Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖАНЧЫН ЗАКЛІКАЮЦЬ ВЫЙСЬЦІ НА МЕНСКІЯ ВУЛІЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

На прэсавай канфэрэнцыі Людміла Гразнова, Зінаіда Бандарэнка, Ірына Красоўская, Таццяна Логінава і Ірына Тоўсьцік заклікалі жанчын выйсьці 12 сакавіка на менскія вуліцы з парожнімі рондлямі. Акцыя мусіць адбыцца пад сацыяльнымі лёзунгамі, супраць зьбядненьня народу.

Студэнтка Ірына Тоўсьцік заклікала моладзь выйсьці пратэставаць супраць нізкіх стыпэндыяў і цяжкіх умоваў жыцьця ў студэнцкіх інтэрнатах. Зінаіда Бандарэнка будзе браць актыўны ўдзел у маршы і заклікае ўсіх грамадзянаў да яе далучыцца:

(Бандарэнка: ) “Калі каму-небудзь дрэнна, то людзі ідуць і дапамагаюць. Якуб Колас пісаў: “Я запрашаю сьвядомых беларусаў, лепшых сыноў народу да нашай талакі”. Шаноўныя спадары беларусы, да талакі! Ніхто нашае жыцьцё не палепшыць. Толькі мы самі”.

Жанчыны паведамілі, што не баяцца ў выпадку разгону акцыі апынуцца за кратамі. БНФ, “Народная грамада”, ЛДПБ і БПС акцыю не падтрымліваюць і лічаць правядзеньне яе 12 сакавіка нямэтазгодным. Намесьнік лідэра Маладога Фронту Аляксей Шэін паведаміў Радыё Свабода:

(Шэін: ) “Мы не выступаем супраць самой акцыі, аднак мы ня ўдзельнічаем. Увогуле, напярэдадні правядзеньня масавых акцыяў правядзеньне акцыі напярэдадні 25 сакавіка, Дня Волі, папросту распыляе сілы апазыцыі, не дазваляе правесьці нармальна ні адну, ні другую ўлёткавую кампанію. Няма чаго драбіцца. Варта праводзіць нешта адно. Гэта наша перакананьне. Акцыя, якую трэба цяпер праводзіць, гэта акцыю ў абарону незалежнасьці”.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч патлумачыў сваю пазыцыю:

(Статкевіч: ) “Для нас падтрымаць акцыю — гэта ўзяць акцыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы і актыўна ўдзельнічаць у самой акцыі. Мы 12 сакавіка гэтага зрабіць ня можам, таму што гэта акурат за некалькі дзён да другога туру мясцовых выбараў, у якім, мы спадзяемся, будуць нашы кандыдаты. Другая прычына — напалову круглая дата Дня Волі. А ў гэтай акцыі мы, безумоўна, будзем браць удзел”.

Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што лібэрал-дэмакраты ўвогуле пра акцыю нічога ня ведаюць:

(Гайдукевіч: ) “Як так можна праводзіць акцыю? Трэба ж узгадніць зь іншымі палітычнымі партыямі... Я нічога ня ведаў. Сур’ёзна!”

Летась, 19 красавіка, напярэдадні Чарнобыльскага шляху падчас аналягічнай акцыі “Так жыць нельга” некалькі дзясяткаў чалавек былі жорстка зьбітыя амонаўцамі. Каля двух дзясяткаў чалавек былі арыштаваныя. Арганізатары тады правялі за кратамі ад 10 да 15 сутак.
XS
SM
MD
LG