Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАСПАДАРЧЫ СУД АДМОВІЎСЯ РАЗГЛЯДАЦЬ ПАЗОЎ ГАЗЭТЫ “МЕСТНОЕ ВРЕМЯ-ПРЕСС” ДА АБЛВЫКАНКАМУ


Любоў Лунёва, Менск

Нагадаем, Менскі аблвыканкам летась зарэгістраваў газэту “Местное время-пресс”. Пасьля выхаду трох нумароў у рэдакцыі зьявіліся падатковыя інспэктары. Яны пакаралі адміністрацыйным штрафам рэдактара Анатоля Гуляева за тое, што юрыдычны адрас не супадае з фактычным. Адразу пасьля гэтага аблвыканкам скасаваў рашэньне пра рэгістрацыю газэты.

На думку старшыні праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэя Бастунца, аблвыканкам парушыў юрыдычныя нормы, бо калі ён намагаўся закрыць газэту, то ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам трэба было весьці працэдуру ліквідацыі.

Сёньня адбылося другое паседжаньне. Суд павінен быў разглядаць хадайніцтва рэдакцыі газэты, у якім яна прасіла суд адмяніць рашэньне аблвыканкаму і спагнаць з апошняга 2 мільёны рублёў на карысьць газэты ў якасьці кампэнсацыі фінансавых стратаў. Замест гэтага судзьдзя паведаміў, што разглядаць справу ён болей ня будзе з прычыны адсутнасьці суб’екту. Ён нават прадэманстраваў прысутным на кампутары адсутнасьць рэестравага нумару падаткаплатніка.

Рэдактар Анатоль Гуляеў не чакаў такога павароту справы:

(Гуляеў: ) “Я заўсёды казаў, што ў нас няма падставаў, каб сумнявацца ў справядлівасьці суду. Сёньня ў нас такія падставы зьявіліся, бо працэдура была дзіўнай, калі не сказаць, сьмешнай. Не далей, як тыдзень таму я атрымаў паперу зь Менскага аблвыканкаму, у якой мне прапанавалі прадставіць дакумэнты ў інспэкцыю, каб падрыхтаваць выключэньне юрыдычнай асобы з рэестру. А зараз юрыст аблвыканкаму заяўляе, што мы выключаныя на момант падачы пазову... Тут мне нічога незразумела”.

Намесьнік рэдактара Аляксандар Коктыш дадаў:

(Коктыш: ) “Безумоўна, мы чакалі сярод іншых і такія абсурдныя з прававога пункту гледжаньня варыянты. Тут не магло адбыцца без загаду зьверху. Такі вынік нашай справы быў зрэжысаваны і сплянаваны. Гэта яскравае сьведчаньне таго, што для незалежнай прэсы ў гэтай краіне прававога поля няма. У нас міннае поле, па якім мы ідзем і будзем усё роўна ісьці”.

Заўтра рэдакцыя газэты падасьць скаргу на рашэньне судзьдзі Аляксандра Брагіна і новы пазоў да аблвыканкаму.
XS
SM
MD
LG