Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫІ — ПРА НОВУЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТУ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што новая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту была патрэбная, каб засьведчыць нязьменнасьць пазыцыяў Эўропы ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.

(Вячорка: ) “Вельмі важна падкрэсьліваць, што афіцыйны Менск загнаў сябе ў самаізаляцыю сам, што альтэрнатыўныя прапановы — маўляў, давайце спынім ізаляцыю беларускага рэжыму і перавыхаваем яго — што яны сеюць абсалютна марныя ілюзіі. У сытуацыі, калі папулярнасьць Лукашэнкі беспрэцэдэнтна нізкая, трэба пасьлядоўна і няўхільна весьці наступную лінію — непрыняцьце Лукашэнкавага рэжыму, непрыняцьце беларускага аўтарытарна-таталітарнага ладу і вышэйшага кіраўніцтва, але максымальная адкрытасьць на беларускае грамадзтва, максымальная дапамога беларускаму грамадзтву ў тым, каб яно пачувалася часткай эўрапейскай супольнасьці”.

На думку спадара Вячоркі, бало б вельмі важна, каб эўрапейскія лідэры ясна заявілі, што як толькі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычны рэжым, яна зможа далучыцца да Эўразьвязу ды НАТО.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч лічыць, што ізаляцыя толькі штурхае беларускія ўлады ў абдымкі Расеі. Спадар Статкевіч, аднак, вітаў рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, бо, на ягоную думку, цяпер найбольш спрыяльны час для ціску з боку эўрапейскіх структураў.

(Статкевіч: ) “Менавіта зараз беларускаму кіраўніцтву як ніколі трэба збалянсаваць свае адносіны на Захадзе і Ўсходзе, бо палітыка, па сутнасьці, падману Расеі, палітыка “пацалункі замест нафты й газу” ўжо не працуе. Зараз, сапраўды, новае кіраўніцтва Расеі хоча нешта браць, а даваць, безумоўна, нельга. Тут патрэбны балянс, і таму, безумоўна, зараз беларускаму кіраўніцтву патрэбныя такія кантакты, патрэбнае прызнаньне, і Эўропа можа скарыстаць гэта дзеля ўціску з мэтай дэмакратызацыі Беларусі”.

Падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце камісар Эўразьвязу па вонкавых сувязях Крыс Патэн у прыватнасьці сказаў, што ня ведае, калі адносіны паміж Эўропай і Беларусьсю могуць палепшыцца. Ён зазначыў, што рухавік зьменаў павінен знаходзіцца ў самой Беларусі, але такой сілы пакуль што няма. Вось як гэта камэнтуе Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я цалкам згодны зь ім. Мала таго, мы зараз вельмі шмат працуем на тое, каб такія сілы зьявіліся. На жаль, многія беларускія партыі заняліся ў асноўным замежнапалітычнай дзейнасьцю і на працягу мінулых гадоў толькі гублялі, а не набывалі”.

А вось меркаваньне Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) “Спадар Патэн цалкам мае рацыю, што вырашаць нашыя пытаньні трэба нам самім. Я думаю, што сіла такая ёсьць перадусім у настроях нашага грамадзтва, ад 60 да 70 адсоткаў якога якраз бачаць будучыню Беларусі ў Эўропе. Сіла — у настроенасьці нашых людзей на зьмены. Іншая рэч, што мы павінныя пачуць ясныя цьверджаньні, што ня толькі Босьнія альбо Альбанія, але й Беларусь бачыцца неад’емным сябром эўрапейскай супольнасьці. Такіх ясных сьведчаньняў дагэтуль не прагучала”.
XS
SM
MD
LG