Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАРЛЯМЭНТАРЫ ЎКАЗВАЮЦЬ НА ДЭФІЦЫТ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

Як піша венскае выданьне “Die Presse”, на працягу доўгага часу месцы супрацоўнікаў у менскай місіі АБСЭ пуставалі. Адзін за адным дыпляматы пакідалі Менск — хтосьці, як былы кіраўнік КНГ Ганс-Георг Вік, са скандалам і абвінавачаньнем у шпіянажы, хтосьці ў зьвязку з тым, што Менск не працягваў візы, а хтосьці з тае прычын, што ягоны дыпляматычны статус больш не прызнаваўся беларускімі ўладамі. І толькі пасьля саступак АБСЭ ў пытаньнях фармулёўкі новага мандату Менск даў згоду на аднаўленьне працы місіі.

У сваім інтэрвію нямецкім журналістам напярэдадні адлёту ў Беларусь новы кіраўнік менскага офісу АБСЭ Эбэргарт Гайкен выказаў спадзяваньні на паляпшэньне стасункаў паміж Менскам і АБСЭ.

Спадзяваньні Масквы ў зьвязку з аднаўленьнем працы новага офісу куды больш канкрэтныя. Расейскія парлямэнтары разглядаюць гэты факт як пэўную нагоду для наданьня Беларусі сяброўства ў ПА АБСЭ.

У сваю чаргу, тыя парлямэнтары АБСЭ, якія на мінулым тыдні наведалі Беларусь, не сьпяшаюцца з падобнымі высновамі. Паводле “Die Presse”, эўрапейскія палітыкі сьведчаць пра дэфіцыт дэмакратыі ў Беларусі. Яны ня ўбачылі ні адпаведных зьменаў у выбарчым заканаўдастве, якія рэкамэндавала Менску міжнародная супольнасьць, ні зрухаў у справе зьніклых палітыкаў. Паводле прадстаўнікоў ПА АБСЭ, ніякага істотнага прагрэсу не адбылося і ў пытаньні свабоды СМІ, — піша аўстрыйская “Die Presse”.

Тэме свабоды СМІ ў Беларусі прысьвечаны і артыкул ў швайцарскай “Neue Zuercher Zeitung”. Аналізуючы апошнюю справаздачу Рады Эўропы адносна сытуацыі з эўрапейскімі мэдыямі, аглядальнікі ўказваюць на грунтоўныя парушэньні свабоды слова ў Беларусі.

Так, мэдыі ў гэтай краіне застаюцца пад магутным ціскам з боку дзяржавы. Беларускіх журналістаў могуць пакараць няволяй у зьвязку зь іхнай прафэсійнай дзейнасьцю і перакананьнямі. Існуе шмат гэтак званых легалізаваных зачэпак, якія дазваляюць уладам закрыць тое ці іншае незалежнае выданьне. Газэту могуць абвінаваціць у паклёпе на кіраўніцтва краіны, выставіць супраць рэдакцыі непасільныя штрафныя санкцыі й такім чынам давесьці выданьне да банкруцтва.

Што да электронных СМІ, то яны па-ранейшаму застаюцца дзяржаўнай манаполіяй. Незалежная інфармацыя на нацыянальным радыё і тэлебачаньні не прадстаўленая. Тым часам, менавіта тэлебачаньне і радыё ёсьць галоўнай інфармацыйнай крыніцай для большасьці жыхароў краіны.

Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, у сваёй рэзалюцыі ПА Рады Эўропы патрабуе далейшага пільнага назіраньня за сытуацыяй са свабодай СМІ, асабліва ў такіх краінах як Беларусь.
XS
SM
MD
LG