Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ІРАНУ ХАТАМІ ПРЫЕДЗЕ Ў БЕЛАРУСЬ ДА ПАЧАТКУ ЛЕТА, КАЛІ НЕ ПЕРАШКОДЗІЦЬ ІРАЦКІ КРЫЗЫС


Валер Каліноўскі, Менск

Афіцыйнаму Менску ўдаецца адначасова падтрымліваць сяброўскія сувязі і з Іракам, і з Іранам, якія ня так даўно вялі паміж сабой шматгадовую вайну. Высокапастаўленыя чыноўнікі з Багдаду ў Менску бываюць часта, у тым ліку на ўзроўні віцэ-прэм’ераў і міністраў. А з Тэгерану сёлета ў Беларусі чакаюць першую асобу — прэзыдэнта Махамада Хатамі. Намесьнік міністра замежных справаў Ірану Махсэн Амінзадэ, які гэтымі днямі знаходзіцца ў Менску, абмяркоўваў падрабязнасьці будучага візыту.

(Амінзадэ: ) “Прэзыдэнт Ісьлямскай рэспублікі Іран вельмі зацікаўлены наведаць Рэспубліку Беларусь. Я спадзяюся, што гэтаму не перашкодзяць нейкія праблемы й падзеі ў рэгіёне, якія б маглі б стаць бар’ерамі для правядзеньня такога візыту. Калі ўсё будзе добра, мы будзем чакаць такі візыт да лета”, — зазначыў намесьнік міністра замежных справаў Ірану Махсэн Амінзадэ.

Такім чынам, візыт Хатамі ў Менск адбудзецца неўзабаве, калі яму не перашкодзіць магчымая вайна ў Пэрсідзкай затоцы. Іран, дарэчы, выказваецца супраць ваенных дзеяньняў супраць рэжыму Садама Хусэйна.

(Амінзадэ: ) “Зразумела, мы непакоімся з нагоды магчымасьці пачатку новай вайны ў нашым рэгіёне. На жаль, ірацкі рэжым ніколі ня быў для нас добрым суседам. Але мы пратэстуем супраць любой вайны ў рэгіёне і выступаем за ўрэгуляваньне гэтага канфлікту выключна праз ААН. І тут нашыя пазыцыі блізкія да поглядаў кіраўніцтва Беларусі”, — заявіў прадстаўнік МЗС Ірану Махсэн Амінзадэ.

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Васіль Пугачоў яго падтрымаў:

(Пугачоў: ) “Падыходы Беларусі і Ірану да ўрэгуляваньня ірацкага крызысу ў многім супадаюць. Мы лічым, што палітыка-дыпляматычны рэсурс ва ўрэгуляваньні гэтага пытаньня ў многім ня вычарпаны. Менавіта ў гэтым кірунку міжнародная супольнасьць павінна сканцэнтраваць намаганьні, каб пазьбегнуць вайны ў гэтым рэгіёне”.

Што да двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі ды Ірану, то, як паведаміў прадстаўнік МЗС Ірану, па часе іранскія бізнэсоўцы адкрыюць у Менску свой гандлёвы цэнтар, а ў сакавіку ў Тэгеране пройдзе тыдзень беларускай культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG