Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНЧУКІ СТАВЯЦЦА ДА АДКЛЮЧЭНЬНЯЎ СЬВЯТЛА І ВАДЫ Ў КВАТЭРАХ НЕПЛАЦЕЛЬШЧЫКАЎ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Большасьць апытаных мінакоў рознага веку лічаць, што ўлады ня маюць права пакідаць людзей без вады й сьвятла:

(Хлопец: ) “У маёй кватэры такога няма, але я лічу, што нашы службы не павінны гэтак рабіць. Бо яны адключаюць ваду й сьвятло ня толькі ў кватэрах неплацельшчыкаў, але й ва ўсім доме ці пад’езьдзе. Гэта несправядліва”.

(Студэнт: ) “Гэта вельмі дрэнна й трэба зрабіць усё дзеля таго, каб камунальныя службы працавалі як належыць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму дрэнна?”

(Студэнт: ) “Гэта датычыць усіх жыхароў нашага гораду. Ня ўсім будзе лёгка”.

(Спадар: ) “Ня кожны чалавек дастаткова зарабляе, каб гэта аплаціць. Паслугі вельмі дарагія. Пэўна ж, адмоўна стаўлюся. Людзям урэшце трэба і цяпло, і сьвятло — трэба неяк жыць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Няправільна робяць улады”.

(Пэнсіянэр: ) “Што там атрымліваюць пэнсіянэры? А трэба ж аддаць за тэлефон, за сьвятло, за газ. А потым і вада гэта. Вось так цяжка жыць”.

(Хлопец: ) “Улады робяць неразумна, таму, што школьнікам трэба вучыцца. Як безь сьвятла рабіць урокі? А што безь цяпла рабіць? Пачынаюцца хваробы, і людзі ня могуць працаваць”.

Але ёсьць і тыя, хто лічыць, што жорсткія меры апраўданымі:

(Дзяўчына: ) “Слушна. Калі народ ня плаціць за сьвятло й ваду, то трэба прымаць нейкія меры”.

(Спадар: ) “Трэба плаціць за ўсё. Заплаці, тады й ня будуць адключаць ваду”.

(Карэспандэнт: ) “Камунальныя службы пачалі масавыя адключэньні вады й сьвятла ў кватэрах неплацельшчыкаў. Скажыце, як вы да гэтага ставіцеся? Ці слушна робяць улады?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што так. Няхай плацяць. Няхай працуюць і плацяць”.

(Студэнтка: ) “Калі ня плацяць, тады няхай адключаюць. Бо як гэта бясплатна?”

(Яе сяброўка: ) “Я лічу, што трэба плаціць за камунальныя паслугі”.

(Пэнсіянэр: ) “За кватэру трэба плаціць. Пры любой уладзе: дасавецкай, савецкай і постсавецкай”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта працаздольнае насельніцтва, то ўлады робяць слушна”.

Аднак многія з гэтых людзей перакананыя, што для найменш абароненых групаў насельніцтва — пэнсіянэраў, рабочых, якім ня плацяць своечасова заробкі, павінны існаваць ільготы:

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што трэба даваць нейкія льготы людзям”.

(Яе сяброўка: ) “Трэба ставіцца да кожнага пэрсанальна, рабіць нейкія скідкі пэнсіянэрам”.

(Спадарыня: ) “Неадназначнае стаўленьне. З аднаго боку, усе мы павінныя плаціць за тое, што атрымліваем сьвятло, цяпло і г.д. Але шкада пэнсіянэраў, якія ня маюць магчымасьці гэта зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Што рабіць пэнсіянэрам ці людзям, якім затрымліваюць заробкі?”

(Дзяўчына: ) “Цяжкае пытаньне, што рабіць. Пэўна калі людзі не атрымліваюць своечасова зарплату ці пэнсію, то й атрымліваецца, што ня могуць заплаціць за кватэру”.
XS
SM
MD
LG