Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АДМОВІЎСЯ ПРЫНЯЦЬ ДЭЛЕГАЦЫЮ ПА АБСЭ


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі ПА АБСЭ, якія штогоду прыяжджаюць у Беларусь дзеля маніторынгу сытуацыі, гэтым разам хацелі сустрэцца і з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта паведаміла кіраўніца дэлегацыі, дэпутат Бундэстагу Ута Цапф:

(Цапф: ) “Так, я папрасіла сустрэчы з А.Лукашэнкам, але нам адмовілі. Беларускі амбасадар у Нямеччыне прыехаў да мяне і спытаўся, чаму я хачу размаўляць са спадаром Лукашэнкам і што я маю яму прапанаваць. І я адказала, што не зьбіраюся і ня ў стане нешта прапанаваць: ні месца беларускаму парлямэнту ў асамблеі, ні зьняцьцё візавых абмежаваньняў. Я хацела пагаварыць зь ім, каб давесьці маю думку пра тое, што няправільна робіцца ў Беларусі. Але нас не прынялі. І я сёньня даведалася, што Лукашэнка злуе на мяне”.

Ута Цапф магла б паведаміць А.Лукашэнку шмат істотнага. Вось што яна заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, гаворачы пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі:

(Цапф: ) “Умовы тут не палепшыліся, наадварот, нават пагоршыліся за час пасьля нашага апошняга візыту сюды ў траўні 2002 году. Не было ніякага прагрэсу ў расьсьледаваньні справаў зьніклых, больш таго, само сьледзтва было спыненае. Турбуе нас таксама тое, што адбываецца зь беларускімі прафсаюзамі, якія цяпер адзяржаўленыя ў большай ці меншай ступені, і не зьяўляюцца больш самастойным фактарам грамадзянскай супольнасьці. Іх лідэры скінутыя і замененыя на людзей, блізкіх да ўраду”.

Акрамя таго, Ута Цапф зазначыла, што кампанія мясцовых выбараў пачалася без дэмакратызацыі Выбарчага кодэксу ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ, прадстаўнікі апазыцыі не атрымалі адэкватнага прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях, што многім апазыцыянэрам было адмоўлена ў рэгістрацыі па другасных прычынах. Занепакоеныя парлямэнтары з АБСЭ станам здароўя навукоўца Ю.Бандажэўскага, палітычнымі рэпрэсіямі супраць сям’і Чыгіроў, ціскам на недзяржаўныя мэдыі. Адзіны станоўчы факт, які быў адзначаны, — урэгуляваньне канфлікту вакол місіі АБСЭ ў Менску.

Аднак гэтага замала, каб гаварыць пра выкананьне патрабаваньня беларускіх уладаў пра месца Нацыянальнага сходу ў ПА АБСЭ на наступнай сэсіі 20 лютага. Сябры групы Уты Цапф павінны падрыхтаваць свае рэкамэндацыі, але якім будзе рашэньне, яны не гатовыя прадказаць. Сябар дэлегацыі дэпутат зь Вялікабрытаніі лорд Понсанбі зьвязвае гэтае рашэньне са стварэньнем прымальных умоваў для працы новага офісу АБСЭ:

(Понсанбі: ) “Маё разуменьне такое: вельмі шкада, што сэсія Парлямэнцкай Асамблеі адбудзецца так хутка. Таму што вельмі важна, каб мы ўбачылі ня толькі факт зьяўленьня новага офісу АБСЭ ў Менску, але і ягоную практычную дзейнасьць. Таму я думаю, што гэта будзе вельмі складанае рашэньне для Сталага камітэту асамблеі, бо яшчэ ня будзе пацьверджаньня, што офіс працуе здавальняюча”.

Ад таго, як распачне працу офіс АБСЭ, залежыць і магчымасьць адмены візавых санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва з боку краінаў Эўразьвязу. Спадарыня Цапф зазначыла, што першыя ацэнкі наконт працы місіі АБСЭ зьявяцца толькі ў сакавіку. Ута Цапф упэўненая, што ў місіі АБСЭ ў Менску не адбылося звужэньня мандату, ён наадварот пашырыўся за кошт праблемаў эканомікі й экалёгіі. І спадарыня Цапф выступае супраць намеру беларускіх уладаў разглядаць канкрэтныя праграмы офісу АБСЭ дзеля іх ухваленьня.
XS
SM
MD
LG