Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЎСЕ ЛЕКАРЫ ВЫСТУПАЮЦЬ ЗА ШТОДЗЁННЫ ПРЫЁМ МУЛЬТЫВІТАМІНАЎ?


Сяргей Абламейка, Прага

Шматлікія мэдычныя і папулярныя часопісы і рэкляма заклікаюць штодзень прымаць мультывітаміны. Нам кажуць, што прыём вітамінаў, асабліва зімой, можа засьцерагчы ад грыпу і прастуды, і што наш арганізм стане нашмат больш стойкім і загартаваным. І вось адзін з самых прэстыжных мэдычных часопісаў у сьвеце – Journal of the American Medical Association – у адным з апошніх нумароў абрынуў на галовы агітатараў за штодзённы прыём вітамінаў халодны душ.

Інфармацыя аб уплыве штодзённага прыёму вітамінаў была супяпрэчлівай і раней. Былі лекары, што пісалі пра шкоднасьць вітамінаў, былі і тыя, хто ня бачыў у вітамінах ні шкоды, ні карысьці. Але большасьць навукоўцаў і мэдыкаў ўсё ж схіляліся на бок карыснасьці вітамінаў.

І вось Journal of the American Medical Association зьмясьціў вынікі некалькіх сур’ёзных дасьледаваньняў, якія летась былі праведзеныя ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Падчас аднаго зь іх навукоўцы выбралі 652 чалавекі, старэйшыя за 60 гадоў. Гэтым людзям у працягу двух гадоў штодзень давалі мультывітаміны і мінэралы як засьцярогу ад грыпу і прастуды. Высьветлілася, што мультывітаміны не аказалі ніякага ўплыву на статыстыку прастудаў і грыпу ў гэтай групе – хваробаў было столькі ж, як і да пачатку прыняцьця мультывітамінаў. Але яшчэ большае зьдзіўленьне чакала амэрыканскіх мэдыкаў у другой групе людзей, аналягічнай па колькасьці першай. Пацыентам з гэтай групы давалі штодзень толькі вітамін Е, бо лічыцца, што сталым людзям не хапае менавіта гэтага вітаміну. У выніку аказалася, што сярэдняя працягласьць хваробаў у гэтай групе нават павялічылася на 5 дзён! У выніку аўтары дасьледаваньня былі вымушаныя зрабіць выснову, што прынамсі для старэйшых людзей прыём вітамінаў ня мае вялікага значэньня і нават можа выклікаць адмоўны эфэкт.

Апрача гэтага Journal of the American Medical Association апублікаваў вынікі і іншага дасьледаваньня, так званага Heart Protection Study. Гэтае дасьледаваньне правялі амэрыканскія кардыёлягі на 10-ці тысячах хворых на сэрца пацыентаў. Высьветлілася, што прыём вітамінаў ня мае вялікага ўплыву на стан сардэчнай цягліцы і судзінаў.

Яшчэ адно амэрыканскае дасьледаваньне мела на мэце высьветліць, ці ўплываюць вітаміны на вагу нованароджаных немаўлятаў у маці, што кураць. У жанчын, што паляць, звычайна нараджаюцца дзеці меншай вагі. Аказалася, што і тут мультывітаміны не аказалі ніякага ўплыву на вагу немаўлятаў – тыя як нараджаліся лягчэйшыя, так і нараджаюцца надалей незалежна ад таго, бярэ іх маці вітаміны, або не. Галоўнае тут – ці курыць яна.

У выніку аўтары згаданых дасьледаваньняў сьцьвярджаюць, што на сёньняшні дзень не існуе пераканаўчых навуковых і мэдычных доказаў вялікай карысьці ад штодзённага прыёму мультывітамінаў і мінэралаў. Сьцьвярджаецца таксама, што прыём сынтэтычных вітамінаў для чалавечага арганізму ненатуральны. Арганізм можа прывыкнуць да такіх вітамінаў і пачне патрабаваць усё большую іх порцыю. Другі аргумэнт скептыкаў – адсутнасьць доказаў, што арганізм можа перапрацаваць сынтэтычныя вітаміны. Ніхто ня ведае, напрыклад, 15 ці 70 працэнтаў спажытых вітамінаў засвойваецца чалавечым целам. Ніхто ня ведае, лепш прымаць вітаміны асобна, ці ў адной пілюльцы, раствараць іх у вадзе, ці браць цэлымі таблеткамі. Не вядома, і ці 24-гадзіны цыкл іх прыёму зьяўляецца аптымальным. Два розныя чалавекі могуць па-рознаму зрэагаваць на адзін і той жа мультывітамінны комплекс. Нарэшце, у мультывітамінах ёсьць складнікі, якія некаторым людзям не патрэбныя наагул. Напрыклад, жалеза. Для цяжарных жанчынаў і для дзяцей яно патрэбнае, а ў пажылых людзей вялікія яго дозы могуць выклікаць сардэчныя хваробы.

Затое ўсе лекары згодныя ў тым, што вітаміны наагул вельмі патрэбныя арганізму, але толькі ў іх прыродным выглядзе і пры патрапляньні ў арганізм натуральным шляхам – зь ежай. Фактычна, лекары сьцьвярджаюць, што дастаткова мець разнастайнае мэню і штодзень спажываць садавіну і гародніну. Амэрыканскія дыетолягі сёньня раяць пяць разоў на дзень есьці садавіну і гародніну. У Эўропе рэкамэндуецца штодзень спажываць 300 грамаў гародніны і 200 грамаў садавіны.

Для прадухіленьня зімовых хваробаў кшталту грыпу і прастуды раяць ужываць вітамін С – але і яго, лепш браць у натуральным выглядзе. Больш за ўсё вітаміну С утрымліваецца ў клубніцах, чорных парэчках, цыбулі, капусьце, шыпшыне, рэдзьцы і цытрусавых.

Вось раскладка вітамінаў паводле іх функцыяў у арганізьме, якую кожны, хто цікавіцца сваім здароўем, павінен ведаць:

- калі вы маеце частую і цяжкую фізычную нагрузку, ваш арганізм мае павялічаную патрэбу ў тыяміне або вітаміне В;
- калі вы курыце, арганізм патрабуе больш вітаміну С;
- той, хто часта ўжывае алькаголь, мае патрэбу ў вялікіх дозах вітаміну В. Гэты вітамін аднаўляе нэўралягічныя функцыі, якія алькаголь разбурае;
- рызыку астэапарохзу дапамагае зьменшыць вітамін D, які затрымлівае ў касьцях кальцый;
- рызыку сардэчных хваробаў зьмяншае вітамін Е.

Усе гэтыя вітаміны ў дастатковай колькасьці ўтрымліваюцца ў садавіне і гародніне.

Ну а таму, хто ўсё ж выбірае штодзённы прыём мультывітамінаў, амэрыканскія і заходнеэўрапейскія дыетолягі раяць не забывацца на некалькі карысных парадаў:

- рэкамэндаваная дзённая порцыя кальцыю занадта вялікая, каб яна магла ўвайсьці ў адну таблетку мультывітамінаў. Таму дапаўняйце мультывітаміны спажываньнем малочных прадуктаў з паніжаным утрыманьне тлушчаў;
- калі бераце таблеткі, што ўтрымліваюць і кальцый, і жалеза, мусіце ведаць, што засваеньне жалеза з-за прысутнасьці кальцыю будзе ніжэйшае;
- бярыце харчовыя дадаткі разам зь ежай, бо многія з карысных рэчываў лепш засвойваюцца арганізмам пры прысутнасьці бялкоў, тлушчаў і вугляводаў.
- вялікія порцыі жалеза, хрому, цынку і вітамінаў А і D могуць быць небясьпечныя для здароўя;
- мэдычныя сродкі з утрыманьнем хрому (увага!) ня маюць ніякага ўплыву на пахудзеньне;
- калі вы наважыліся браць мультывітаміны і мінэралы зімой браць, дастаткова гэта рабіць аднаго разу на два дні;
- мультывітаміны трэба купляць толькі ў аптэках і па-магчымасьці спраўджваць легальнасьць іх паходжаньне ў фармацэўтаў.

***

А зараз некалькі карысных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Нават невялікая колькасьць рыбінага тлушчу здольная дапамагчы вашым судзінам быць больш гнуткімі і элястычнымі. А элястычнасьць судзінаў – галоўная перадумова здаровага сэрца. У адным нядаўнім дасьледаваньні, людзі, што спажывалі кожны дзень рыбін тлушч, багаты на кіслату амега-3, мелі значна лепшы стан судзінаў ужо пасьля 7 дзён тэрапіі. Калі вы хочаце павялічыць спажываньне гэтай карыснай кіслаты, дадайце да свайго мэню тлустую рыбу кшталту ласося ці селядца хаця б адзін раз на тыдзень. RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 12 гадоў маладзейшым.

2. Апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што людзі, якія рэгулярна займалі свой мозг інтэлектуальным заняткам кшталту чытаньня кнігаў, часопісаў і газэтаў, мелі значна меншую рызыку захварэць на хваробу Альцгаймэра, чым тыя, хто не загружаў свой мозг. Іншыя карысныя заняткі – інтэлектуальныя гульні, наведваньне музэяў і тэатраў. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце ўсё жыцьцё нечаму вучыцца, гэта зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на два з паловай гады маладзейшым.

3. Нядаўна мэдыкі знайшлі, што так званы унутрыбрушны тлушч зьяўляецца больш небясьпечным, чым падскурныя тлушчавыя адкаладаньні. Гэты тлушч абгортвае нашыя ўнутраныя ворганы, перашкаджае іх працы і вельмі цяжка заўважальны пры мэдычных абсьледаваньнях. Але мэдыкі таксама заўважылі, што нават простая фізычная нагрузка ў выглядзе штодзённай хадзьбы, можа вельмі істотна зьмяншаць колькасьць унутрыбрушнога тлушчу. RealAge нагадвае, што штодзённая фізычная нагрукзка можа зрабіць ваш рэальны біялягічнгы ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

4. Калі вы хочаце, каб ваш арганізм быў асабліва ўстойлівым супраць раку, ешце болей бабовых. А калі стан здароўя дазваляе, дадавайце да фасолі, гароху і бабоў перац чылі. Бабовыя – выдатная крыніца бялкоў, грубай клятчаткі і фоліевай кіслаты, якая лічыцца адным зь лепшых антыканцэрагенаў. Дасьледаваньні паказваюць, што людзі, якія спажываюць шмат фоліевай кіслаты, нашмат радзей хварэюць на рак кішэчніка. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце спажываць зь ежай 700 мікраграмаў фоліевай кіслаты штодзень, ваш рэальны біялягічны ўзрост стане больш чым на 1 год маладзейшым.

5. Дасьледаваньні паказваюць, што рэгулярная фізычная нагрузка ня толькі дапамагае трымаць у форме нашыя цягліцы і касьцяк, але й мозг. Напрыклад, нядаўна навукоўцы знайшлі, што фізычная нагрузка вельмі добра ўплывае на аддзел мозгу, які адказвае за памяць – так званы гіпакампус. Для гэтага дастаткова штодзень рабіць 30-хвілінныя прагулкі. RealAge сьведчыць, што рэгулярная фізычная нагрузка можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG