Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ КАМУНАЛЬНІКІ ПАЧАЛІ АДКЛЮЧАЮЦЬ СЬВЯТЛО І ВАДУ Ў КВАТЭРАХ НЕПЛАЦЕЛЬШЧЫКАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Найбольшая колькасьць даўжнікоў у камунальных службаў Заводзкага раёну Менску: калі ўсяго па гораду такіх 72 тысячы, дык толькі тут іх чвэрць. Камунальнікі тумачаць гэта тым, што ў Заводзкім раёне жывуць у асноўным рабочыя прамысловых прадпрыемстваў. Затрымкі заробкаў на заводах аўтаматычна цягнуць за сабой нявыплаты і за камунальныя паслугі.

Аднак ЖЭСы не дапускаюць ніякіх выключэньняў: летась ад сьвятла й вады тут былі адключаныя больш як пяць тысяч кватэраў. Гаворыць намесьнік дырэктара камунальнай службы Заводзкага раёну Юры Гур:

(Гур: ) “Заводзі раён – самі ведаеце: заробкі на прадпрыемствах ці затрымліваюць, ці ўвогуле не выплочваюць. Месяцамі сядзяць без электрычнасьці й без вады. Але ж яны ня плоцяць за камунальныя паслугі, то чаму мы павінныя іх рэпрэзэнтаваць?”

Цягам месяца безь сьвятла застаецца сям’я Астрэйкаў з вуліцы Ўбарэвіча. Гаспадыня перадпэнсійнага веку і доўга не магла ўладкавацца, страціўшы працу на Менскім аўтазаводе. Гаспадар хварэў, а калі памёр, то хаваць яго давялося безь сьвятла. Прычым трохмесячная запазычанасьць здарылася ўпершыню, — гаворыць Аляксандр Астрэйка-малодшы:

(Астрэйка: ) “Ну, як чалавек можа жыць без сьвятла альбо той жа вады? Але каму гэта патлумачыш? Так і жывём, а што рабіць?”

Адключаць сьвятло й ваду сталічныя ЖЭСы распачалі яшчэ некалькі гадоў таму. Але калі раней гэткім чынам спаганялі грошы зь неўладкаваных сем’яў, то цяпер і з добрасумленных грамадзянаў, якія самі пакутуюць ад недахопу грошай. З кожным годам іх становіцца ўсё больш, але асабліва вялікую колькасьць неплацельшчыкаў камунальнікі прагназуюць пасьля лютаўскага падвышэньня тарыфаў.

Гаворыць галоўная бухгальтарка камунальнай службы Заводзкага раёну Тамара Лапо:

(Лапо: ) “У асноўным з-за фінансавага становішча не аплочваюць. А паколькі ў студзені было падвышэньне тарыфаў, то яшчэ больш будзе неплацельшчыкаў”.

Тым ня менш, камунальнікі шкадуюць, што яшчэ ня маюць тэхнічнай магчымасьці адключаць у неплацельшчыкаў газ, а таксама юрыдычных падставаў высяляць жыхароў зь іх уласных кватэраў прымусова.
XS
SM
MD
LG