Кіраўніцтва Міністэрства падаткаў і збораў імкнулася пераканаць журналістаў, што раптоўных зьменаў у падатковым заканадаўстве Беларусі больш не адбываецца. Але сам міністар Канстанцін Сумар нагадаў пра нядаўні прэзыдэнцкі дэкрэт №4, які тычыцца адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і быў прыняты якраз пасьля новага году. А яшчэ было абвешчана, што з 15 лютага пачынае дзейнічаць новы закон аб дэкляраваньні даходаў і маёмасьці.
Наконт уніфікацыі падатковага заканадаўства Беларусі й Расеі міністар падаткаў і збораў заявіў:
(Сумар: ) “Гэтая праца скончаная. Мы ня маем пытаньняў па асноўных падатках абсалютна. Яны ж носяць міжнародны характар. Гэта акцызы, гэта прыбытак, гэта падатак на даданую вартасьць і падаходны падатак у пэўнай ступені. Таму ўсе пытаньні тут адпрацаваныя.
А што да ПДВ менавіта, дык вы ведаеце, колькі размоваў ідзе пра падатак на даданую вартасьць, таму што калі мы будуем саюзную дзяржаву, немагчыма весьці гаворку пра тое, каб ПДВ плаціўся па краіне прызначэньня, як гэта плаціца з усімі краінамі сьвету. Таму дасягнутая дамоўленасьць на ўзроўні двух урадаў, што расейскі бок будзе кампэнсоўваць той ПДВ, які мы не дабіраем у сваім бюджэце. Там розныя лічбы называюцца — 140–145 мільёнаў даляраў”.
Але спадар Сумар дадаў, што гэтае міжурадавае пагадненьне яшчэ трэба падпісаць і потым ратыфікаваць.
Вядома, што ў Расеі ўсе фізычныя асобы плацяць падаходны падатак паводле адзінай стаўкі — 13%, незалежна ад памераў даходаў. Ці будзе тут уніфікацыя з расейскім заканадаўствам? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Канстанцін Сумар:
(Сумар: ) “Нам у любой сытуацыі трэба было б перайсьці на плоскую шкалу, але, можа, перайсьці на двухузроўневую, то бок увесьці дзьве шкалы: напрыклад, 10% (я калісьці пра гэта казаў) і 15%”.
Аднак, паводле спадара Сумара, падаткавікі не знайшлі тут паразуменьня ў Міністэрстве фінансаў. Ён таксама паведаміў, што больш за 90% насельніцтва Беларусі плаціць падаходны падатак паводле стаўкі 9,2%, таму расейская стаўка 13% для бальшыні беларусаў нявыгадная.