Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІДЭЮ АСОБНАГА ЗБОРУ СЬМЕЦЬЦЯ БЕЛАРУСЫ ЎСПРЫМАЮЦЬ З ПЭСЫМІЗМАМ


Ігар Карней, Менск

У разьліках за камунальныя паслугі аплата за вываз сьмецьця пакуль самая cьціплая — 150 рублёў на кожнага члена сям’і. На тле агульных рахункаў, прыкладам, за трохпакаёвую кватэру, утрыманьне якой у эквіваленце зараз абыходзіцца амаль 50 даляраў, быццам дробязь. Але самі камунальшчыкі не хаваюць, што менавіта з дробязяў складаюцца звышкошты. Вось што распавёў намесьнік кіраўніка менскага абласнога аб’яднаньня “Жылкамунгас” Мікалай Мельянец:

(Мельянец: ) “Калі гэтую, на першы погляд, драбязу людзі падсумоўваюць, дык урэшце стогнуць. Вываз сьмецьця — адзіная паслуга, якая вылічваецца стоадсоткава ад сабекошту. Усё астатняе датуецца. Грошы пакуль невялікія; але трэба ўлічваць, што зьбіраецца “аброк” са многіх людзей, таму быццам сума не адчувальная. Мы, натуральна, можам папрасіць, каб “Свабода” кінула заклік: маўляў, трэба браць з чалавека па 5000 рублёў... Але назаўтра ж усе выкажуцца, хто мы і якія. Дый жонка падхопіць: напрасіўся, дык давай, вынось сьмецьце куды хочаш, а я плаціць ня буду”.

Разам з павелічэньнем колькасьці патэнцыйных забруджвальнікаў асяродзьдзя і падвышэньнем коштаў на паліва (а штодня толькі сталічныя сьмецьцявозы расходуюць каля паўтысячы тонаў саляркі), кошт за “вываз таварна-бытавых адкідаў” у канчатковых разьліках будзе расьці. Гэта разумеюць усе. Зараз камунальшчыкі спрабуюць наладзіць экспэрымэнт, які можа прыносіць пэўныя дывідэнды. Маецца на ўвазе эўрапейская практыка падзелу бытавых адкідаў з намерам потым нейкую частку другаснай сыравіны, макулятуры і чорных мэталаў рэалізаваць нарыхтоўчым канторам.

Першымі да экспэрымэнту падключылі жыхароў Нясьвіжу. Але вялікага плёну ідэя не прынесла: як сьцьвярджаюць ініцыятары акцыі, беларусы да “культурнай” рэвалюцыі ў гэтай галіне ставяцца з пэсымізмам. Вось меркаваньне Мікалая Мельянца:

(Мельянец: ) “Наладжаны адбор шклотары, мэталу, тэкстылю і паперы. Ёсьць некалькі стацыянарных кропак з кантэйнэрамі. Трохі зьбіраем, але вельмі слаба. Народ наш як прывык? Напісана на кантэйнэры “шкло”, а ён туды вядро памыяў вылье. Яму ж да лямпы, што напісана, хоць мы і заключаем папярэднія дамовы. Штосьці падобнае плянуем зрабіць у Пухавічах, у Клецку. З грашыма цяжкавата, таму можа ня сёлета, а праз пару гадоў”.

Між тым, нават у самым чыстым горадзе ледзьве “ня ўсёй Эўропы”, як яго даўно ахрысьцілі сталічныя чыноўнікі, маюцца свае, так бы мовіць, “гарлемы”. Прыватны сэктар у раёне Камсамольскага возера — адна з выспаў, куды даўно не ступалі ногі “бацькоў гораду”. Таму адна з жыхарак не хавае свайго стаўленьня да дзяржаўных службаў, якія ўпарта ігнаруюць ейныя звароты.

(Сьвятлана: ) “Дзяржаву зусім не хвалюе, што мы жывем на памыйцы, ужо трэцяе пакаленьне. Побач з маім домам — пусты барак. Ніхто ў ім не жыве, але яго ня зносяць. Вакол бараку стварылі звалку. У мяне ад гэтага сьмецьця хутка плот паваліцца: падперла як магла, колам. Але справа ў тым, што адсюль хутка чума пойдзе. Я пяць гадоў зьвяртаюся ў санстанцыю, у міліцыю; там мяне ўпарта “пасылаюць”. Таму я раблю толькі адну выснову: прыбіраць сьметнік ніхто не зьбіраецца. Я не хаваю абурэньня: гэта калі пойдзе халера ці якаясьці эпідэмія, колькі дзяржава на гэтым згубіць?”

У гарвыканкаме ў сваю чаргу кажуць, што адсачыць сытуацыю ў кожным двары ня могуць. І дадаюць: Менск застаецца адносна чыстым не таму, што так добра пастаўленая праца адпаведных службаў, а дзякуючы таму, што ўсё робіцца па інэрцыі, пачынаючы яшчэ з савецкага часу. Але з кожным годам спадзявацца на аўтаматызам дзеяньняў усё цяжэй.

Пэўную зайздрасьць сталічныя кіраўнікі доўгі час мелі да досьведу Ліды, дзе прыватная фірма паставіла працу зь перапрацоўкай сьмецьця ня горш за заходнія аналягі. Але нядаўна фірма збанкрутавала. Справа развалілася, бо гэта суцэльныя страты — канстатуе адмысловец у галіне перапрацоўкі сьмецьця Мікалай Мельянец.

(Мельянец: ) “Штосьці падобнае народу прывіваецца калі не стагодзьдзямі, то цягам дзесяціцгодзьдзяў. Ну, скажам мы: сюды пакладзі плястык, сюды шкло, а сюды анучы і паперу. І ўсё гэта асобна вынясі на вуліцу. А што маем насамрэч? У сьмецьцеправод ськінуў — і “паляцела”. Няўжо прымусіш жонку дома ўсё раскладваць па асобных ёмістасьцях? Толькі і адкажа: пайшоў ты падалей! У 12-тысячным Нясьвіжы асобным зборам ахоплена 50% насельнікаў. Але колькі там паперы? Газэтаў ніхто ўжо не выпісвае. Альбо колькі анучаў? Возьме, ды сам недзе выкарыстае. А анучу трэба памыць, каб здаць у нарыхтоўчую кантору, бутэльку таксама. Бітае шкло не здасі, хоць выйшла адпаведная пастанова ўраду і рыхтуецца новая з тым, каб разьвіваць шклопрамысловасьць. Можа штосьці зь месца калі і зрушыцца?”

Днямі сталі набыткам галоснасьці вынікі комплекснай праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Выснова зробленая адна: нягледзячы на рост даходаў ад падвышэнняў амаль у тры разы тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, страты прадпрыемстваў галіны склалі за мінулы год 50 мільярдаў рублёў, а з улікам папярэдняга пэрыяду — 72 мільярды, што роўна 30 мільёнам даляраў.

У выніку Мінжылкамгасу даручана да 1 траўня распрацаваць Канцэпцыю разьвіцьця жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на пэрыяд да 2015 году. Але нават дылетанту зразумела, якім чынам сытуацыю можна хоць крыху выправіць: выключна новым вітком коштаў за камунальныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG