Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ ДРУКАРНЯ АДМОВIЛАСЯ ДРУКАВАЦЬ УЛЁТКІ КАНДЫДАТАМ АД “НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ”


Алег Супрунюк, Берасьце

З палiтычных партыяў, што бяруць удзел у выбарчай кампанii на Берасьцейшчыне, больш за ўсiх кандыдатаў у дэпутаты зарэгiстравана ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi. Але весьцi агiтацыю паводле ўласнага сцэнару сацыял-дэмакраты ня могуць.

У берасьцейскай друкарнi адмовiлiся друкаваць iхныя ўлёткi, спаслаўшыся на пастанову Цэнтарвыбаркаму №35. Пастанова не дазваляе кандыдату ў дэпутаты агiтаваць за iншых кандыдатаў, у тым лiку партыйных паплечнiкаў. Вось як камэнтуе гэтае рашэньне лiдэр берасьцейскай “Народнай грамады” Анатоль Ляўковiч:

(Ляўковiч: ) “Гэтая пастанова Цэнтарвыбаркаму забараняе кандыдатам агiтаваць нават за сваю каманду. У нашым выпадку за каманду сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада” ў складзе 17 чалавек у Берасьцi. Паводле Выбарчага кодэксу кандыдат нават ня можа проста сустрэцца са сваiмi выбарцамi — цi на вулiцы, цi ў двары яго дома. Дзеля гэтага патрэбна атрымаць дазвол ад уладаў за 15 дзён. Таму можна зрабiць вывад: улады ўсё робяць, каб людзi ня ведалi, што прапануюць iм апазыцыйныя кандыдаты”.

Тым часам нiводная скарга ад грамададзянаў, якiх не зарэгiстравалi ў якасьцi кандыдатаў, не была задаволеная абласной выбарчай камiсiяй i абласным судом. Таму колькасьць кандыдатаў застаецца ранейшай: альтэрнатывы няма ня толькi сярод тых, хто вылучаецца ў сельскiя ды раённыя саветы, але i ў абласны савет (толькi ў 15-цi з 60-цi акругаў тут балятуецца больш за аднаго кандыдата). У астатнiх акругах вылучэнцы, што займаюць адказныя пасады ў структурах выканаўчай улады, увогуле пазбаўленыя канкурэнтаў.
XS
SM
MD
LG