Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКЦЫЯНАВАНЬНЕ “БЕЛТРАНСГАЗУ” АДБУДЗЕЦЦА ДА 1 КРАСАВІКА


Юры Сьвірко, Менск

У аўторак агульны сход прадстаўнікоў “Белтрансгазу”, які праходзіў у ведамасным доме адпачынку “Алеся” каля Радашкавічаў, ухваліў пераўтварэньне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. Гэта мусіць быць зроблена да 1 красавіка сёлета, а да 1 ліпеня плянуецца стварыць на базе “Белтрансгазу” супольнае прадпрыемства з расейскім “Газпрамам”.

Як заявіла адміністрацыя “Белтрансгазу”, прадаваць акцыі будуць альбо на аўкцыёнах, альбо — і гэта больш верагодна — інвэстыцыйным шляхам, паводле падпісанага 12 красавіка 2002 году беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня.

Доля працоўнага калектыву “Белтрансгазу”, які цяпер налічвае больш за 4 тысячы чалавек, складзе ўсяго 1–2% статутнага фонду адкрытага акцыянэрнага таварыства.

Адміністрацыя не хавае, што пасьля пераўтварэньняў чакаецца скарачэньне колькасьці працоўных. Пакуль жа супрацоўнікам абвесьцілі, што кожны зь іх зможа набыць акцыі на суму ня больш як 100 базавых велічыняў — гэта зараз 1 мільён 200 тысяч рублёў, ці каля 600 даляраў. Такое ж права маюць пэнсіянэры гэтага прадпрыемства — мужчыны, якія адпрацавалі ў “Белтрансгазе” 10 гадоў, і жанчыны, якія маюць стаж ня менш за 7 гадоў.

50% акцыяў плюс адна застануцца ў руках беларускай дзяржавы.

Усе гэтыя зьвесткі кіраўніцтва “Белтрансгазу” трымае ў сакрэце, што выклікае занепакоенасьць міжнародных структураў, у тым ліку Міжнароднага валютнага фонду. Кіраўнік місіі фонду Томас Рычардсан з нагоды акцыянаваньня “Белтрансгазу” заявіў:

(Рычардсан: ) “Акцыянаваньне — гэта не прыватызацыя. Акцыянаваньне — гэта тое, што вы робіце на пачатку пераходнага этапу, каб падрыхтавацца да прыватызацыі. І важна, каб гэты працэс не спыняўся, таму што бяз гэтага прадпрыемствы насамрэч застаюцца падразьдзяленьнямі тых міністэрстваў, якія фактычна кантралююць іх.

Што да “Белтрансгазу”, я думаю, што ў гэтым пляне акцыянаваньне будзе крокам у правільным напрамку. “Белтрансгаз” — гэта вельмі важная фірма ў Беларусі, і я думаю, што важна ацаніць яе актывы й пасівы з выкарыстаньнем міжнародна прызнаных кансультантаў і бугальтарскіх фірмаў, каб мець магчымасьць вызначыць, колькі яна каштуе”.

Тым часам урад Беларусі ўжо абвесьціў, што асноўныя фонды “Белтрансгазу” каштуюць каля 600 мільярдаў рублёў (гэта 300 мільёнаў даляраў), газаразьмеркавальныя станцыі — 29 мільярдаў рублёў (каля 15 мільёнаў даляраў), а падземныя сховішчы газу — 56 мільярдаў рублёў (28 мільёнаў даляраў).

Хто так ацаніў кошт сыстэмы магістральных газаправодаў Беларусі — невядома. Таму Міжнародны валютны фонд і заклікае афіцыйны Менск праводзіць акцыянаваньне адкрыта, карыстаючыся паслугамі міжнародных фірмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG