Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКАЯ ВЫБАРЧАЯ КАМІСІЯ ЗАДАВОЛІЛА СКАРГУ ТОЛЬКІ АДНОГА ПАТЭНЦЫЙНАГА КАНДЫДАТА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, рабочы Крычаўскага заводу гумавых вырабаў Мікалай Федарэнка зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету. Ён стаў адзіным чалавекам, скаргу якога задаволіла абласная выбарчая камісія. У Магілёве палічылі неістотнай памылку Мікалая Федарэнкі, які не праставіў год у дэклярацыі аб даходах.

Другі вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Крычаве Сяргей Няроўны не зарэгістраваны. Патэнцыйны кандыдат паведаміў у дэклярацыі, што летась увогуле ня меў даходаў. Раённая выбарчая камісія не паверыла яго тлумачэньням пра ўласныя зьберажэньні, напрацаваныя раней.

Жыцьцё і грошы Сяргея Няроўнага выклікалі спрэчкі і ў абласной выбарчай камісіі, куды патэнцыйны кандыдат зьвярнуўся са скаргай. У выніку камсісія пастанавіла, што “заяўнік меў у 2002 годзе фактычны даход, які роўны, як мінімум, яго выдаткам”.

Сяргей Няроўны цяпер зьвяртаецца ў суд, каб абскардзіць гэтую, як ён лічыць, “юрыдычную недарэчнасьць”.

У Круглянскім раёне выбары дэпутата абласнога савету будуць безальтэрнатыўнымі. Патэнцыйнага суперніка адзінага кандыдата ад улады не зарэгістравалі. Цяпер сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пётар Сальнікаў мае намер прадаставіць у судзе дакладныя доказы правільнасьці сваёй дэклярацыі аб даходах.

У Касьцюковіцкім раёне адмовілі ў рэгістрацыі адзінаму кандыдату ад дэмакратычнай апазыцыі Мікалаю Малахаву, сябру Партыі БНФ “Адраджэньне”. У раённай выбарчай камісіі яму нават не патлумачылі прычыны, і толькі ў абласной камісіі ўдалося даведацца, што нібыта паступілі зьвесткі аб адкліканьні подпісаў, якія былі пастаўленыя за вылучэньне дэмакрата.

Мікалай Малахаў упэўнены, што людзей маглі запужаць і прымусіць адмовіцца ад сваіх подпісаў. Касцюковіцкі апазыцыянэр вырашыў у судзе высьветліць, як гэта адбывалася насамрэч.
XS
SM
MD
LG