Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЯ ВЕДАЮЦЬ СВАІХ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ, АЛЕ ГАЛАСАВАЦЬ ПОЙДУЦЬ


Ганна Соусь, Менск

Ніхто з апытаных мной мінакоў ня ведаў свайго кандыдата ў дэпутаты мясцовага савету. Людзі пакуль не заўважаюць і агітацыйнай актыўнасьці — улётак, сустрэчаў з выбарцамі ды иншых прыкметаў хуткіх выбараў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы кандыдата ў дэпутаты ў сваім раёне?”

(Спадар: ) “На жаль, не”.

(Другі спадар: ) “Ня ведаю, але ўдзельнічаць буду абавязкова. Спадзяюся, што мой голас неяк паўплывае на сытуацыю”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаем і ня хочам ведаць. Вы што, ня ведаеце, што ад іх няма карысьці?”

(Карэспандэнтка: ) “Ці заўважаеце вы нейкую агітацыйную дзейнасьць у вашым раёне?”

(Спадар: ) “Не, не заўважаем”.

(Другі спадар: ) “Не, ніякай кампаніі. Гэта ўсім даўно вядома, што будзе той дэпутат, якога паставяць, але ж ня той, якога мы хочам”.

(Карэспандэнтка) ”А якога вы хочаце дэпутата?”

(Другі спадар: ) “Я хачу ўсяго іншага ў гэтай краіне. Мне шкада, як гіне гэтая краіна”.

(Трэці спадар: ) “Ня ведаю кандыдата, шчыра кажучы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваеце ўвогуле, што зараз ідзе агітацыйная кампанія?”

(Трэці спадар: ) “На нашым інтэрнаце павесілі плякат, што 2 ці 3 сакавіка адбудуцца выбары. А больш ніякай агітацыі няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пойдзеце галасаваць?”

(Трэці спадар) ”Напэўна, не, таму што ня бачу агітацыі, ня бачу, за каго галасаваць. Хутчэй за ўсё, выбары будуць безальтэрнатыўныя, таму, напэўна, не пайду”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце свайго кандыдата ў дэпутаты?”

(Спадарыня: ) “Пакуль што ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пойдзеце вы галасаваць?”

(Спадарыня) ”Можа, калі ўбачу нешта вартае, дык пайду, а так пакуль няма пэрспэктываў”.

(Карэспандэнтка : ) “Што, на ваш погляд, залежыць ад дэпутата мясцовага савету?”

(Спадарыня: ) “Ад яго можа залежаць шмат. Ён можа вырашыць сацыяльныя, бытавыя праблемы, дробныя. Якія хвалююць кожнага чалавека. Але пры нашых умовах у яго невялікія паўнамоцтвы”.

(Другая спадарыня: ) “Мне тэлефанавалі дахаты, удакладнялі прозьвішча, але калі я запытала, хто ў нас кандыдат, мне сказалі: “Прыйдзеце на выбары, дык даведаецеся”. Праблемащ у нас шмат, асабліва ў жыльлёвай гаспадарцы. Але атрымліваецца, што дэпутаты шмат абяцаюць, але нічога ня робяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Зараз ідзе агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Кандыдаты павінныя распаўсюджваюць улёткі, зьвяртацца да выбарцаў. Ці адчуваеце вы, што гэты этап распачаўся?”

(Спадар: ) “На самой справе, ніяк не адчуваю”.

(Спадарыня: ) “У мясцовых газэтах толькі пішуць, хто будзе дэпутатам, і ўсё”.

(Спадар: ) “Я пайду галасаваць, але пакуль ня ведаю за каго. Але мне здаецца, што нічога не зьменіцца. Адны прыходзяць, другія сыходзяць, але ўсё застаецца як ёсьць”.

(Карэспандэнтка) ”А што, на ваш погляд, залежыць ад дэпутата мясцовага савету?”

(Спадар: ) “Напэўна, шмат. Усё нашае далейшае жыцьцё залежыць ад іх”.

(Спадарыня: ) “Нідзе няма ўлётак, прапаганды ніякай не вядзецца. Я зараз так расчараваная — і з пэнсіяй, і з жыцьцём. І мясцовыя дэпутаты нам ніколі не дапамагалі”.

Гэта былі меркаваньні людзей на менскіх вуліцах. Апытаньне выпадковых мінакоў засьведчыла, што людзі цікавяцца мясцовымі выбарамі й зьбіраюцца ісьці галасаваць, але пакуль ня ведаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG