Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ АДБУДЗЕЦЦА ФЭСТЫВАЛЬ ПРАВАСЛАЎНЫХ СЬПЕВАЎ ПАМЯЦІ ГЕОРГІЯ КАНІСКАГА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Фэстываль царкоўных сьпеваў памяці Георгія Каніскага праводзіцца ў Магілёве дзесяць гадоў — пасьля таго, як архіяпіскап Магілёўскі і Беларускі Георгі Каніскі быў кананізаваны праваслаўнай царквой і цяпер шануецца як Сьвяціцель Георгі. 13 лютага — дзень смерці гэтага вядомага праваслаўнага архіяпіскапа. Так што ён невыпадкова абраны для правядзеньня фэстывалю.

Сёлета, як і звычайна, фэстываль укладаецца ў адзін вялікі канцэрт, у якім бяруць удзел пераважна магілёўскія прафэсійныя і аматарскія харавыя калектывы. Яны выконваюць царкоўныя сьпевы толькі праваслаўных хрысьціянаў.

Чаму ж арганізатары фэстывалю робяць такія абмежаваньні і аддаюць перавагу толькі адной канфэсіі? Ініцыятары кажуць, што фэстываль зьяўляецца данінай памяці чалавеку, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі як заўзяты змагар за праваслаўную веру. І таму такое абмежаваньне — толькі праваслаўныя царкоўныя сьпевы — у нечым адпавядае характару дзейнасьці Георгія Каніскага.

Трэба адзначыць, што гэтая асоба па-рознаму ацэньваецца гісторыкамі і вернікамі: адныя называюць Каніскага заступнікам праваслаўных, іншыя — жорсткім чалавекам, які насаджаў сваю веру. Аднак усе зыходзяцца ў тым меркаваньні, што Каніскі быў неардынарны чалавек сваёй эпохі — асьветнік, гісторык, паэт.

Гэты фэстываль памяці праваслаўнага архіяпіскага — не адзіны фэстываль духоўнай музыкі і сьпеваў у Магілёве. Ёсьць і іншы фэстываль — “Магутны Божа”, які калісьці быў ініцыяваны магілёўскімі католікамі. І паводле свайго характару ён моцна кантрастуе зь сёньняшнім — адрозна ад фэстывалю праваслаўных сьпеваў, “Магутны Божа” абвешчаны экумэнічным, у ім бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх рэлігійных канфэсіяў — католікі, праваслаўныя хрысьціяне, пратэстанты і юдэі.

Квіткі каштуюць 2–3 тысячы рублёў, і аб’яўлена, што канцэрт дабрачынны. Грошы за квіткі будуць пералічаныя на будаўніцтва ў магілёўскім раёне “Задняпроў’е” Спаса-Прэабражэнскага храму. Будаўніцтва гэтага праваслаўнага храму пачалося каля двух гадоў таму, і плянуецца, што ён будзе самым вялікім у Беларусі.
XS
SM
MD
LG