23 Сяргей Альфер ужо правёў дзьве сустрэчы з сваімі выбарцамі. Традыцыйна райвыканкам выдзяліў для гэтай справы школьныя памяшканьні. Гаворыць спадар Альфер:

(Альфер: ) “На першай сустрэчы прысутнічалі два выбарцы, а таксама некалькі чалавек з каманды майго канкурэнта. А на другой толькі адзін выбарац. І гэта пры тым, што мая каманда абышла адсоткаў з 80 кватэр на тых участках, зь якіх мы запрашалі выбарцаў. Гэта значыць, што мы запрасілі на гэтыя сустрэчы дзесьці каля дзьвюх тысяч чалавек асабіста”.

Пасьля такога выніку Сяргей Альфер адмовіўся ад далейшых сустрэчаў у школах. Ягоная агітацыйная кампанія запатрабавала значных карэктываў. Гаворыць кандыдат у дэпутаты:

(Альфер: ) “Асноўнае на сёньняшні дзень, паводле майго меркаваньня, абход выбарцаў ад дзьвярэй да дзьвярэй. Калі я асабіста і сябры маёй каманды так ходзяць ці распаўсюджваюць выбарчыя матэрыялы, ці распавядаюць пра мяне, дык якраз гэты кірунак сёньня вельмі істотны”.

Досьвед папярэдніх выбарчых кампаніяў паказаў, што людзі ахвотна ўступаюць у гаворку каля гастраномаў, унівэрсамаў ды іншых гандлёвых кропак. Але цяпер і на сустрэчы па-за памяшканьнем патрэбна браць дазвол. Прычым, згодна з законам аб вулічных шэсьцях, мітынгах і дэманстрацыях, заяўкі патрэбна накіроўваць за 15 дзён да пачатку мерапрыемства.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік тут праблемы ня бачыць. Паводле ягоных словаў, ёсьць дамоўленасьць з намесьнікам старшыні Менскага гарвыканкаму.

(Лазавік: ) “Я асабіста размаўляў зь Петрушыным. Падайце заяўку, а дамоўленасьць такая — падайце заяўку, выканкам задавальняе яе неадкладна. Нават заяўку падалі, і папярэдзілі, каб выканкам ведаў, што, напрыклад, у двары дома №49 па вуліцы Маякоўскага ў дакладны час пройдзе сустрэча з жыхарамі гэтага дома. Я размаўляў з усімі абласьцямі, і ўсюды ёсьць узаемапаразуменьне”.

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць, што неабходнасьць дазволу на правядзеньне мерапрыемстваў па-за памяшканьнямі абмяжоўвае магчымасьці кандыдатаў.

(Роўда: ) “Таму застаецца адзінае — хадзіць па кватэрах і распаўсюджваць нейкую выбарчую літаратуру. Безумоўна, ёсьць яшчэ адзін момант — вывучэньне мінулых выбараў. І правядзеньне на яго падставе мэтанакіраванай выбарчай кампаніі. Калі б былі зьвесткі па акругах, дык самы лепшы варыянт — хадзіць да тых людзей, якія спрыяльна ставяцца да дэмакратычных кандыдатаў. Але не ва ўсіх партыях, я ведаю, ёсьць такія зьвесткі”.
XS
SM
MD
LG