Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБВЕСЬЦІЎ “ГОД АБАРОНЫ НАСЕЛЬНІЦТВА АД УРАДУ”


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка быў настолькі не задаволены вынікамі працы Савету Міністраў, што абвесьціў 2003 год “годам абароны насельніцтва ад ураду”:

(Лукашэнка: ) “Гэты год стане годам абароны нашага насельніцтва, у тым ліку ад роднага ўраду, ад таго разбою, які вы сабе дазваляеце адносна нашага насельніцтва, забіраючы ў іх з кішэні апошняе. А часам лезеце ў кішэню, пустую кішэню, куды вы ўвогуле нічога не паклалі”.

А.Лукашэнка парэкамэндаваў ураду неадкладна разабрацца з камунальнымі плацяжамі, цэнамі за транспарт, тавары харчовай і лёгкай прамысловасьці, аплатай за мэдычнае абслугоўваньне ды высьветліць, чаму тут ідзе рост грашовых затратаў. І аддаў жорсткі загад:

(Лукашэнка: ) “І ні кроку наперад! Ні кроку наперад у цэнах! Хопіць! Насельніцтва абадралі больш, чым трэба. Я думаю, што гэтая задача застанецца самай важнай на ўсе будучыя гады да 2005 году”.

Рост цэнаў, на думку спадара Лукашэнкі, выкліканы ня столькі аб’ектыўнымі прычынамі, на чым настойвае ўрад, колькі безгаспадарлівасьцю. Такім быў галоўны, паводле А.Лукашэнкі, індыкатар працы ўраду — паляпшэньне дабрабыту насельніцтва.

Што да макраэканамічных паказчыкаў за 2002 год, то і тут справы ішлі ня лепш. Каля паловы прагнозных парамэтраў на мінулы год ня выкананыя: у прыватнасьці, па росьце прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасьці, па вытворчасьці спажывецкіх тавараў, інвэстыцыях у асноўны капітал, зьніжэньні матэрыялаёмістасьці ды інфляцыі. Але і вырабленая прадукцыя часам ня дужа патрэбная на рынку — у сховішчах ляжыць тавараў на суму больш за трыльён рублёў, гэта 67% месячнай вытворчасьці цэлай краіны.

Як прызнаў А.Лукашэнка, больш як траціна прадпрыемстваў Беларусі — стратныя, а на Віцебшчыне і Магілёўшчыне — амаль палова.

Пад асаблівую пэрсанальную крытыку А.Лукашэнкі патрапіў віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Андрэй Кабякоў. Але да звальненьняў справа не дайшла.

Гаворыць прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Прэм’ер-міністар асабіста ацаніў працу за мінулы год як нездавальняючую, але паколькі зьявілася пэўная станоўчая дынаміка, то ёсьць перадумовы для выкананьня прагнозных паказчыкаў у бягучым годзе . Ён зьвярнуўся да прэзыдэнта з просьбай даць магчымасьць ураду папрацаваць з тым, каб дабіцца вынікаў. Прэзыдэнт даў тэрмін — першы квартал 2003 году. Ён адзначыў, што сябрам ураду, якія ўсьведамляюць, што ня могуць працаваць, лепш класьці заявы ўжо сёньня. Таму што пасьля заканчэньня першага кварталу працу яны ня знойдуць”.

Загад Лукашэнкі “Ні кроку наперад у цэнах да канца пяцігодкі!” папулісцкі й нерэальны ў цяперашніх умовах, тут А.Лукашэнка спалохаўся за свой электарат, — лічыць незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “З эканамічнага гледзішча гэта вельмі абсурднае сьцьверджаньне, таму што нават ва ўсіх дакумэнтах, якія былі падпісаныя і прынятыя на 2003 год, інфляцыя пазначаная ў памеры 18–24%. Гэта вельмі высокі адсотак росту цэнаў, і статыстыка за студзень паказвае, што цэны ўжо вырасьлі. І яны будуць расьці, таму што Нацбанк друкуе грошы”.

Яраслаў Раманчук згодны зь нізкай ацэнкай дзейнасьці беларускага ўраду:

(Раманчук: ) “Калі б ставіць нейкую адзнаку, я б сказаў, што вось урад кіраваў эканомікай на “два”, таму што ягоныя дзеяньні ня толькі не стымулявалі мадэрнізацыю, перабудову і арыентацыю нашай гаспадаркі на новыя рынкі, а наагул урад быў самым-самым такім магутным тормазам у гэтым разьвіцьці”.

Пры гэтым незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што дзейнасьць самога А.Лукашэнкі, які імкнуўся да манапалізацыі выгадных рынкаў, трэба ацэньваць яшчэ ніжэй, чым дзейнасьць ураду.
XS
SM
MD
LG