Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЭЎРОПА СТАРАЯ, НОВАЯ І ПРАІРАЦКАЯ”


Ул. інф.

Палітычны аглядальнік швайцарскай “Neue Zuercher Zeitung” назваў свой артыкул “Ірацкі крызыс расколвае Ўсходнюю Эўропу”. Адна з галоўных высноваў публікацыі: новая аб’яднаная Эўропа становіцца разьяднанай. Што да ўсходу кантынэнту, то тут ёсьць усе перадумовы для глыбокага расколу.

Як піша швайцарскі аглядальнік, у той час, як палітычныя эліты будучых сяброў Эўразьвязу актыўна падтрымліваюць магчымыя ваенныя апэрацыі ЗША супраць Іраку, у Менску і Кіеве назіраецца ня проста крытычнае стаўленьне да гэтых дзеяньняў. Беларускі лідэр Лукашэнка, які і раней вылучаўся сваімі антыамэрыканскімі поглядамі, цяпер не хавае сваіх сымпатыяў да Садама Хусэйна.

Падобныя палярныя пазыцыі эўрапейскага ўсходу да ірацкай палітыкі Буша, паводле “Neue Zuercher Zeitung”, абумоўленыя як гістарычнымі, так і культурніцкімі прычынамі. З аднаго боку, існуе вялікая цывілізацыйная дыстанцыя паміж рымска-каталіцкай і бізантыйска-праваслаўнай Эўропай.

Па-другое, вялікую ролю ў стаўленьні грамадзтваў да ірацкага крызысу адыгрывае і гэтак званы фактар амэрыканскага ўплыву. Пад такім магутным уплывам ЗША і апынуўся пасьля распаду сацыялістычнага лягеру гэтак званы захад эўрапейскага ўсходу — ад Літвы да Вугоршчыны. Апошнім часам тут назіраецца менш крытычнае стаўленьне да ваенных апэрацыяў НАТО, чым у Заходняй Эўропе. Канечне, падобная салідарнасьць з ЗША з боку новых сяброў ЭЗ ня можа не расчараваць Нямеччыну, Францыю і эўрапейскую намэнклятру ў Брусэлі, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.

Шэраг вядучых нямецкіх палітолягаў на чале з Аляксандрам Рарам бачаць у падобным расколе ўвогуле катастрофу. Што да сытуацыі, у якой апынуўся галоўны эўрапейскі інтэгратар, то, паводле аглядальніка нямецкага радыё “АRD”, яе інакш як фатальнай для Нямеччыны не назавеш. “З аднаго боку, сытуацыя карысная — ведаеш, хто ёсьць хто. Аднак ці варта ў гэтым зьвязку рабіць стаўку на новых хаўрусьнікаў?” — задаюць пытаньне нямецкія журналісты.

Калі ўзяць Кіеў, які заявіў, што падтрымае любое рашэньне, ухваленае Радай Бясьпекі ААН на чале зь яе цяперашнім старшынём Нямеччынай, то падобная заява ня можа быць нейкай нечаканасьцю. Стан цяперашніх ўкраінска-амэрыканскіх стасункаў дастаткова крытычны. Апошнім часам Вашынгтон даў зразумець Кіеву, што незадаволены ўкраінскімі пастаўкамі радарных сыстэмаў у Ірак, а тым больш простым дачыненьнем да іх Кучмы. Менавіта Ўкраіне ЗША выдаткавалі мільёны даляраў на падтрымку эканомікі ды, акрамя таго, пастаянна накіроўвалі ў Кіеў вялікія сродкі на стварэньне грамадзянскай супольнасьці.

Калі гаварыць пра Менск, то амэрыканскі ўплыў тут традыцыйна значна меншы за нямецкі. Нямеччына — адна зь нямногіх заходніх краінаў, з кім рэжыму так і не ўдалося сапсаваць да канца зносіны. Зараз у Беларусі дзейнічаюць дзясяткі прадпрыемстваў зь нямецкім капіталам. Прыкладна сотня прадстаўніцтваў буйных нямецкіх фірмаў гатовая з пачаткам абяцанай лібэралізацыі распачаць сваю працу. Ня выключана, што ў зьвязку зь цяперашнім антыамэрыканскім настроем у Нямеччыне, Менск і пойдзе на падобныя прэфэрэнцыі.

Аднак, — узгадваюць назіральнікі, — Лукашэнка, які апошнім часам вымушаны лавіраваць паміж Расеяй і Захадам, ня робіць ніякай таямніцы з таго, што ён ня проста супраць ЗША, але і за Ірак. У часе адмысловага прыёму ірацкага амбасадара на мінулым тыдні беларускі лідэр запэўніў, што Ірак — дружалюбная для Беларусі краіна і што яна заўсёды можа разьлічваць на сымпатыі з боку Менску.

Беларускі кіраўнік перакананы, што тая рашучасьць, зь якой Ірак адстойвае сваю незалежнасьць, прывядзе гэтую краіну да перамогі.
XS
SM
MD
LG