Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІК ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ “КОЛА СЯБРОЎ” БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Дортмунд

Арганізатарам канфэрэнцыі – а гэта Інтстытут міжнароднай журналістыкі ў Дортмундзе – удалося сабраць людзей, якія, бадай, больш як хто іншы у Эўропе дасьведчаныя ў беларускіх справах. Гэта найперш былы кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік; Іван Каеджыкаў, прадстаўнік дырэктарату палітычных справаў Рады Эўропы; прафэсар Дэйвід Маплс з унівэрсытэту Альбэрта ў Канадзе, аўтар чатырох кніг пра Беларусь і кансультант урадаў ЗША і Канады, доктар Астрыд Зам з Мангейскага ўнівэрсітэту. А асноўным “маторам” і практычным арганізатарам канфэрэнцыі выступіў Алег Манаеў – кіраўнік Незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьследаваньняў, які гэтыя месяцы працуе ў Інстытуце журналістыкі запрошаным прафэсарам. Мэта гэтай, я б сказаў, “мазгавой атакі” – ня толькі прааналізаваць сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі, аднак і выпрацаваць пэўную стратэгію і прапанаваць яе заходнім палітыкам ды зацікаўленым структурам.

Галоўнае ўражаньне, якое я вынес з гэтай канфэрэнцыі – гэта тое, што эўрапейцы, на чале найперш з прадстаўнікамі Нямеччыны, пачынаюць больш сур’ёзна і адказна падыходзіць да беларускіх праблемаў. Эўразьвяз неўзабаве – пасьля прыняцьця ў яго Польшчы, а потым Літвы і Латвіі – пачне межаваць зь Беларусьсю, і гэта прымушае шукаць адказы на пытаньні, якія спараджаюцца гэтым суседзтвам. Падчас канфэрэнцыі непрымальнай называлася тая сытуацыя, калі ўвага, напрыклад, амэрыканцаў да грамадзянскай супольнасьці і дапамога амэрыканцаў грамадзянскай супольнасьці Беларусі дасюль была значна большая, чым увага эўрапейцаў. Мяне вельмі моцна ўразіла тая рашучасьць, зь якой сп. Вік адстойваў беларускія інтарэсы і на гэтай канфэрэнцыі, і ўвогуле апошнімі месяцамі падчас сваёй працы. Ён заклікаў нямецкіх журналістаў да шырэйшага і глыбейшага асьвятленьня падзеяў у Беларусі. Ужо сама назва ягонага дакладу на канфэрэнцыі гучыць даволі красамоўна: “Чаму Беларусь мае значэньне”. Вік прапанаваў заснаваць стратэгічную ініцыятыву пад назвай “Кола сяброў” – праект сыстэматычнай дапамогі беларускаму трэцяму сэктару. Трэба адзначыць, што сп. Вік даволі скептычна ацэньвае ролю Расеі ў разьвіцьці беларускай сытуацыі. Ён лічыць, што Масква не зацікаўленая ў перамозе ў Беларусі дэмакратычных сілаў і можа праводзіць свае інтарэсы праз простую зьмену Лукашэнкі на больш прымальнага прадстаўніка беларускай намэнклятуры.

Сярод ідэяў і прапановаў, якія прагучалі на канфэрэнцыі, я бы вылучыў ідэю стварэньня своеасаблівага клюбу для тых заходніх журналістаў, што пішуць пра Беларусь. Яны маглі б у рамках гэтага клюбу абменьвацца інфармацыяй, дзяліцца сваімі ўражаньнямі і, магчыма, памылкамі, каб не паўтараць іх. Іншая ідэя – стварэньне міжнароднага інтэрнэт-сайту, на якім бы зьбіралася ўся інфармацыя, усе навіны і зьвесткі, зьвязаныя зь Беларусьсю, адкуль бы любы заходні сродак масавай інфармацыі мог браць інфармацыю. Абмяркоўвалася таксама магчымасьць стварэньня своеасаблівага ўсходнеэўрапейскага агенцтва, якое б пастачала інфармацыю з Украіны, Беларусі і Малдовы ў замежныя СМІ.

Такім чынам, сярод эліты заходніх краінаў стаўленьне да Беларусі мяняецца ў бок больш глыбокай і канцэнтраванай увагі. Немалую ролю тут адыгралі лічбы сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх каля 60% беларусаў сёньня выступаюць за ўступленьне краіны ў Эўразьвяз. Вядучыя эўрапейскія аналітыкі і журналісты, па-мойму, ужо разумеюць, што беларусы – гэта народ, які варта не адштурхоўваць, нягледзячы на сёньняшні рэжым, а дапамагчы яму ўвайсьці ў эўрапейскую супольнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG