Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТАЎ ПАЗБАЎЛЯЮЦЬ КАНДЫДАЦТВА Ў ДЭПУТАТЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Гомельская гарадзкая выбарчая камісія ўжо пасьля апублікаваньня ў друку афіцыйнага сьпісу прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты скасавала рэгістрацыю старшыні арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяны Марчанкі.

Як паведаміў кіраўнік камісіі, намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Вусаў, прадпрымальніца ўключыла ў дэклярацыю даходаў адну суму, а падатковая інспэкцыя ў афіцыйнай даведцы падала іншую, значна большую. Спадар Вусаў заявіў, што ён не разьбіраўся з дэталямі, што напісалі прадпрымальніца і інспэкцыя — суму ад рэалізацыі тавараў ці даход. Лічбы ў дэклярацыі і даведцы інспэкцыі розныя, значыць, чалавек ня можа заставацца кандыдатам у дэпутаты.

Праўдападобна, такім чынам дзейнічала і акруговая выбарчая камісія, якая выключыла спадарыню Марчанку і з кандыдатаў у дэпутаты абласнога савету ў 14-й акрузе.

Я пацікавіўся ў Тацяны Марчанкі, ці не зьвязанае яе выключэньне з кандыдатаў у дэпутаты двух саветаў з грамадзкай дзейнасьцю, адстойваньнем інтарэсаў прадпрымальнікаў на ўсіх узроўнях?

(Марчанка: ) “Я думаю, што гэта, канечне, зьвязана. Ёсьць, на мой погляд, і яшчэ адна прычына. У акрузе, дзе я вылучалася ў гарсавет, ажно пяцёра кандыдатаў. І паколькі ёсьць указаньне выбары правесьці ў адзін тур, бо на другі няма грошай, то камісіі будуць імкнуцца нас крыху вычысьціць. Я адна з тых, каго вырашылі прыбраць”.

Сваё кандыдацтва яна думае абараніць у абласной камісіі і судзе. Дарэчы, абласная камісія разгледзела ўжо пяць скаргаў на адмову ў рэгістрацыі. Ніводная зь іх не задаволеная.

Найбольшыя страты падчас рэгістрацыі панесьлі прадстаўнікі партыяў — амаль паўсотні чалавек, альбо 17% ад агульнай колькасьці. У той жа час вылучэнцаў ад працоўных калектываў не зарэгістравана толькі 14, што складае ўсяго паўадсотка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG