Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МНОГІХ АКРУГАХ ДЭМАКРАТЫ БУДУЦЬ СПАБОРНІЧАЦЬ ЗА МАНДАТ


Уладзімер Глод, Менск

Кіраўнік Беларускай-сацыял дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч ініцыятарам дамоўленасьці пра падзел акругаў называе сябе.

(Статкевіч: ) “Мы ў гэтай сытуацыі робім тое, што прапаноўвалі зь вясны — дакладней, я. Зьвяртаўся прыватна, пры сьведках, публічна. Потым чамусьці некаторыя адрасаты майго звароту называлі гэта ледзьве не правакацыяй. Я ўвесну прапаноўваў: падзелім акругі, у Менску найперш”.

Як прыклад супрацоўніцтва з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй спадар Статкевіч нагадвае, што ягоная партыя зьняла свайго прадстаўніка ў той акрузе, дзе вылучыўся прадстаўнік АГП Лабановіч, а АГП у адказ зьняла сваіх сяброў у акругах, дзе балятуюцца намесьнікі Статкевіча Стужынская і Арыстовіч.

Мікола Статкевіч працягвае:

(Статкевіч: ) “Зараз мы вядзем перамовы з ЛДП, каб іхны кандыдат, таксама жанчына, была зьнятая з акругі Стужынскай. Спадар Гайдукевіч мне гэта паабяцаў, таму што кіраўнікі партыі ёсьць кіраўнікамі партыі. Што тычыцца БНФ, дык яны ніяк не рэагавалі на нашыя звароты”.

Адказны сакратар Управы БНФ Аляксей Кавалец на абвінавачаньні спадара Статкевіча адказвае так:

(Кавалец: ) “Я з Ганчарыкам, які кіруе сталічнай арганізацыяй “Народнай грамады”, размаўляў. Ён прыйшоў і кажа: вось у нас ідуць тры намесьнікі старшыні партыі. Наша ўмова — гэтым людзям павінны вызваліць акругі. Я адказваю: так жа ня робіцца, трэба дамаўляцца, на якой падставе. Яны ў прынцыпе паставілі пытаньне так: вы вызваліце для нашых намесьнікаў акругі. І ўсё, а ня тое, што дамаўляцца — як і што”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што ў большасьці выпадкаў ягоная партыя змагла знайсьці зь іншымі кансэнсус. А там, дзе гэтага не атрымалася, таксама вялікай бяды няма.

(Лябедзька: ) “Мы зыходзім з канцэпцыі, што для нас самае галоўнае ў гэтай выбарчай кампаніі — размовы зь людзьмі. І ў Менску мы ня бачым трагедыі, калі два шараговыя сябры партыі ідуць па адной акрузе. Таму што трэба зыходзіць з таго, што рэсурсаў фінансавых (а калі-нікалі і чалавечых) ня вельмі багата. У Менску сёньня акругі сваімі памерамі роўныя тым, што былі на выбарах у парлямэнт у 1990 годзе. Гэта азначае, што ў кандыдата павінна быць альбо вельмі моцная каманда, альбо добрая матэрыяльная падтрымка. Тады ёсьць мажлівасьць, што ён дойдзе ў кожную кватэру, да кожнай асобы”.
XS
SM
MD
LG