Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ГРАМАДЗЯНАЎ, ЯКІХ ПАДАЗРАЮЦЬ У ЗЛАЧЫНСТВАХ, ПАЗБАВІЛІСЯ ПРАВА АБАРАНЯЦЬ РОДНЫХ ПАДЧАС СЬЛЕДЗТВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 5 тысяч грамадзянаў, якіх падазраюць у крымінальных злачынствах. Паводле новага Крымінальнага кодэксу, які дзейнічае з 2001 году, на час сьледзтва і суду гэтыя людзі атрымалі права карыстацца юрыдычнай дапамогай ня толькі прафэсійных адвакатаў, а пры адпаведным жаданьні і сваякоў.

Але сёлета з 8 лютага, праіснаваўшы ўсяго два гады, гэткая практыка скончылася. У дзеяньне ўступілі дапаўненьні ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, ініцыяваныя Аляксандрам Лукашэнкам і прынятыя дэпутатамі Нацыянальнага сходу. Паводле гэтых дапаўненьняў сваякі да абароны абвінавачаных падчас сьледзтва ўжо не дапускаюцца.

Марыя Каток з Горадні, сын якой ужо паўгоду сядзіць у сьледчым ізалятары Менску на вуліцы Валадарскага, была вельмі засмучаная гэтай навіной. Яна кажа, што аказвала сыну ня толькі маральную падтрымку, але давала і карысныя юрыдычныя парады, безь якіх ён бездапаможны. Я спытаўся ў спадарыні Каток, як часта яна наведвала сына ў ізалятары.

(Каток: ) “Два разы на тыдзень, як дазвалялі сродкі. Бо каб наняць адваката, трэба заплаціць 100 тысяч, каб толькі ён туды ўвайшоў. А там ён можа прабыць гадзіну, а можа і 15 хвілінаў. А цяпер я мушу зьвяртацца да судзьдзі, каб той дазволіў бараніць сына, і сын мусіць зьвярнуцца да судзьдзі, але ж каб яму гэта падказаць, зноў жа трэба наняць адваката. Яны ж там ня ведаюць законаў”.

Марыя Каток лічыць, што яе сын невінаваты, а дапамагчы яму ня мае магчымасьці, бо яе заробак дробнай чыноўніцы не дазваляе карыстацца паслугамі адвакатаў.

Паводле закону чалавек, якому не стае сродкаў наняць адваката з адвакацкай калегіі, можа скарыстацца паслугамі дзяржаўнага абаронцы. Такіх абаронцаў бясплатна прадастаўляюць у сьледчых ізалятарах. Але некаторыя з тых, хто карыстаўся паслугамі такіх адмыслоўцаў, лічаць, што пагадзіліся на гэта дарэмна. Мянчанка Валянціна Міхаленка распавядае:

(Міхаленка: ) “Далі нам адваката дзяржаўнага, дык, калі быў першы дзень судовага паседжаньня, яна нават у суд не прыйшла. Якая ж гэта дапамога?”

Сын Валянціны Міхаленкі абвінавачваецца ў хуліганстве, але, паколькі ён ўжо быў асуджаны, яму пагражае сур’ёзнае пакараньне, некалькі гадоў турмы. Як магла, яна спрабавала дапамагчы сыну, які, паводле яе расповеду, не рабіў таго, што яму прыпісалі. Яна згодная, што яму лепш можа дапамагчы кваліфікаваны адвакат, але грошай на яго ў Валянціны Міхаленкі няма.

(Міхаленка: ) “Нас і так загналі з гэтымі пэнсіямі й заробкамі ў такую яміну, а цяпер яшчэ і апошнія грошы цягнуць на адвакатаў. Ну дзе я іх вазьму, калі няма? Хіба кватэру прадаць, каб потым бамжаваць”.

Мянчанка Сьвятлана Драніца лічыць, што сваякоў пазбавілі права быць юрыдычнамі прадстаўнікамі падсьледных, каб пашырыць магчымасьці сьледзтва. Яна, прыкладам, не дазваляла ахоўнікам ізалятара зьдзекавацца зь яе непаўнагадовага сына, калі той знаходзіўся на Валадарцы.

(Драніца: ) “Я магла пайсьці да начальніка ізалятара і спытацца, чаму з маім сынам абыходзяцца гэтак, а ня так, як трэба паводле закону. І пытаньне вырашалася. А цяпер такога ня будзе. Сьледчыя будуць рабіць што заўгодна, каб выбіць патрэбныя ім паказаньні”.

Прафэсійны адвакат і вядомая праваабаронца Вера Страмокоўская заўважае, што новаўвядзеньне будзе найперш выгаднае дзяржаве і адвакацкім калегіям. “Людзі часьцей будуць зьвяртацца па дапамогу да платных адвакатаў, а ад заробленых тымі грошай 20% ідзе дзяржаве і 30% — адвакацкай калегіі. Такім чынам, дзяржава яшчэ больш удасканальвае сыстэму маніпуляваньня адвакатамі”, — кажа Вера Страмкоўская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG