Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ БАНАНЫ ЯДУЦЬ БЕЛАРУСЫ?


Ганна Соусь, Менск

Крыху менш за 1 даляр каштуе кіляграм бананаў у Беларусі. На Камароўскім рынку ў Менску амаль на кожным латку ляжаць жоўтыя гронкі бананаў коштам ад 1500 да 1700 рублёў. Тут жа побач — бананы карычневага колеру за 500 рублёў, як тлумачыць мне гандлярка, для пэнсіянэраў.

(Гандлярка: ) “Якія больш заможныя, бяруць гэтыя бананы, а бедныя старухі бяруць такія”.

(Пэнсіянэрка: ) “Грошай няма, а трэба нешта купіць”.

(Гандлярка: ) “Вось глядзіце, усярэдзіне нармальны банан, толькі звонку згубіў свой выгляд. Можаце паспрабаваць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Дайце мне гэтых…”

(Карэспандэнтка: ) “Як часта набываеце бананы?”

(Пэнсіянэрка: ) “Ня часта, няма грошай. Купляю якія таньней чорненькія”.

(Спадарыня: ) “Любім бананы, увесь час набываем. У мяне малы вельмі любіць іх”.

(Другая спадарыня: ) “Даступныя кошты”.

Сапраўды, з садавіны на Камароўскім рынку таньнейшыя за бананы толькі малдаўсікя яблыкі ды некаторыя гатункі апэльсынаў.

Беларусы спажываюць у асноўным бананы з Эквадору. Вязуць іх адтуль на караблі, які па дарозе спыняецца ва ўсіх эўрапейскіх партах. Перадапошні прыпынак — Клайпэдзкі порт, адкуль бананы тэрмінова празь Літву вязуць у Беларусь. Дарэчы, калі летась беларускія ўлады ўвялі прымусовую сыстэму канвою для літоўскіх перавозчыкаў, гэта нэгатыўна адбілася на бананавым бізнэсе — фірмы, якія пастаўляюць у Беларусь бананы, мелі вялікія страты.

Фірма “Ксамакс” — адная з найбуйнейшых у Беларусі кампаніяў, якая пастаўляе садавіну, у тым ліку й бананы ва ўсе крамы й рынкі краіны. Прадстаўнік “Ксамаксу” Валеры Дэйкун прызнаецца, што на бананах вялікіх грошай не заробіш, бо тавар хутка сапсуецца і патрабуе адмысловых умоваў захоўваньня.

(Дэйкун: ) “Рызыкоўны бізнэс. Бананамі займацца вельмі складана, асабліва вялікімі пастаўкамі. Зялёны банан можа захоўвацца ад 60 дзён ад таго, як яго сарвалі з дрэва і ўпакавалі ў скрыню. Жоўты банан захоўваецца 2, максымум 5 дзён. І самае складанае — гэта разьлічыць патрэбную колькасьць на патрэбны час. Банан у пэўным сэнсе стратны, таму што гэта адзін з самых танных і папулярных харчоў. На банане не зарабляюць, а маюць яго дзеля асартымэнту, толькі таму, што калі набываюць гронку бананаў, то абавязкова возьмуць і нешта яшчэ — крыху мандарынаў ці апэльсынаў. Я ня ведаю фірмаў, якія б зараблялі на бананах”.

Паводле Валерыя Дэйкуна бананы, якія прадаюцца ў Беларусі, адрозьніваюцца ад тых, што спажываюць у краінах Цэнтральнай Эўропы. Гатункі фактычна тыя ж самыя, розьніца толькі ў якасьці ўпакоўкі, а адпаведна й у закупачным кошце.

Узімку звычайна продаж бананаў у Беларусі скарачаецца. Валеры Дэйкун прыводзіць наступны прыклад. Учора ў фірме “Ксамакс” ўзялі на рэалізацыю 77 скрыняў з бананамі, гэта значыць толькі паўтары тоны бананаў, а гэта вельмі мала для Менску. Калі былі марозныя дні, фактычна ўвесь тавар быў сапсаваны. Гнілыя бананы ў Беларусі неяк не ўтылізуюцца, яны проста ідуць на сьметнік.

Як кантралюецца якасьць бананаў, якія прывозяць у Беларусь? Пра гэтае Радыё Свабода распавяла загадчыца аддзелу гігіены харчаваньня Менскай санітарна-эпідэмічнай службы Марына Байбус:

(Байбус: ) “Мы дасьледуем на наяўнасьць нітратаў і пэстыцыдаў. Нестандартных пробаў не было. Гэтаксама праводзіцца радыёлягічнае дасьледаваньне, і тут таксама не было зафіксаванае перавышэньня. Калі й бывае атручваньне ад гародніны й садавіны, то, гэта, як правіла, зьвязана зь нямытымі яблыкамі, вінаградам. З банану ўсё роўна здымаюць лупіну. Заразіцца нечым незвычайным праз бананы нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG