Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДОМ, ЯКІ ЗБУДАВАЎ “NRM”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

Удзельнікі: музыканты “NRM” Лявон Вольскі і Алег Дземідовіч

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Людзі праўду кажуць: колькі ні паўтарай слова “культура”, у рэальнасьці той культуры наўрад ці паболее. Тут патрабуюцца канкрэтныя справы, так сказаць, агульныя намаганьні ўсіх зацікаўленых установаў, ведамстваў і асобных грамадзянаў пры ўмове бацькоўскага апекаваньня ўсёй гэтай справай з боку партыі, ураду і асабіста… Карацей кажучы, яшчэ крышачку, і маё ўступнае слова канчаткова ператварылася б у нейкую пародыю.

Тым ня менш, усё тут зусім невыпадкова. Па-першае, апошні альбом групы “NRM” называецца менавіта “Дом культуры”, па-другое, гэты прыём аголенай, я б сказаў, іроніі зрабіўся асноўным сюжэтным стрыжнем усёй праграмы. Пры гэтым тэматычна зьмешчаныя ў альбоме песьні з пракладкамі-дыялёгамі ў цэлым не зьвязаныя.

Тым ня менш, прадстаўленьне журналістам новай сваёй працы ўдзельнікі калектыву правялі ў форме своеасаблівага нацыянальнага сходу беларускай рок-інтэлігенцыі, якую аб’яднаў агульны клопат пра будучыню айчыннай культуры. Дарэчы, выходзіць з абранага вобразу музыканты, здаецца, і не зьбіраюцца.

Сам жа альбом, які з музычнага боку здаўся мне ці не найлепшым з усіх у дыскаграфіі “NRM”, пабудаваны на яркім кантрасьце паміж слоўнымі перабіўкамі і ўласна песьнямі. Што гэта — удалы мастацкі прыём, прынада для слухачоў, творчы мэтад — мы і паспрабуем высьветліць у гутарцы непасрэдна з музыкантамі групы — Лявонам Вольскім, які выканаў у альбоме ролю Лявона, і Алегам Дземідовічам, які выканаў ролю Алезіса. Дык як жа вы самі расцэньваеце альбом “Дом культуры”?”

(Алег Дземідовіч: ) “Альбом называецца не “Інстытут культуры”, а “Дом культуры”. Гэта значыць, што літаральна кожны, без уступных экзамэнаў, можа прыйсьці на наш канцэрт ці набыць кампакт-дыск. Лепш, канечне, прыйсьці на канцэрт пасьля праслухоўваньня кампакт-дыску. Гэта — апагей акультурваньня, можна так сказаць.

Глябальна і кардынальна гэта залежыць ад узроўню культуры. Перш за ўсё мы запрашаем малакультурных людзей ці зусім некультурных, каб яны неяк задумаліся над сваёй культурай”.

(Лявон Вольскі: ) “Што да творчага мэтаду, дык мы лічым, што гэты альбом — крок наперад, больш дарослы, больш сталы, хоць хуліганства лёгкае прысутнічае таксама. На гэты раз, у адрозьненьне ад папярэдняга альбому, у нас у перабіўках паміж песьнямі ёсьць, як вы заўважылі, храналёгія, гэта цэлая п’еса. Гэта даволі-такі небясьпечны ход, і, можа быць, шмат хто палічыць, што яно і не зусім атрымалася, бо на дваццатым праслухоўваньні чалавеку будзе ўжо цяжка слухаць п’есу.

Дзеля гэтага мы выпусьцілі яшчэ адзін наклад, танны — каштуе так, як звычайныя нашыя пірацкія дыскі, што ў нас паўсюль прадаюцца, а там прысутнічаюць толькі песьні і ўсё. Мы вырашылі акультурыць такія слаі грамадзтва, якія ня могуць пакуль што дазволіць сабе купіць дарагія дыскі, то бок самыя маргінальныя. Якія лаюцца, п’юць, плююцца і гэтак далей. Праслухаўшы гэты дыск, яны набудуць такую ступень акультуранасьці, што, хутчэй за ўсё, набудуць ужо даражэйшы дыск. Тады гэта ўжо будзе другая ступень акультурваньня”.

(Падбярэскі: ) “На прэсавай канфэрэнцыі вы казалі, што на заробленыя ад продажу альбому грошы зьбіраецеся будаваць Дамы культуры”.

(Дземідовіч: ) “Збудаваць Дом культуры — гэта супэрмэта, справа не аднаго году”.

(Вольскі: ) “На мой погляд, мы мусім будаваць проста новыя Дамы. Не адзін, а ўнівэрсальныя. Па-першае, гэта Дамы культуры Незалежнай Рэспублікі Мроя. Па-другое, павінен быць новы ўзор Дома культуры. Народ, прыходзячы туды, павінен далучацца да сусьветнай культуры, да культуры ва ўсіх кірунках чалавечай дзейнасьці — культуры піцьця, культуры кіраваньня аўтамабілем. Вось у Ёцавічах, напрыклад, будзе вельмі маленькі Дом культуры. Туды нават чалавек наўрад ці зойдзе”.

(Падбярэскі: ) “Такім чынам, свой уласны Дом культуры можа збудаваць чалавек у кожнай сваёй уласнай кватэры, так?”

(Вольскі: ) “О! Якую добрую ідэю вы нам падказалі! Зьміцер, вельмі добрая ідэя!”

(Дземідовіч: ) “І гэта толькі культурны чалавек можа збудаваць, як вы разумееце. А вось распаўсюдам культуры будзем займацца мы. А таксама фан-клюбаў, гэта таксама адзін зь відаў іх дзейнасьці”.

