Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ МЕНЧУКІ НЯ ВЕРАЦЬ, ШТО ПАСЬЛЯ ЗАГАДУ ЛУКАШЭНКІ ЦЭНЫ ПЕРАСТАНУЦЬ РАСЬЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Толькі невялікая частка апытаных (перадусім людзі пэнсійнага веку) заявілі, што вераць усяму, што кажа Лукашэнка. Некаторыя казалі, што хочуць верыць у абяцаньне спыніць рост цэнаў, але сумняюцца ў рэальнасьці яго выкананьня.

(Спадарыня: ) “Канечне, рост цэнаў мусіць спыніцца, бо прэзыдэнт гэтага хоча й стараецца”.

(Спадарыня: ) “Вядома, ён зробіць усё магчымае, але гэта вельмі складана. Таму я ня ўпэўненая, што рост цэнаў спыніцца”.

(Спадарыня: ) “Калі беларускі рубель будзе стаяць на месцы, то й цэны ня будуць расьці. А як будзе — пабачым”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, спыніцца, ня спыніцца, але Лукашэнку-то я веру. Па-мойму, ён харошы чалавек проста”.

(Спадар: ) “Ну так, я веру абяцаньням прэзыдэнта, бо гэта можна вырашыць адміністрацыйнымі мерамі. А як гэта паўплывае на жыцьцё? Напэўна, будзе як у Савецкім Саюзе: будзе адцягнутае вырашэньне праблемаў”.

Аднак пераважная бальшыня маіх выпадковых суразмоўцаў заявіла, што ня вераць ні ў самастойнасьць ураду, ні ў абяцаньне Лукашэнкі спыніць цэны.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што цэны будуць расьці й надалей, бо слабая эканоміка”.

(Спадар: ) “Не магу зразумець, коштам чаго гэта можа адбыцца”.

(Спадарыня: ) “Усё добра на словах. Ужо колькі разоў гаварылася пра гэта й нічога-нічога ня робіцца. На працы людзі кажуць, што ўжо нічому гэтаму ня вераць”.

(Спадар: ) “Неаднаразова прэзыдэнт казаў, што рост цэнаў будзе стаяць на месцы, але такога быць ня можа”.

(Спадарыня: ) “Усё мяняецца, і замарозіць толькі цэны нерэальна. Таму я гэтаму ня веру”.

(Спадар: ) “Ня мог ня ведаць прэзыдэнт, што робіць наш урад. Таму што наш урад ня ў стане нешта зрабіць бязь ведама прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Абяцанкі спыніць інфляцыю і рост цэнаў былі пасьля выбараў яшчэ ў 1994 годзе. Думаю, што й пасьля гэтай нарады нічога ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці верыце вы абяцаньням Лукашэнкі спыніць рост цэнаў?”

(Спадар: ) “Ня веру, таму, што ў сёньняшнім жыцьці гэта немагчыма”.

(Спадарыня: ) “Абяцаць-то можна, але факт у тым, ці можна выканаць гэтае сваё абяцаньне”.

(Спадар: ) “Спыніць рост цэнаў адзінымі сілавымі сродкамі ўвогуле немагчыма”.

(Спадар: ) “Кошт нашага жыцьця заўсёды будзе павялічвацца. Бо занадта вялікі ў дзяржаве апарат чыноўнікаў і паліцэйскіх. Меркаваньне такое, што любая дзяржава ня можа трымацца на штыках”.

Так сваё стаўленьне да заявы Лукашэнкі “замарозіць” цэны выказалі менчукі на вуліцах гораду.
XS
SM
MD
LG