Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШЛА МАНАГРАФІЯ Т.ПРОЦЬКІ ПРА САВЕЦКУЮ ТАТАЛІТАРНУЮ СЫСТЭМУ Ў БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле Тацяны Процькі, ідэя гэтай кнігі паўстала яшчэ ў 1989 годзе, а матэрыял для яе зьбіраўся на пачатку 1990-х гадоў, калі аўтарка змагла атрымаць доступ да дакумэнтаў раней закрытых архіваў ЦК КПБ, КГБ і ФСБ Расеі.

На амаль 700 старонках кнігі Тацяна Процька распавядае пра фармаваньне ў Беларусі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя таталітарнай палітычнай сыстэмы, яе эканомікі. Большая частка кнігі прысьвечаная рэпрэсіям супраць беларускага сялянства, інтэлігенцыі, духавенства ды іншых групаў насельніцтва. Кніга аздобленая шматлікімі фотаілюстрацыямі, у тым ліку й фотаздымкамі арыгінальных сакрэтных пастановаў ОГПУ-НКВД.

Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) “Можна сказаць, дзьве мэты былі галоўныя. Першая — гістарычная, паказаць, якой насмрэч была савецкая ўлада. Раскрыць мэханізм гэтай сыстэмы. А другая мэта — папярэдзіць тых, хто сёньня жыве, каб тое, што было, ня стала сёньняшняй нашай рэальнасьцю. Бо мой досьвед гаворыць пра тое, што тыя падзеі 20-х гадоў сёньня ўзнаўляюцца па ўсіх паказьніках разьвіцьця грамадзтва — і ў грамадзянскай супольнасьці, і ў палітычных структурах, і ў эканоміцы нашай краіны. Асабліва ў эканоміцы адбываюцца працэсы, падобныя на тыя, 20-х гадоў”.

Аўтарка гаворыць, што цяпер напісаць такую манаграфію было бы проста немагчыма — архіў КГБ Беларусі фактычна закрыты для дасьледчыкаў. Для цяперашніх беларускіх уладаў тэма палітычных рэпрэсіяў вельмі непрыемная. Немагчыма без адпаведных рэкамэндацыяў патрапіць і ў маскоўскі архіў ФСБ.

Ня так ужо лёгка было гэта зрабіць і на пачатку 1990-х гадоў. Але дзякуючы рэкамэндацыям тагачасных старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча й намесьніка старшыні КГБ Беларусі Генадзя Лавіцкага, Тацяна Процька была такі дапушчаная да архіваў.

Цяпер сытуацыя зусім іншая. Ніводнае дзяржаўнае выдавецтва не захацела рыхтаваць кнігу Тацяны Процькі да друку. Зь ёй таксама адмовіліся супрацоўнічаць дзяржаўныя рэцэнзэнты. Кніга пабачыла сьвет толькі дзякуючы кіраўніцтву прыватнага менскага выдавецтва “Тесей”.

Манаграфія выйшла на расейскай мове: Тацяна Процька спадзяецца, што частка трохтысячнага накладу будзе распаўсюджаная ў Расеі.
XS
SM
MD
LG