(Вольскі: ) “Гэта тое самае, што некалі называлася “Ўвайсьці ў кожны дом”.

(Падбярэскі: ) “Тады непасрэдна пра музыку. Ці ўсе песьні пісаліся спэцыяльна для гэтай праграмы?”

(Вольскі: ) “Усе пісаліся менавіта з нагоды стварэньня гэтай праграмы. Трэба пашыраць палітру папросту, мы заўсёды гэтым займаліся, такой эклектыкай у межах альтэрнатыўнага нейкага жанру”.

(Падбярэскі: ) “Яшчэ адно пытаньне маю менавіта пра культуру. А чаму альбом гэтак некультурна аформлены? Невядома, хто яго выдаваў, каму аўтарскія плаціць?”

(Вольскі: ) “Не, там напісана, што аўтарскія правы належаць “NRM”. А хто выдаваў? На калекцыйным выданьні нашым дарагім мы не пазначылі, таму што гэта рабілі непасрэдна мы. Сумны досьвед паказвае, што цяжка давяраць нашым маладым фірмам, якія ўзьнікаюць на нашай тэрыторыі, а потым праз паўгоду разыходзяцца ў розныя бакі, і незразумела, што далей робіцца з нашымі альбомамі, колькі выпушчана асобнікаў, хто там азалаціўся, дзе там што адбываецца з гэтым? Культура ж ад гэтага пакутуе, ня штосьці!”

(Падбярэскі: ) “Цяпер, калі вядома, што “Рок-каранацыі” ўсё ж ня будзе, ці ня думаеце вы, што выпускаць новыя альбомы наогул няма патрэбы? Бо дзеля чаго? Каму яны патрэбныя (гэта пытаньне па-за тактам!), у тым ліку і ваш “Дом культуры”?!”

(Дземідовіч: ) “Калі яе сапраўды ня будзе, то ад гэтага толькі глядач нешта згубіць. І, безумоўна, культура. Таму што самі музыкі ўсё роўна будуць пісаць альбомы, будуць даваць канцэрты”.

(Вольскі: ) “Вельмі шкада насамрэч, што не адбудзецца гэты штогадовы фэстываль, таму што гэта — адзіная рок-акцыя, якая прайшла праз шмат гадоў, таму што ўсё астатняе памерла, адна “Каранацыя” неяк існавала ў атачэньні плётак, скандалаў і гэтак далей, але ж існавала! Гэта быў нейкі беларускі аналяг прэміі “Грэмі”, і можна было што хочаш пра гэта казаць, і ня ўдзельнічаць, але ўсё ж акцыя жыла. Яна, безумоўна, патрэбная. Трэба, каб болей усяго існавала”.

(Падбярэскі: ) “Мы пачалі гутарку з такіх жартачак, аднак паступова выйшлі на такія сур’ёзныя разважаньні. Канечне, жарты — жартамі, аднак у вашым апошнім альбоме ёсьць надзвычай сур’ёзныя песьн, якія, па-мойму, найперш зьвяртаюць на сябе ўвагу — “Вайна”, “Маё пакаленьне”, “Беларускія дарогі”. А якія песьні ўсё ж лягчэй пішуцца?”

(Вольскі: ) “Усё залежыць ад настрою, ад сытуацыі. Як складаецца, нічога лягчэй, нічога цяжэй ня пішацца. Усё робіцца, хутчэй за ўсё, пад уплывам натхненьня, як ні банальна гэта гучыць. Канцэпцыю мы прыдумляем потым, хутчэй за ўсё інтуітыўна, і чагосьці падобнага сапраўды да высокага натхненьня, не пабаюся гэтых словаў. Таму няма такіх сур’ёзных цяжкасьцяў пры стварэньні песень: яны альбо ствараюцца, альбо не ствараюцца проста”.

(Падбярэскі: ) “Я так думаю, што пэўныя сродкі ад продажу кампакт-дыскаў пачалі ўсё ж паступаць на спэцыяльна адкрыты рахунак. А што далей?”

(Вольскі: ) “Як “што далей”?! Тое, што мы і меркавалі. Усё на культуру пойдзе. І на пэнсійны фонд удзельнікаў калектыву, якія ўжо далёка ня першай маладосьці”.

(Дземідовіч: ) “Культура — вечная, пэнсія — не за гарамі. І, канечне, калі мы выйдзем на пэнсію, мы будзем працаваць у гэтым прыўкрасьнейшым Доме культуры”.

(Падбярэскі: ) “Калі падсумоўваць усё, што мы тут казалі, шанцы на выратаваньне айчыннай культуры яшчэ ня страчаныя”.

(Дземідовіч: ) “Вядома, трэба працаваць у гэтым кірунку. Бо калі гэта пусьціць на самацёк, шанцаў будзе мала. Вынікі мы падвядзем праз год. Мы лічым, што недзе на 10 адсоткаў павінен павысіцца ўзровень культуры ў насельніцтва. Гэта як мінімум! Гэта нашыя прагнозы”.

(Вольскі: ) “І восем дзясятых, я спадзяюся. Шмат хто думае так: ну добра, будзем гэтым неяк фармальна займацца, усё роўна ж нічога не атрымаецца! Мы так ня думаем”.

(Дземідовіч: ) “Усё-такі ўзровень культуры будзе няхай пакрыху, але таксама паляпшацца. Таму што слова такое — няпростае”.

(Падбярэскі: ) “Дзякуй вам вялікі за размову. Я яшчэ раз нагадаю, што ў студыі былі Лявон Вольскі і Алег Дземідовіч, удзельнікі акцыі па ўздыму айчыннай культуры наогул і будучыя праектанты будучага самага вялікага Дома культуры, які будзе называцца, спадзяюся, Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG