Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БІН ЛЯДЭН ЗАКЛІКАЕ МУСУЛЬМАНАЎ АБАРАНІЦЬ ІРАК, АДНАК КРЫТЫКУЕ ХУСЭЙНА


Віталь Цыганкоў, Прага

У сваёй заяве, перададзенай учора кувэйтскай тэлекампаніяй Аль-Джазіра, Бін Лядэн, калі гэта ён, абвінавачвае ЗША ў імкненьні распачаць вайну супраць Іраку дзеля кантролю над ягонымі нафтавымі запасамі і дзеля ізраліьскага дамінаваньня ў рэгіёне. Голас заклікае мусульманаў паўстаць і адбіць любыя амэрыканскія атакі на Ірак, а таксама нагадвае пра тэракт 11 верасьня.

(Голас: ) “Мы падкрэсьліваем важнасьць самаахвярных атакаў супраць ворагу. Гэтыя напады прынеслі Амэрыцы ды Ізраілю бяду, якую яны дагэтуль не бачылі”.

Амэрыканскія прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што якасьць запісу дастаткова добрая і голас на стужцы гучыць вельмі падобна да голасу Бін Лядэна, хаця адмыслоўцам трэба будзе яшчэ некалькі дзён, перш чым яны здолеюць даць дакладную ацэнку. Зь іншага боку Бін Лядэн, калі гэта ён, у апошнім пасланьні не выказвае падтрымкі прэзыдэнту Іраку Садаму Хусэйну і ягонаму сьвецкаму ўраду, які ён называе сацыялістычным і поўным бязбожнікаў. Наадварот, голас кажа, што мусульмане павінны бараніць ірацкі народ, а не правіцеляў:

(Голас: ) “Змаганьне мусіць быць толькі ў імя Алаха, але не ў імя нацыянальных ідэялёгіяў і ня дзеля перамогі недасьведчаных і непісьменных урадаў, якія кіруюць усімі арабскімі краінамі, улучна з Іракам”.

Нягледзячы на гэтыя словы з аўдыёпасланьня, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл лічыць даказанымі кантакты Аль-Каеды з Іракам. “Мы ня можам надалей адварочвацца і ігнараваць сувязі паміж тэрарыстамі і дзяржавамі, што распрацоўваюць зброю масавага зьнішчэньня”, – заявіў Паўэл. У цэлым аналітыкам пакуль не зусім відавочна, якім чынам абнародаванае пасланьне Бін Лядэна можа паўзьдзейнічаць на намер адміністрацыі Буша пачаць вайну з Іракам.

Тым часам, амэрыканскія кангрэсмэны з дэмакратычнай партыі ўхапіліся за стужку, каб абвінаваціць адміністрацыю Буша ў ігнараваньні вайны супраць тэрарызму і канцэнтрацыі ўсіх намаганьняў выключна на Іраку.
XS
SM
MD
LG